Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОД ТАМУ ЧАЧЭНСКІЯ БАЯВІКІ Ў МАСКВЕ ЗАХАПІЛІ ЗАКЛАДНІКАМІ ГЛЕДАЧОЎ МЮЗЫКЛУ “НОРД-ОСТ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Ткачук: ) “Ня ведаеш, як і што можа адбыцца. Можа, я прыеду туды — і ўсё гэта запалымнее ў душы, што я ўжо загасіла. І тады будзе яшчэ горш”.

Акушэра-гінэколага Менскага абласнога радзільнага дому Тацяну Ткачук і сёлета запрасілі на мэдычны форум у Маскве. “Таня, ты толькі не кажы, што зноў у Маскву паедзеш!” — папрасіў муж Тацяны, калі ўбачыў у яе ў руках запрашэньне. Сёлета на форум Тацяна не паехала і ўвогуле ў Маскве з таго часу не была.

Дакладна год мінуў, як чачэнскія баявікі захапілі закладнікаў “Норд-Осту”. Афіцыйна заяўлена, што закладнікаў было больш за 700 чалавек, але дакладнай лічбы дагэтуль не названа. Магчыма, яе ніхто ня ведае, а магчыма, ня хочуць паведамляць, бо можа аказацца, што 129 загінулых — гэта занадта вялікі адсотак ахвяраў. Тацяна Ткачук адна зь сямі беларускіх закладнікаў “Норд-Осту”. Сяброўка Тацяны Вольга Золіна, таксама закладніца, лічыць, што колькасьць ахвяраў была б значна меншая, калі б вызвольнікі дазволілі разгарнуць побач з будынкам тэатру палявы шпіталь. Чаму ж гэтага не было зроблена, ці ёсьць у Вольгі Золінай адказ на гэтае пытаньне?

(Золіна: ) “Яны кажуць, што не хацелі ўцечкі інфармацыі, маўляў, вакол хадзілі чачэнцы, якія пра ўсё паведамлялі баявікам праз тэлефоны, але разгарнуць такі шпіталь магчыма было вельмі хутка. Улетку былі такія манэўры пад Барысавам, і яны гэта прадэманстравалі”.

Вольга Золіна прызнаецца, што пасьля “Норд-Осту” стала лепш разумець пазыцыю чачэнцаў і збольшага ставіцца да іх са спачуваньнем. Яна лічыць, што расейская дзяржава нясе адказнасьць за “Норд-Ост” ня меншую, чым чачэнскія баявікі. Катэгарычнасьць у меркаваньнях, якая зьявілася ў Вольгі пасьля перажытага ў Маскве, ужо шкодзіць ёй самой. На былой працы зь ёй не працягнулі кантракту, хаця да здарэньня ў Маскве прэтэнзіяў да яе не было.

Якую кампэнсацыю атрымалі беларускія ахвяры “Норд-Осту” за шкоду здароўю і матэрыяльныя страты? Яшчэ ў Маскве ім выплацілі па 50 тысяч расейскіх рублёў грашовай дапамогі, і Павал Барадзін выдаў яшчэ па 30 тысяч. Такім чынам, Расея ацаніла пакуты беларусаў прыкладна на 3 тысячы даляраў. Калі вярнуліся ў Менск, крыху дапамог грашыма галіновы прафсаюз. Але калі жанчыны зьвярнуліся зь лістом па дапамогу ў Міністэрства сацыяльнай абароны і працы ды папрасілі танных пуцёвак ды некаторых іншых ільготаў, за подпісам міністра Антаніны Моравай ім прыйшла адмова.

“Гэта ў стылі беларускай дзяржавы — перакідаць на іншых клопат пра сваіх грамадзянаў, якія пацярпелі на тэрыторыі іншых краінаў”, — заўважае юрыст Раіса Міхайлоўская, выканаўчы дырэктар нядаўна зьліквідаванай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”. Гэтая арганізацыя дапамагала сваякам ахвяраў трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе. Параўноўваючы стаўленьне беларускай дзяржавы да ахвяраў і іх сваякоў зь дзеяньнямі расейскіх чыноўнікаў, Раіса Міхайлоўская заўважыла адну агульную рысу:

(Міхайлоўская: ) “Дзяржава дапамагае ахвярам да таго моманту, пакуль гэта не закранае гонару ведамства ці кіроўнага органу. Вось трагедыя на Нямізе. Калі яна адбылася, дзяржава дапамагала ў пахаваньні загінулых, пабудове помнікаў. Але калі спатрэбілася вызначыць вінаватых, то ў судзе такіх не знайшлося”.

Вінаватых у захопе закладнікаў “Норд-Осту” акрамя чачэнскіх баявікоў таксама няма, як няма і вінаватых у тым, што 129 чалавек памерлі, калі баявікі ўжо былі зьнішчаныя. Маскоўскія суды адхіляюць пазовы сваякоў загінулых да гарадзкіх уладаў. Сярод загінулых і беларуска Людміла Багачова зь Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG