Лінкі ўнівэрсальнага доступу

115-Я ЎГОДКІ ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА


Валянціна Аксак, Менск

Ва ўсіх энцыкляпэдыях датаю нараджэньня Язэпа Драздовіча пазначанае 13 кастрычніка. Але паводле ўспамінаў ягоных землякоў, мастак гаварыў, што нарадзіўся на Пакровы. Пра гэта ён пісаў і ў сваім дзёньніку. Таму менавіта 14 кастрычніка дасьледнікі й прыхільнікі творчасьці Язэпа Драздовіча ладзяць пашанотныя імпрэзы на ягонай радзіме на Дзісеншчыне і ў мясьцінах, зьвязаных з жыцьцёвымі сьцяжынамі мастака.

У Менску Драздовіч жыў і працаваў непрацяглы час пасьля абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзе дакладна, невядома, але на думку мастака Міколы Купавы, гэта быў Верхні горад. Тут у адным з гістарычных дамкоў група энтузіястаў яшчэ ў 1979 годзе прапаноўвала стварыць музэй Язэпа Драздовіча. Але тады ўлады палічылі гэта непатрэбным. Тым ня менш, ідэя заставалася і было спадзяваньне, што некалі чыноўнікі нарэшце прызнаюць надзвычайны талент мастака вартым музэю. Але нядаўна прыгледжаны пад музэй гістарычны дом зьнішчылі.

Гаворыць адзін з ініцыятараў стварэньня музэю Драздовіча ў Менску мастак Мікола Купава:

(Купава: ) “Жывыя сьведкі памяці пра Драздовіча зьнікаюць. Зьнікалі — і вось, аказваецца, зьнікаюць і цяпер. Мы ж думалі, што ўжо ўсё гэта спыненае. Нам абяцалі, што ўжо ніводзін будынак ня будзе разбураны ў Верхнім горадзе. Гэта ж не абы-дзе. Гэта тое самае, што прыйшлі ў маскоўскі Крэмль ды ўзялі адзін будынак і зьнішчылі. Верхні горад — гэта наш запаведнік архітэктурны, гэта ахоўная зона, дзе нішто не павінна ні разбурацца, ні будавацца, а там гаражы будуюць…”

На сёньня дасьледнікі творчасьці Драздовіча выявілі ў музэях Беларусі, Літвы і ў прыватных зборах каля 300 яго твораў. З рэпрадукцыяў зь іх Мікола Купава ўклаў альбом-манаграфію “Язэп Драздовіч”, якая выйшла летась у выдавецтве “Беллітфонд”. Гэтае ўнікальнае выданьне, а таксама сьціплыя помнікі на магіле непадалёк ад роднага засьценка Пунькі ды ў сталічным Траецкім прадмесьці — гэта ўсё, чым ушанаваны ў Беларусі мастак, талент якога адмыслоўцы ставяць калі ня вышэй, дык, прынамсі, нароўні з шырака ганараваным землякамі талентам літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG