Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ПАЛІТЫЧНЫЯ ЧЫНЬНІКІ ВАЙСКОВЫХ ВУЧЭНЬНЯЎ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палкоўнік запасу Генадзь Бедункевіч зь Берасьця і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” падпалкоўнік запасу Ўладзімер Нісьцюк зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Ужо трэці год у Беларусі праводзяцца вайсковыя вучэньні. Зразумела, што абарону краіны трэба мацаваць. І для войска зашмат вучэньняў не бывае. Для васкоўцаў, як і для спартоўцаў, чым больш трэніровак, тым лепей.

Але вайсковыя вучэньні — мерапрыемства зусім ня таннае. І ў час, калі эканамічныя цяжкасьці ў краіне нарастаюць, узьнікае натуральнае пытаньне: ці самае рацыянальнае для грамадзтва выкарыстаньне грошай адбываецца цяпер? Ці ваенная пагроза ёсьць галоўнай небясьпекай для беларускага грамадзтва? Ці ёсць нейкія больш сур’ёзныя пагрозы? І ці не здаецца вам, што вучэньні “Чыстае неба 2003” — акцыя больш палітычная, чым вайсковая?”

(Генадзь Бедункевіч: ) “Я праслужыў больш за трыццаць гадоў у ваенна-паветраных войсках і войсках супрацьпаветранай абароны. Таму выкажу гледзішча прафэсійнага вайскоўца. Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна-ізгой. Лукашэнка бразгае зброяй, каб канфліктаваць з Захадам.

Глядзіце, якія вялікія сілы задзейнічаныя падчас гэтых вучэньняў: 8625 чалавек, 53 устаноўкі зэнітна-ракетных комплексаў, 102 самалёты і гелікоптэры, 5 палігонаў, 221 вайсковая частка і органы вайсковага кіраваньня. Думаю, што гэта не па кішэні беларускаму народу. Гэтыя вучэньні нічога не дадуць ні войску, ні народу. Таму што адзін самалёт зьядае паліва за час лёту больш, чым калгас траціць за месяц. І пасьля гэтых вучэньняў мы яшчэ доўга будзем зазіраць сабе ў кішэню і думаць пра будучыню”.

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Найперш зазначыў бы, што, дзякуй Богу, ужо шмат гадоў і без Аляксандра Лукашэнкі ў нас над Беларусьсю чыстае неба. І вельмі не хацелася б, каб ад такіх правакацыйных выклікаў, якія робяць некаторыя беларускія палітыкі, нашае неба перастала бы быць чыстым.

Хацеў бы паставіць пытаньне больш шырока, чым кошт вучэньняў. Чаму ўвесь час растуць цэны, але не растуць заробкі? Я б адзначыў дзьве хваробы сёньняшняй улады. Па-першае, гэта фэсты, “Дажынкі", “Славянскі базар”. Яны шмат каштуюць. Па-другое, гэта вайсковыя вучэньні, якія каштуюць значна больш. Таму ўзьнікае пытаньне: ці ёсьць балянс паміж маштабам вучэньняў і тым коштам, які можа сабе дазволіць не заможная нэўтральная дзяржава?”

(Карбалевіч: ) “Апошні час ідзе шмат размоваў аб вайсковай рэформе. А як бы вы ацанілі гэтую рэформу, у прыватнасьці, на фоне цяперашніх вучэньняў?”

(Бедункевіч: ) “Я думаю, што ў кожнай рэформы павінны быць мэты. А ў дадзеным выпадку яны цьмяныя. Аб’яднаньне ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны — гэта крок наперад. Адзін з найбольш прыкметных крокаў рэформы — скарачэньне войскаў. Але праблема ў іншым. Хто наш вораг? Атрымліваецца, што на Захадзе. Лукашэнка хоча паказаць Расеі, што Беларусь захоўвае чыстае неба ня толькі над сваёй краінай, але і над Расеяй”.

(Нісьцюк: ) “Я таксама былы вайсковец. І шмат сяброў маіх і цяпер знаходзяцца ў войску. Таму зь цікавасьцю сачу за рэформай, якая першапачаткова задумвалася як вельмі цікавае і пэрспэктыўнае мерапрыемства.

Але ўзьнікае пытаньне з старой казкі: ці можа салдат зварыць кашу зь сякеры? Вядома, не. Трэба фінансаваць рэформу, а не паказуху. Ва ўсім сьвеце скарачэньне войска каштуе больш, чым іншыя кірункі рэформы. Таму што скарочаных людзей трэба забяспечыць жыльлём ды іншым.

Цяпер кормяць салдатаў не на грошы, якія вылучае бюджэт, а коштам пазыкаў у дзяржаўных прадпрыемстваў (пазыкаў харчамі). Разьлікі за гэтыя пазыкі адбываюцца потым праз складаныя схемы. Афіцэры не забясьпечаныя ўсім неабходным, жыльля для іх будуецца вельмі мала. Грошы, якія павінны ісьці на рэформу, ідуць на вучэньні. А вучэньні — гэта паказуха, дэманстрацыя”.

(Карбалевіч: ) “Цяпер прынята лічыць, што галоўнай небясьпекай для цывілізаванага сьвету зьяўляецца пагроза міжнароднага тэрарызму. Але для абароны ад гэтай небясьпекі патрэбныя эфэктыўныя дзеяньні ня столькі войска, сколькі спэцслужбаў.

У нядаўняй перадачы БТ адзін з вышэйшых вайсковых кіраўнікоў распавядаў, што мадэльлю, якая будзе адпрацоўвацца падчас вучэньняў, будзе сцэнар апэрацыі ЗША супраць Іраку. Такім чынам, БТ хоча стварыць уражаньне ў тэлегледачоў, што Беларусі таксама пагражае ваенны канфлікт з Злучанымі Штатамі. Аб чым сьведчыць вось гэтае штучнае стварэньне вобразу ворага?”

(Бедункевіч: ) “Галоўнай небясьпекай і для Беларусі, і для Расеі, і для ЗША, і іншых краінаў зьяўляецца тэрарызм. Але чаму Беларусь сябруе з Садамам Хусэйнам? Апошні час Беларусь мае дрэнныя дачыненьні з суседзямі: Літвою, Латвіяй, Польшчай. Амаль кожны дзень з экранаў БТ ганьбяць палітыку гэтых дзяржаваў. Таму ўзьнікае пытаньне: супраць каго скіраваныя гэтыя вучэньні?”

(Нісьцюк: ) “Цэнтральнаэўрапейская дзяржава, якой мы зьяўляемся, не павінна называць краіну-праціўніка на гэтых вучэньнях. Хачу нагадаць, што нашая дзяржава згодна з Канстытуцыяй зьяўляецца нэўтральнай. І мы ня можам шукаць ворагаў. Прывязваць вучэньні да канкрэтных краінаў — гэта палітычная недальнабачнасьць. Баяцца нам цяпер няма чаго. Акрамя таго, вайсковыя вучэньні шкодзяць гаспадарцы краіны. Нехта быў адазваны з запасу, прыцягваецца тэхніка з гаспадаркі”.

(Карбалевіч: ) “Ці не падаецца вам, што такая штучная мілітарызацыя палітычнай прасторы Беларусі можа даць зусім ня той эфэкт, на які разьлічвае Лукашэнка? Падчас вайны ў Іраку беларускія дзяржаўныя СМІ распачалі моцную антыамэрыканскую і антываенную кампанію. Але гэта амаль ніяк не паўплывала на рэйтынг Лукашэнкі. А вось падчас “косаўскага крызысу” 1999 году антыамэрыканская кампанія падняла рэйтынг кіраўніка Беларусі.

Гэта азначае, што спроба кіраўніцтва краіны адцягнуць увагу насельніцтва ад сацыяльна-эканамічных праблемаў з дапамогаю розных палітычных кампаніяў цяпер ня надта ўдаецца. На вашую думку, які ўплыў на грамадзкую сьвядомасьць могуць аказаць гэтыя вучэньні?”

(Нісьцюк: ) “У любога адмыслоўца, які валодае нават у невялікім аб’ёме аб’ектыўнай інфармацыяй аб магчымасьцях беларускага войску, ягонай колькасьці, матэрыяльнай забясьпечанасьці, мабілізацыйным патэнцыяле, ня могуць ня выклікаць зьдзіўленьня заявы аб ягоных вялікіх магчымасьцях. Мы спрабуем прадэманстраваць тое, чаго ў нас рэальна няма. Але нам і не патрэбнае вялікае войска, якое ўсім пагражае.

А ў грамадзтве пераважаюць такія думкі. Беларусь — невялікая дзяржава. Ніхто ёй не пагражае. З усіх бакоў прапануюць добрасуседзтва. А яна, наадварот, спрабуе пагражаць”.

(Карбалевіч: ) “Правядзеньне вайсковых вучэньняў “Чыстае неба-2003” ва ўмовах адсутнасьці рэальнай ваеннай пагрозы, на фоне эканамічных цяжкасьцяў выклікае больш пытаньняў, чым адказаў. Гэта падобна на штучнае стварэньне сытуацыі “крэпасьці ў аблозе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG