Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА КАНФЛІКТ ПАМІЖ ЯГОРАМ РЫБАКОВЫМ І “НАРОДНАЙ ВОЛЯЙ”


Ганна Соусь, Менск

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў не задаволены прызначаным судом памерам кампэнсацыі, і па-ранейшаму патрабуе, каб рэдакцыя газэты выплаціла яму 200 мільёнаў рублёў (гэта каля 100 тысяч даляраў). Месяц таму суд Ленінскага раёну Менску прызнаў несапраўднымі зьвесткі, што былі надрукаваныя ў “Народнай волі” ў кастрычніку 2001 году ў артыкуле Марыны Коктыш, у якім Элеанора Язерская крытычна выказвалася пра дзейнасьць Ягора Рыбакова.

Суд прысудзіў спагнаць з газэты 10 мільёнаў рублёў, а з Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай — 1 мільён рублёў з кожнай. Для Радыё Свабода сытуацыю камэнтуе кіраўнік юрыдычнага ўпраўленьня Белтэлерадыёкампаніі Руслан Жуковіч:

(Жуковіч: ) “Як кіраўнік юрыдычнага ўпраўленьня я маю да гэтай справы дачыненьне толькі ў тым памеры, у якім яны тычыцца Бедзяржтэлерадыёкампаніі. Нашы патрабаваньні былі, каб нам прынесьлі прабачэньне і абверглі зьвесткі, надрукаваныя ў “Народнай волі”. На гэты конт у нас ніякіх прэтэнзіяў няма да рашэньня суду. А тая сума, якая была вызначаная Ягорам Уладзімеравічам Рыбаковым як грамадзянінам, гэта яго асабістая справа”, — зазначыў для Радыё Свабода прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі Руслан Жуковіч.

У судовую калегію ў грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду паступіў таксама касацыйны пратэст з пракуратуры Ленінскага раёну за подпісам пракурора раёну Аляксея Стука. У пратэсьце адзначаецца, што суд парушыў права адказьнікаў на юрыдычную дапамогу. Пракурор піша, што памер кампэнсацыі, якую вызначыў суд, не адпавядае маральным пакутам пазоўніка з улікам часу, які мінуў пасьля публікацыі. Пракуратура называе рашэньне суду незаконным і патрабуе адмяніць яго.

Як паведаміў для Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, рэдакцыя “Народнай Волі”, журналістка Марына Коктыш і Элеанора Язерская таксама зьвярнуліся з касацыйнай скаргай у гарадзкі суд. Гаворыць карэспандэнтка “Народнай волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Мы ня згодныя з тым, як ішоў працэс. Нам забаранілі карыстацца юрыдычнай дапамогай, нам не дазволілі пракансультавацца з адвакатамі, і мы патрабуем, каб рашэньне адмянілі”.

Як адзначыў для Радыё Свабода кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, рашэньне менскага гарадзкога суду ў гэтай справе, верагодна, будзе вынесенае празь месяц. Паводле яго, судовая практыка сьведчыць пра тое, што сумы матэрыяльных патрабаваньняў звычайна не павялічваюцца, але часьцей за ўсё застаюцца такімі, як і былі.

Канфлікт паміж Ягорам Рыбаковым і рэдакцыяй “Народнай волі” меў і іншыя наступствы. Надоечы журналістка Марына Коктыш узяла інтэрвію ў тэлевядучай Тамары Лісіцкай, але потым прэсавая служба БТ забараніла друкаваць яго.

(Коктыш: ) “Мы зь ёй размаўлялі не пра палітыку і не пра тэлебачаньне. Я яе запрасіла ў рубрыку “За кубачкам кавы” як вядучую “Альфа-радыё”. Зь нядаўняга часу ў Белтэлерадыёкампаніі былі ўведзеныя новыя парадкі. Перш чым даць згоду на інтэрвію, любы супрацоўнік павінен атрымаць дазвол менавіта ў Рыбакова. Прэсавая сакратарка спачатку дазволіла інтэрвію, калі даведалася, што мы ня будзем размаўляць пра палітыку, але потым, калі інтэрвію ўжо адбылося, яна забараніла, каб яно выйшла ў сьвет”.

Паводле Марыны Коктыш, за апошні час “Народнай волі” таксама адмовілі ў інтэрвію супарцоўнікі БТ Алена Спірыдовіч і Кірыл Слука.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG