Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ХОЧУЦЬ БЕЛАРУСЫ І РАСЕЙЦЫ АБ’ЯДНОЎВАЦЦА?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Аляксандар Сасноў, Анна Пятрова, Грыгоры Кертман

(Дракахруст: ) “Паводле дадзеных апытаньня Фонду “Общественное мнение” імкненьне расейцаў да аб’яднаньня зь Беларусяй пакрысе зьніжаецца. У 1999 годзе за яго выказваліся больш за тры чвэрці апытаных, у 2000 – 72%, сёлета ў верасьні – дзьве траціны. Чым можна патлумачыць гэтыя зьмены, спадарыня Пятрова, як Вы мяркуеце?”

(Пятрова: ) “Па-першае, калі раней людзі хацелі вяртаньня ў СССР, то цяпер яны ўсё менш гэтага хочуць, гэтая ідэя “астывае”, людзі забываюць, пакаленьне сыходзіць. Успаміны пра “цудоўнае мінулае” з кожным годам робяцца ўсё менш актуальнымі. У сувязі з гэтым зьніжаецца і імкненьне да інтэграцыі. Хаця зьніжаецца яно павольна. Дагэтуль пераважная большасьць выступае за аб'яднаньне, прычым ва ўсіх ўзроставых групах.”

(Дракахруст: ) “Спадар Сасноў, я прашу Вас параўнаць дадзеныя па Расеі і тыя, якія Ваш інстытут атрымліваў па Беларусі. У Беларусі тых, хто кажа, што хацеў бы аб’яднаньня з Расеяй , паводле Вашага апошняга апытаньня 58%, дзесьці на 10% меней, чым у Расеі тых, хто хацеў бы інтэграцыі зь Беларусяй. Адпаведна і праціўнікаў аб’яднаньня ў Беларусі амаль чвэрць – удвая больш, чым ў Расеі. Чаму?”

(Сасноў: ) “Жыхары Беларусі ўжо пачалі адчуваць сябе беларусамі ў грамадзянскім сэнсе, а ня толькі прадстаўнікамі этнічнай супольнасьці. І з кожным годам колькасьць такіх людзей будзе павялічвацца. За гэта сьведчыць тое, што сярод моладзі адмоўнае стаўленьне да аб'яднаньня распаўсюджанае значна шырэй, чым ў старэйшых узроставых групах.”

(Дракахруст: ) “Спадарыня Пятрова казала, што аслабленьне інтэграцыйных імкненьняў у Расеі зьвязана проста з часам, настальгія па СССР сыходзіць у мінулае. Але вось я гляжу на дадзеныя Фонду за 1997 год. Тады ў Расеі тых, хто жадаў аб’яднаньня зь Беларусяй, было наагул 62%, потым у 1999-м быў усплёск да 77% , зараз 66% – усё ж больш, чым у 1997 годзе. Спадар Кертман, а чым Вы можаце патлумачыць гэткія зьмены?”

(Кертман: ) “Я мяркую, што гэта зьвязана з двума чыньнікамі. Па-першае, “устаноўка” на аб'яднаньне асабліва ўзмацнілася пасьля эканамічнага крызысу 1998 году, калі ўзьнікла адчуваньне, што ўзровень жыцьця ў нас прыблізна аднолькавы. Тады зьніклі падозраньні , што гэта будзе дорага каштаваць, што больш слабую, прабачце, у эканамічным сэнсе рэспубліку прыйдзецца падцягваць. Але зараз гэтыя падозраньні вярнуліся, бо сытуацыя ў Расеі даволі неблагая.

Другі чыньнік – гэта апошняе пагаршэньне ў міждзяржаўных адносінах і разуменьне таго, што Беларусь мае даволі складаную рэпутацыю на міравой арэне. Верагодна, частка нашых апытаных перасьцерагаецца, што аб'яднаньне адабьецца на міжнародным рэйтынгу Расеі.”

(Дракахруст: ) “Апошняе апытаньне Фонду паказала, што з кожным годам расейцы ўсё вышэй ацэньваюць сваю краіну ў параўнаньні з Беларусяй. У 1999 годзе толькі траціна расейцаў лічыла расейскае жыцьцё больш заможным, чым беларускае. Зараз такую думку мае амаль палова апытаных. Як гэтая упэўненасьць у сваёй перавазе адбіваецца на інтэграцыйных настроях?”

(Пятрова: ) “Паводле нашага дасьледваньня на пытаньні: дзе жыцьцё лепш, дзе больш дэмакратычных правоў і свабодаў, апытаныя ў пераважнай большасьці адказваюць – у Расеі. Беларусь успрымаецца як бедны брат. Некаторыя падчас і апытаньня гэтак і казалі: Расеі патрэбны малодшы брат. Таму, на іх думку, Расеі выгаднае аб'яднаньне зь Беларусяй. А Беларусі, паводле іх думкі, аб'яднаньне выгаднае таму, што моцная і заможная краіна будзе карміць Беларусь. Часткова гэта ўспрымаецца такім чынам.”

(Дракахруст: ) “Дасьледваньні, якія праводзіліся ў Беларусі, паказваюць, што паміж імкненьнем да інтэграцыі з Расеяй і стаўленьнем да Александра Лукашэнкі існуе даволі шчыльная сувязь. Цяпер яна стала крыху слабейшай: ня ўсе, хто падтрымліваюць Лукашэнку, выступаюць за інтэграцыю, і ня ўсе , хто супраць Лукашэнкі , адмаўляюць інтэграцыю. Аднак “інтэграцыяністаў” па-ранейшаму больш сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, чым сярод беларусаў у цэлым. А ці можна сказаць тое ж самае ў Расеі пра прыхільнікаў прэзыдэнта Пуціна, ці ёсьць сувязь паміж стаўленьнем да прэзыдэнта Расеі і да аб’яднаньня зь Беларусяй?”

(Пятрова: ) “Няма. Стаўленьне да інтэграцыі зь Беларусяй сярод прыхільнікаў Пуціна прыкладна такое ж, як і сярод расейцаў у цэлым. Паказчыкі аніяк не адрозьніваюцца. Калі мы глядзім на прыхільнікаў Зюганава, то там доля прыхільнікаў аб'яднаньня зь Беларусяй значна вышэйшая, чым у сярэднім па Расеі. Гэта людзі, якія маюць моцную настальгію па СССР. А ў прыхільнікаў Пуціна ўзровень, так бы мовіць, настальгіі прыблізна такі ж, як і ў насельніцтва ў сярэднім.”

(Дракахруст: ) У Расеі цяпер у разгары кампанія па выбарах у Дзяржаўную Думу. Між тым выглядае, што тэма інтэграцыі, прынамсі, інтэграцыі зь Беларусяй, амаль не прысутнічае ў перадвыбарчых баталіях. Чаму?”

(Кертман: ) “Я думаю, што тэма інтэграцыі стала крыху менш актуальнай для расейскай масавай сьвядомасьці, чым некалькі гадаў таму. Прычына – паляпшэньне сацыяльна-псыхалягічнай атмасфэры. Няма адчуваньня, што краіна аслабляецца па ўсіх парамэтрах, якое было да прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер гэтае пачуцьцё значна слабейшае. Адваротным бокам гэтага пачуцьця нацыянальнай слабасьці была і патрэба ў інтэграцыі. Інтэнсіўнасьць гэтага запыту значна ніжэй, чым 3 гады таму, але гэта не азначае, што сам запыт зьнік.”

(Дракахруст: ) “Варта зьвярнуць увагу на адну дзіўную асаблівасьць адказаў на пытаньні пра інтэграцыю. Агулам, як мы казалі, за аб’яднаньне выказваюцца амаль 58% беларусаў. Але калі прапаноўваюцца варыянты: сапраўды агульная дзяржава з агульным прэзыдэнтам, урадам , парлямантам – саюз незалежных дзяржаваў – проста добрыя адносіны ізноў жа сувэрэных краінаў, то тут прыхільнікаў поўнага зьліцьця застаецца каля чвэрці. Якая прычына гэтага?”

(Сасноў: ) “Пытаньне, якому варыянту адносінаў Вы б аддалі перавагу, больш дакладнае. Застаецца магчымасьць разважаць. І тут ужо амаль палова кажа, што выступаюць за саюз сувэрэных дзяржаваў, а не за ўваходжаньне ў склад Расеі. Але калі пытаньне задаецца "так" ці "не", тут альтэрнатыва, тут фактычна няма чаго выбіраць. І таму шмат хто аддае перавагу больш шчыльным адносінам паміж дзьвюма краінамі, з рызыкаю зьнікненьня адной зь іх.”

(Дракахруст: ) “Цікава, што гэтае зьніжэньне колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі пры пераходзе да канкрэтных пытаньняў назіраецца і ў расейскім апытаньні – з 66% да 36%. Тут прычыну зразумець цяжэй. Беларусы, нават тыя, хто за інтэграцыю, усё ж перасьцерагаюцца ў выпадку аб’яднаньня страціць свой сувэрэнітэт, “распусьціцца” ў Расеі, перастаць быць беларусамі. А расейцы-та чаго перасьцерагаюцца? Як Вы можаце гэта патлумачыць?”

(Кертман: ) “Аб'яднаньне сапраўды не прывядзе да страты расейскай ідэнтычнасьці. Але ёсьць агульны страх пераменаў. Павінна зьмяніцца сыстэма дзяржаўных органаў, дадатковыя выбары, новая атрыбутыка. Гэта – страх пераменаў і выдаткаў, зьвязаных зь імі. Для нейкай часткі апытаных, магчыма, непажаданая аналёгія з СССР. Сябраваць, ствараць нешта паводле ўзору Эўразьвязу – гэта добра. Адзіная дзяржава – гэта мы ўжо праходзілі. Я не лічу, што гэта моцны матыў, але дапускаю, што ён праяўляецца. Калі пытаньне задаецца канкрэтна, то частка апытаных прыгадвае пра выдаткі, і магчыма прыходзіць да высновы, што “аўчынка выдзелкі ня вартая”. Гэты разрыў паміж амаль усеагульнай устаноўкай на далейшае зьбліжэньне і даволі стрыманым стаўленьнем да поўнага зьліцьця дзяржаваў сапраўды захоўваецца.”

(Дракахруст: ) “Адным з самых сэнсацыйных вынікаў апытаньня Фонду “Общественное мнение” сталася падзеньне сымпатыяў расейцаў да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Калі ў 2000 годзе пра добрае стаўленьне да яго казалі 40% апытаных, то ў верасьні сёлета – толькі 29%. У чым прычына гэтага ахалоджаньня?”

(Кертман: ) “Гэтае падзеньне рэйтынгу зьвязанае з апошнімі выказваньнямі Лукашэнкі наконт нежаданьня падпісваць дамову аб адзінай валюце і тым, як гэта было адкамэнтавана ў расейскіх мэдыях. На працягу прэзыдэнтства Лукашэнкі сымпатыі да яго ў Расеі трымаліся на двух чыньніках. Першае – гэтае моцная рука, другое – гэта чалавек, які шчыра імкнецца да інтэграцыі. Значэньне першага чыньніку істотна зьнізілася пасьля таго, як у Расеі зьявіўся папулярны прэзыдэнт, які ўспрымаецца, як дастаткова ўладны і моцны гаспадар, і выгадны для Лукашэнкі кантраст з папярэднім прэзыдэнтам ужо не працуе. А ўяўленьне, што Лукашэнка больш імкнецца да інтэграцыі, чым расейскі прэзыдэнт, было падарванае за апошні месяц.”

(Дракахруст: ) “Нягледзячы на пэўнае падзеньне, сымпатыі да кіраўніка Беларусі ў Расеі захоўваюцца на дастаткова высокім узроўні. Я ведаю, што ў так званых фокус-групах, паглыбленых размовах з апытанымі, Ваш Фонд высьвятляў, як расейцы ставяцца да пэрспэктывы, што Лукашэнка ўзначаліць аб’яднаную дзяржаву. Якія вынікі далі гэтыя дасьледваньні?”

(Кертман: ) “Нашыя ранейшыя дасьледваньні паказвалі, што пры вельмі высокім тады рэйтынгу Лукашэнкі падчас падрабязнай размовы з апытанымі высьвятлялася, што ніхто не разглядае яго ў якасьці прымальнага кіраўніка супольнай дзяржавы. І цяпер гэта таксама падцьвярджаецца. Нават тыя, хто ставіцца да яго з сымпатыяй, мяркуюць, што гэта, магчыма, добры прэзыдэнт для Беларусі і добры партнэр для Расеі, але не канкурэнтаздольны кандыдат на кіраўніка аб'яднанай дзяржавы, калі такая будзе. Практычна ўсе, незалежна ад стаўленьня да Лукашэнкі, ня хочуць нават калі-небудзь бачыць яго на чале адзінай дзяржавы. Гэтага зусім няма.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG