Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гандлявалі беларусы – частка другая


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч

(Ракіцкі: ) "Беларусь знаходзіцца ў сярэдзіне Эўропы, і таму спрадвеку са Скандынавіі ў Бізантыю, з Заходняй Эўропы ў Масковію празь Беларусь і дзеля беларусаў адбываўся рух разнастайных тавараў. Мяняліся дзяржавы і кірункі гандлю, мяняўся тавар, але нязьменным заставалася адно: гандаль – гэта ня толькі перамяшчэньне тавару, але й людзі, якія тавар гэты перамяшчалі. Што мяняецца, а што застаецца нязьменным у прадстаўнікоў гэтай адвечнай для Беларусі прафэсіі?"

(Здановіч: ) "Ёсьць нязьменныя да сёньняшняга часу ўмовы ідэальнага гандлю. Кожная дзяржава імкнецца, каб суседнія дзяржавы гандлявалі не мінуючы яе, а празь яе пасярэдніцтва. Яшчэ ў пагадненьні Полацка з Рыгаю 1405 году палачанамі высоўваюцца наступныя умовы: "... паміж купцамі наўгародзкімі й нямецкімі палачанам быць, як і паміж немцамі й маскавітамі". Значыць – на тэрыторыі Беларусі гандляваць толькі праз сваіх купцоў. На асабліва выгодныя тавары горад дамагаецца "права на склад" (не дазваляць гандляваць гэтым дэфіцытным таварам у розьніцу замежным купцам)".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем – археоляг Ніна Здановіч. Гандляры.... Прафэсія, як мы ведаем сёньня і складаная, і нават небясьпечная. Зь якімі цяжкасьцямі сустракаліся гандляры ў сярэднявечнай беларускай дзяржаве?"

(Здановіч: ) "Найперш – гэта напады на гандляроў у дарозе. Можаце меркаваць пра маштабы гэтага рабунку, калі магілёўскае купецтва ў 1698 годзе на паседжаньні свайго купецкага брацтва нават вымушаная была сваім купцам часова забараніць езьдзіць у Прусію і Маскоўскую дзяржаву: на гэтых землях на дарогах бясконцыя рабункі. І рабуюць ведаеце хто? Землеўладальнікі, якія зьяўляліся гаспадарамі тэрыторыі, празь якую праходзіць гандлёвы шлях, не гаворачы ўжо пра дробных злодзеяў, якія, відаць, на лясных дарогах цікавалі за гандлярамі, як і зараз".

(Ракіцкі: ) "Сапраўды, вельмі падобна на сучасную сытуацыю. А вось Вы сказалі – я на гэта зьвярну зараз увагу – што ў Магілёве існавала купецкае брацтва. Што, купцы аб'ядноўваліся ў таварыствы?"

(Здановіч: ) "Купецкія брацтвы былі па аналёгіі з цахамі рамесьнікаў. Яны заключалі як бы джэнтэльмэнскае пагадненьне, выпрацоўвалі правілы гандлю: чым гандляваць? па чым гандляваць? у чым важыць ці адмяраць? куды скіроўвацца? Гэта было неабходна дзеля таго, каб гандаль быў цывілізаваным".

(Ракіцкі: ) "Але ў заканадаўстве, ў інструкцыях цяжкавата часам уніфікаваць нейкія меры вагі ці даўжыні, а таму, напэўна ж, здараліся канфліктныя сытуацыі?"

(Здановіч: ) "Безумоўна, уніфікацыя давала збоі. Узгадайце: гэтак званы "лакцёвы" тавар на кірмашах Заходняй Беларусі, калі бабуля, перш чым купіць тканіну, бегала па базары і шукала вялікага дзядзьку, каб яго локаць быў даўгі, выгадваючы пры пакупцы дваццаць, а то і болей сантымэтраў.

А што тычыцца Сярэднявечча, то там было яшчэ больш складана, бо кожная дзяржава і нават розныя гарады мелі розныя меры вагі. І калі заключалася гандлёвае пагадненьне паміж гарадамі (прыкладам, паміж Полацкам і Рыгаю на працягу некалькіх стагодзьдзяў), то ў іх абавязкова абгаворвалася, у чыёй вазе і як вымяраць менавіта вагавы тавар. Прыкладам, адна з тыповых вытрымак пагадненьня:

"... а воскавы вес трымаць па старому закону, што ж наш беркавеск воскавы больш вашага беркавеску паўпудам рыжскага весу" (беркавеск – вага, роўная пяці камяням, якія (камяні) таксама былі рознымі). Параўнаем: вядомы аўстрыйскі камень – 11,2 кг вагою, камень прускі для лёгкага тавару – 5 кг, для цяжкога – 10 кг і г. д. Быў т. з. кракаўскі камень ("каронны"), які меў вагу амаль 14 кг. У мытнай кнізе напісана пра цынамон вагою ў два камяні. Колькі гэта? І за колькі вагі (на дадзены момант) плаціў грошы гандляр? Гэта істотна".

(Ракіцкі: ) "І, напэўна ж, нездарма пры наданьні гораду Менску Магдэбурскага права асобны артыкул быў прысьвечаны вагавым адзінкам пад час гандлю:

“Таксама маюць прадаваць сукна паставом, соль лаштам, перац, мікгдалы і іншыя зельлі простым каменем, шафран, мушкаты, кгалкган, цетвар... дарожным фунтам, сякеры, нажы і іншыя такія рэчы тахрам, фігі і разынкі кошам, віно... і піва нямецкае і іншае пітво чужое кадушкаю цэлаю...”

А якой была палітыка дзяржавы ў дачыненьні да купцоў, і ці можна гаварыць пра пратэкцыянізам у XVІ – XVIІ стст.?"

(Здановіч: ) "Можна гаварыць пра пратэкцыянізм у многіх кірунках. Першая ягоная прыкмета – наданьне гарадам "права складу", аб якім мы казалі вышэй. Другі накірунак пратэкцыянізму праглядаецца ў традыцыі даваць прывілеі ня толькі мяшчанам-гандлярам, але і магнатам, і рамесьнікам на выраб і гандаль якім-небудзь таварам. Прыкладам, Жыгімонт Аўгуст у 1551 годзе даў Марціну Палецкаму – віленскаму мешчаніну – права на будаўніцтва гуты ля Вільні. На якой умове? Марцін Палецкі павінен быў 400 шкляніц у год з гэтай гуты аддаваць каралю ў каралеўскую скарбніцу. Узамен кароль даваў яму права скупаць увесь той шкляны тавар, які прывозіўся з Польшчы ў Вільню.

Замежным купцам забаранялася ў горадзе гандляваць у розьніцу побач з мясцовымі гандлярамі. Замежны купец ня мог так проста прыехаць у горад, раскінуць сваю палатачку побач зь мясцовым купцом і прадаваць свой тавар. Ён павінен быў прыехаць на гандлёвы двор, уладкавацца там і абвясьціць пра свой тавар. І ўжо мясцовыя купцы вырашалі лёс гэтага гандляра і яго тавара".

(Ракіцкі: ) "Мы можам казаць, што існавала цэлае заканадаўства ў кіраваньні гандлем. Так?"

(Здановіч: ) "Безумоўна. Магчыма, не заўсёды ўдалае і жаданае спраўджвалася. Але давайце паглядзім на такі дакумэнт-наказ з Гарадзеншчыны, датаваны 1768 годам і прызначаны пасланцам на Варшаўскі сойм. Паслам наказвалася прапанаваць Рэчы Паспалітай прыняць такі карысны закон, які б значна павялічыў падатак на ўвоз прадметаў раскошы і, адпаведна, скасаваў мыта на сыравіну, што ўвозіцца на Беларусь на патрэбу мясцовых мануфактураў. Таму імкненьне агарадзіць свой рынак збыту мясцовых тавараў ад канкурэнцыі замежных і ёсьць пратэкцыянісцкая палітыка дзяржавы, якая выконвалася рознымі шляхамі".

(Ракіцкі: ) "Ціійснавалі спрэчкі паміж гандлярамі й дзяржавай адносна таго, што, перадусім, вывозіць – сыравіну ці гатовы тавар за межы Беларусі?"

(Здановіч: ) "У дадзеным выпадку можна сказаць, што спрэчкі існавалі паміж купцамі-гандлярамі й рамесьнікамі. Такіх спрэчак скрозь адзначаецца шмат на працягу XVІ – XVIІ стст. Прыкладам, магілёўскія купцы прывозілі з Рускай дзяржавы шмат пушнога тавару і скуры, але рамесьнікі не дазвалялі адразу гэтую сыравіну перапрадаць на Захад. Яны патрабавалі, каб купцы дазвалялі перапрацаваць альбо пашыць нешта з гэтай скуры, і ўжо ў якасьці гатовага тавару прадаваць гэтыя вырабы".

(Ракіцкі: ) "Ці можна сказаць пра экспарт тэхналёгіяў у даўнейшай гісторыі Беларусі?"

(Здановіч: ) "Мы можам паглядзець з гэтага гледзішча на дзейнасьць магнатаў. Усе ведаюць, што ў Беларусі ў сярэдзіне XVІІІ ст. узьнікае шмат мануфактураў. Амаль што ўсе першыя мануфактуры заснавала Ганна Радзівіл, якая мала таго, што абсталяваньне прывозіла з-за мяжы, але нават наймала майстроў, якія ведалі вытворчасьць. Але наймала пры ўмове, што майстры навучаць гэтай справе мясцовых людзей".

(Ракіцкі: ) "А цяпер хіба самае цікавае пытаньне: асоба гандляра.... Што гэта былі за людзі?"

(Здановіч: ) "З матэрыялаў мытняў мы ведаем, што, прыкладам, Нестар Пракаповіч, Васька Галадковіч, Зотка Міхайлавіч, Мацей Васілевіч і шмат-шмат іншых былі, адпаведна, мяшчанамі берасьцейскімі, пінскімі, слуцкімі, магілёўскімі і бабруйскімі. Гандляры, як і рамесьнікі ў XVІ – XVIІ стст. падпарадкоўваліся магістрату і ў гэтым сэнсе былі ўключаныя ў агульнае эканамічнае жыцьцё менавіта свайго гораду. Магістрат жа быў зацікаўлены ў станоўчым гандлёвым сальда (у прыбытку ня толькі ад тавару, які прывозіцца, але і ад тавару, які вывозіцца па-за межы Беларусі). Магістрат быў зацікаўлены ў тым, каб гандаль працаваў на карысьць разьвіцьця вытворчасьці, як у выпадку з магілёўскімі рамесьнікамі, якія перапрацоўвалі сыравінны тавар, што трапляў з розных канцоў сьвету ў Беларусь. Але ў ХVІІІ ст. сытуацыя мяняецца: гандаль ад мясцовых мяшчанаў паступова пераходзіць да мясцовых габрэяў, якія падпарадкоўваліся не магістрату, а кагалам. Габрэяў жа ў першую чаргу цікавіла грашовае пытаньне, а не пытаньне разьвіцьця мясцовай прамысловасьці".

(Ракіцкі: ) "А мо таму і ня склалася беларуская гандлёвая буржуазія ў ХІХ ст., у час, калі ў Эўропе сапраўды гандаль вызначаў усё? І галоўнай галіной нашага экспарту засталіся сыравіна ды прадукты харчаваньня."

(Здановіч: ) "Відаць, таму ў “простых” беларусаў у ХХ ст. распаўсюдзілася тыповае ўяўленьне пра тое, што мы людзі не гандлёвыя, таму і зараз гандаль для большасьці беларусаў – праца, а ня бізнэс".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG