Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІ АБЛВЫКАНКАМ ЗНОЎ ПАДВЫСІЎ КОШТЫ НА МУКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

У сярэднім кошты на пшанічную муку ўсіх гатункаў падвышаны на 7%, на жытнюю – у межах 2%.

Калі жнівеньскае падаражаньне мукі мясцовыя ўлады тлумачылі ўсталяваньнем новых коштаў на збожжа новага ўраджаю, то цяперашняе падвышэньне тлумачаць благім ураджаем пшаніцы і высокімі цэнамі на яе на айчынным і замежных рынках.

Распавядае галоўная эканамістка аб`яднаньня “Гомельхлебпрадукт” Марына Грынькова:

(Грынькова: ) “Пшаніца стала дарагая, вельмі дарагая. Сваёй беларускай пшаніцы ў вобласьці няма. Яна ёсьць на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне. Ёсьць і ў Расеі, але кошт за тону складае там 180 даляраў. Пры патрэбе звыш 40 тысячаў тон, рэгіён вырасьціў меней 6 тысячаў тон пшаніцы. Не ўрадзіла ў рэгіёне пшаніца. Да таго ж ня ўся яна можа вырыстоўвацца ў хлебапячэньні з прычыны забруджанасьці радыяцыяй. Мы ж ня можам атручваць людзей”.

Адначасна з падвышэньнем коштаў на муку дзяржаўнае прадпрыемства “Гомельхлебпрам” падвысіла кошты на белы і чорны хлеб.

Гаворыць старшая прадавачка спэцыялізаванай крамы “Каласок” Ірына Кушнярэвіч:

(Кушнярэвіч: ) “Хлеб, булкі, батоны – усё падаражэла. Напрыклад, хлеб “Алімпійскі” 4-га хлебазаводу каштаваў 540 рублёў, цяпер – 550. На 10 рублёў даражэйшымі сталі ўсе гатункі белага хлеба. Падвысіліся кошты і на торты. Усё падаражала”.

Шэраговыя пакупнікі заўважаюць, што цэнамі іх прыціскаюць літаральна па ўсіх кірунках. Жанчына з чаргі сказала:

(Спадарыня: ) “Прыціскаюць нас да краю, і ўсё тут. Дабавяць пэнсіянэрам 10 тысячаў рублёў, а цэны ўжо сіганулі, пачынаючы з хлеба і заканчваючы палівам”.

У пэнсіянэраў, дарэчы, свае рэцэпты выжываньня пры пастаянным росьце коштаў. Распавядае жыхарка абласнога цэнтру, якая назвалася Алай Рыгораўнай:

(Ала Рыгораўна: ) “Я купляю адразу буханку, яна ў мяне дні на чатыры, на пяць. З рэшткаў раблю сухары. Сухарыкамі і харчуюся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG