Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗ “ГОМСЕЛЬМАШУ” НЯ ХОЧА АБАРАНЯЦЬ БУХВОСТАВА


Казімер Яноўскі, Гомель

У Гомелі, у адрозьненьне ад Гародні і некаторых іншых месцаў, улады ня сталі прымушаць рабочых пакідаць прафсаюз аўтасельгасмашу і ўступаць у зарганізаваны па камандзе “зьверху” прафсаюз прамысловасьці.

У калектыве “Гомсельмашу” добра ведаюць Александра Бухвостава. Тут ён пачынаў сваю прафсаюзную дзейнасьць. Бухвостаў і сёньня прысутнічаў на канфэрэнцыі і нават публічна патлумачыў дэлегатам: улады пачалі зьнішчаць прафсаюз аўтасельгасмашу з прычыны ягонай нязгоды зь цяперашняй эканамічнай і сацыяльнай палітыкай. Яна вядзе да пагаршэньня фінансавага стану прадпрыемстваў, зьбядненьня рабочых.

Гэта, дарэчы, вынікала і са справаздачы старшыні прафкаму “Гомсельмашу” Пятра Ахраменкі, які заяўляў, што за мінулыя 5 гадоў не ўдалося падвысіць заробкі рабочых адпаведна дамовы з адміністрацыяй.

У канфэрэнцыі браў удзел і намесьнік міністра прамысловасьці Іван Залатарэвіч, які вызначаецца брутальнымі адносінамі да прафсаюзу аўтасельгасмашу. Аднак на канфэрэнцыі спадар Залатарэвіч слова ня браў. Нашаму радыё ён наагул адказаў, што Міністэрства прамысловасьці ня мае дачыненьня да ператрусу прафсаюзу аўтасельгасмашу.

(Залатарэвіч: ) “Задаваць міністэрству прамысловасьці такія пытаньні, што мы займаемся гэтым прафсаюзам, гэта зусім некарэктнае пытаньне.”

Тое, пра што маўчаў намесьнік міністра, агучыў на канфэрэнцыі генэральны дырэктар “Гомсельмашу” Валеры Жмайлік.
(Жмайлік: ) “А зараз датычна пытаньня Аляксандра Іванавіча Бухвостава, сытуацыі ў прафсаюзе. Я не лічу неабходным прымаць нейкае рашэньне. Днямі адбудзецца пленум, потым, магчыма, зьезд. Якое рашэньне прыме зьезд, і калі яно задаволіць нашу прафсаюзную арганізацыю, мы і паступім адпаведна. Калі не задаволіць, мы прымем уласнае рашэньне.”

Пленум прафсаюзу аўтасельгасмашу адбудзецца заўтра. Улады зацікаўленыя, каб ён прыняў рашэньне пра скліканне нечарговага зьезду, які і можа вызваліць Бухвостава ад абавязкаў старшыні галіновага прафсаюзу.

(Бухвостаў: ) “Сутнасьць праблемы ў тым, што з прыходам у Фэдэрацыю прафсаюзаў новага кіраўніцтва, прафсаюзы сталі дзяржаўнымі. У нас ужо няма прафсаюзаў. У разуменьні Захаду, прафсаюзы – гэта незалежныя вольныя арганізацыі. У нас прафсаюзы сталі дзяржаўнымі, як у Савецкім Саюзе. Толькі прафсаюзы аўтасельгасмашу і радыёэлектронікі засталіся ня выстраенымі. Усе астатнія падпарадкаваныя Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG