Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБЭРГАРД ГАЙКЕН: “НЕ МАГУ САБЕ ЎЯВІЦЬ ПРАВАМОЦНАСЬЦІ ЛІКВІДАЦЫІ “ВЯСНЫ”


Ул. інф.

(Гайкен: ) “Хачу запэўніць, што АБСЭ на працягу некалькіх тыдняў рабіла спробы паўплываць на тое, каб гэтага (закрыцьця “Вясны”) не адбылося. Я вывучаў прэтэнзіі, якія ўлады выставілі “Вясьне”. Не магу сабе ўявіць правамоцнасьці ліквідацыі”.

Самі прадстаўнікі “Вясны” лічаць, што ў справе іхнай арганізацыі місія АБСЭ зрабіла ўсё, што магла ў адпаведнасьці са сваёй кампэтэнцыяй. Яе прадстаўнікі прысутнічалі на судовым працэсе, вялі актыўныя перамовы з афіцыйным Менскам адносна незаконнасьці закрыцьця “Вясны”.

Тым часам прадстаўнікі шэрагу іншых апазыцыйных колаў характарызуюць дзейнасьць місіі ды яе кіраўніцтва як значна больш асьцярожную, чым дзейнасьць яе папярэднікаў. Выказваюцца крытычныя меркаваньні наконт таго, што абавязкі офісу АБСЭ звузіліся да маніторынгу. Ці згодны з гэтым амбасадар Эбэргард Гайкен?

(Гайкен: ) “Размова ідзе пра тое, што офіс АБСЭ ў Менску нічога іншага ня робіць, як займаецца назіраньнем і потым накіроўвае справаздачы ў Вену? Калі б і так, то гэтага ўжо было б нямала. Нашыя справаздачы накіроўваюцца ўрадам 55 краінаў-сяброў АБСЭ і таму зьяўляюцца вельмі важнай інфармацыйнай крыніцай. Як вядома, замежныя СМІ мала паведамляюць пра Беларусь дый пішуць з таго гледзішча, якое ня цалкам супадае з нашым.

Зазначу, што офіс АБСЭ наладзіў інтэнсіўныя сувязі з грамадзянскай супольнасьцю.У нас ёсьць добрыя кантакты зь няўрадавымі арганізацыямі, з мэдыямі, мы вядзем дыялёг зь вядучымі палітычнымі партыямі, перш за ўсё, апазыцыйнымі. Бярэм удзел ва ўсім, што адбываецца ў беларускім грамадзтве, асабліва ў галіне палітыкі. Сапраўды, мы сталі больш стрыманымі, але на гэта ёсьць шмат прычынаў.”

Відавочна, што офіс АБСЭ ня хоча паўтарыць сумнага досьведу Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ на чале з Гансам-Георгам Вікам. Хаця, як лічаць незалежныя назіральнікі, досьвед папярэднікаў быў ня толькі сумны. Праца КНГ АБСЭ адрозьнівалася актыўным уплывам на беларускую сытуацыю.

Якіх посьпехаў дасягнуў менскі офіс АБСЭ ў справе вырашэньня задачаў, зафіксаваных у мандаце — а менавіта, у дэмакратызацыі Беларусі, у фармаваньні дэмакратычных інстытутаў грамадзянскай супольнасьці?

(Гайкен: ) “Офіс мусіць адпавядаць прынцыпам АБСЭ і ён, сапраўды, гэтым прынцыпам адпавядае. Гэта прадугледжана ў мандаце: працаваць у кірунку дэмакратызацыі грамадзтва і захаваньня правоў чалавека. Гэта цяжка, але мы ўсведамляем, што апошнія месяцы наша праца стала яшчэ больш неабходнай. Ціск на недзяржаўныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі павялічыўся ў такой ступені, што гэта надае шмат клопату. Вы спыталі, ці маем мы посьпех у галіне дэмакратызацыі? Я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Гэта мусяць рабіць іншыя. Я ня ведаю, калі б хтосьці іншы апынуўся на маім месцы, ці быў бы ён больш пасьпяховы? У мяне няма адказу”.

У часе размовы са Свабодай Эбэргард Гайкен цытуе яшчэ адзін пункт мандату — пра “цеснае супрацоўніцтва і кансультацыі з урадам Беларусі”. Гэтае супрацоўніцтва тычыцца сумесных праектаў у галіне эканомікі ды экаоёгіі, і ім спадар Гайкен у асноўным задаволены. Паводле ягоных словаў, падобныя сумесныя праекты ёсьць тымі інструмэнтамі, з дапамогай якіх АБСЭ хоча дасягнуць у Беларусі мэтаў, зацьверджаных у мандаце, а менавіта — дэмакратызацыі грамадзтва.

Спадар Гайкен упэўнены:

(Гайкен: ) “Беларусь будзе дэмакратычнай дзяржавай, нават калі для гэтага спатрэбіцца працяглы і складаны працэс. Дарэчы, гэты працэс ужо распачаты. Важна — гэта вырашальны момант — людзі ў Беларусі гэтага хочуць, і яны гэтага дасягнуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG