Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ХОЧА АТРЫМАЦЬ АД РАСЕІ “БЯСПЛАТНЫЯ ГРОШЫ”


Юлія Шарова, Менск

Дзеля гэтага Нацбанк прапануе расейскім калегам надрукаваць дадатковых грошай і пусьціць іх на падтрыманьне беларускай эканомікі.

Старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч сёньня зноў падкрэсьліў, што ніякіх непаразуменьняў у поглядах на праект самога міжурадавага пагадненьня пра пераход на расейскі рубель з 1 студзеня 2005 году ў бакоў няма. Але ж трэба спачатку прыйсьці да згоды ў шэрагу іншых, “непрынцыповых” пытаньняў. Гэта ўрэгуляваньне мэханізму выплаты ўскосных падаткаў, адзіныя тарыфы, мытнае афармленьне тавараў з трэціх краінаў і, вядома ж, грашовая кампэнсацыя стратаў, якія беларуская эканоміка, на думку адмыслоўцаў Нацбанку, пацерпіць пры пераходзе на расейскі рубель.

Размовы пра такую кампэнсацыю вядуцца даволі даўно. Пакуль вядома, што памер кампэнсацыі павінен скласьці больш за 4% ад беларускага ВУП. Паводле прыкладных падлікаў, памер айчыннага ВУП складзе 600–800 мільярдаў расейскіх рублёў пасьля пераходу на адзіную валюту. Але на думку Пятра Пракаповіча, квоты на 4% будзе недастаткова, каб кампэнсаваць усе былыя й будучыя страты, якія нясе беларуская эканоміка. Іначай ніякага эфэкту ад увядзеньня расейскага рубля ня будзе.

Разам з тым кіраўнік Нацбанку заяўляе, што насуперак меркаваньням, якія выказваліся расейскім бокам на пазаўчорашнім паседжаньні саюзнага Саўміну, кампэнсацыя стратаў Беларусі павінна ажыцьцяўляцца зусім ня коштам скарачэньня расейскіх дзяржаўных выдаткаў.

(Пракаповіч: ) “Гаворка ня ідзе пра кампэнсацыю Беларусі за кошт расейскага бюджэту. Расейскі рубель павінен забясьпечыць разьвіцьцё эканомікі Беларусі, замяніць беларускі рубель. Натуральна, для гэтага спатрэбіцца дадатковая эмісія расейскіх рублёў, каб забясьпечыць працу нашай эканомікі. Фактычна, для Расеі гэта бясплатнае ўвядзеньне расейскага рубля на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Тым часам у прэсе ўжо фігуруе лічба 2,1 мільярда даляраў — менавіта столькі, як гавораць крыніцы ў самім Нацбанку, Расея павінна заплаціць Беларусі за права ўвесьці на ейнай тэрыторыі сваю валюту. Пётар Пракаповіч гэтых зьвестак не пацьвярджае, але й не абвяргае. Ён гаворыць, што ўсе падлікі яшчэ ня зробленыя.

Былы старшыня Нацбанку эканаміст Станіслаў Багданкевіч лічыць, што “бясплатных грошай” наогул не бывае. Калі Расея ўключыць друкарскі станок, ейная эканоміка сутыкнецца з праблемамі.

(Багданкевіч: ) “Гэта заўсёды выліваецца ў інфляцыю. Дык што, Расея павінна інфляцыю падвысіць, ці што ён прапануе? У Расеі прафіцыт бюджэту, яна ня мае патрэбы займацца падробкай грошай і друкаваць рублі, не забясьпечаныя рэсурсамі. Дзеля чаго гэта Расеі патрэбна?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG