Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРЫЖАЧКОЎ” СТАНЕ БОЛЕЙ


Любоў Лунёва, Менск

Савет Міністраў унёс 24 пункты зьменаў у пастанову “Аб мерапрыемствах дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеяньняў па прадухіленьню п’янства і алькагалізму”. У пастанове за дзяржаўнымі структурамі замацаванае выкананьне кожнага пункту. У пятым пункце гэтай пастановы Савет Міністраў даручыў “Белдзяржхарчпраму”, Мінфіну, Мінэканомікі й мясцовым выканаўчым органам скараціць аб’ёмы вытворчасьці моцных сьпіртовых напояў, у якіх зьмяшачаеца звыш 28% сьпірту.

Адначасова трэба павялічыць выпуск вінаграднага, пладова-ягаднага віна, слабаалькагольных напояў і піва. Пастанову мусяць выканаць да 2005 году. На думку мэдыкаў і супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, такія захады толькі пагоршаць сытуацыю з п’янствам сярод насельніцтва.

Лекар-нарколяг менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Андрэй Рыдзеўскі паведаміў Радыё Свабода:

(Рыдзеўскі: ) “Лепш ад гэтага ня стане. Гэта адназначна. Канечне, пакуль не палепшыцца сацыяльна-эканамічная сытуацыя, будуць выбіраць тыя напоі, якія таньней каштуюць. Канечне, калі адны людзі п’юць якасныя напоі ў той жа колькасьці і так часта, што й іншыя, але няякасныя, то апошнія ў большай ступені маюць рызыку сьпіцца”.

Мечыслаў Грыб 36 гадоў працаваў у праваахоўчых органах. Ён спаслаўся на досьвед 1985–86 гадоў, калі савецкі ўрад намагаўся скараціць вытворчасьць гарэлкі, спадзеючыся зьбіць хвалю п’янства сярод насельніцтва, але вынікі былі адваротныя.

(Грыб: ) “Практыка супрацоўнікаў міліцыі сьведчыць на тое, што большая частка людзей сьпіваецца не ад таго, што яны ўжывалі дарагія сьпіртовыя напоі, а ад таго, што яны пілі, як кажуць у нашым народзе, “чарніла”. Ад “чарніла” крок да палітуры, да адэкалёну. Мы ўжо гэта праходзілі. Чаму яны пайшлі на такую меру? Бачыце? Гарэлка ўсё даражэе і даражэе, а розныя такія напоі больш даступныя для нашага народу. Вырашылі, на мой погляд, нешта на гэтым зарабіць. Людзі будуць купляць і будуць піць, і будуць п’яныя хадзіць, і будуць задаволеныя”.

Спадар Грыб спаслаўся на досьвед нашай суседняй краіны Літвы, дзе ў крамах прадаецца шмат гарэлкі й каньяку. Але на паліцах стаяць бутэлькі з моцным і сухім віном, якія экспартуюць у Літву розныя краіны. Толькі каштуе гэтае якаснае віно таньней, чым у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG