Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ СПРАБУЕ ПЕРАКАНАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ Ў НЕАБХОДНАСЬЦІ ЗЬМЕНЫ ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ


Уладзімер Глод, Менск

Экспэрт Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, доктар юрыдычных навук з Масквы Ўладзімер Лысенка лічыцца добрым знаўцам беларускага выбарчага заканадаўства. І ня толькі тэарэтыкам. Сябра расейскага Цэнтарвыбаркаму ў якасьці назіральніка быў на апошніх выбарах прэзыдэнта Беларусі. Гэтым разам спадар Лысенка зьвярнуў увагу на тое, што ў беларускім выбарчым заканадаўстве вельмі шмат “белых плямаў”:

(Лысенка: ) “Нашае заканадаўства больш дэталёва прапісвае рэалізацыю міжнародных выбарчых стандартаў, якія прыняла Расея. У Беларусі тэхналёгія іншая. Яна зьвязаная з адсутнасьцю такога дэталёвага прапісваньня канкрэтных працэдураў, якія тычацца падліку галасоў выбарцаў, падачай камісіямі копіяў пратаколаў, у прыватнасьці, назіральнікам і гэтак далей. Міжнародныя выбарчыя стандарты — гэта ўнівэрсальны шлях. Чым больш дэталёва прапісаныя правы і абавязкі кожнага ўдзельніка, тым менш прычынаў для ўзьнікненьня выбарчых спрэчак”.

Такую пазыцыю падтрымліваюць і беларускія незалежныя юрысты, прадстаўнікі розных палітычных партыяў. Адмысловец у справе выбарчага заканадаўства, аўтар некалькіх выданьняў гэтай тэматыкі Сяргей Альфер гаворыць, што апазыцыя не дамагаецца стварэньня абсалютна новага выбарчага заканадаўства, паколькі гэта цяжка рэалізаваць:

(Альфер: ) “У нас падрыхтаваныязьмены ў 13 артыкулаў Выбарчага кодэксу. Але яны тычацца зьменаў толькі ў трох кірунках. Першае — гэта вылучэньне ў камісіі, другое — падлік галасоў, трэцяе — назіраньне. Калі нашых прадстаўнікоў уключаць у выбарчыя камісіі, то нашмат цяжэй будзе махляваць. Калі будзе нармальны празрысты падлік галасоў, то таксама будзе лепш. Тое ж самае і з назіраньнем. Але мне падаецца, што блізкім часам улады не плянуюць нічога зьмяняць”.

Хаця парлямэнцкія выбары ў наступным годзе пройдуць восеньню, не пазьней чым 17 кастрычніка, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць, што часу ўжо не хапае:

(Ярмошына: ) “Я думаю, што позна. Канечне, закон заўжды можна зьмяніць. Якой-небудзь простай забароны на гэта няма. Але давайце ня будзем забывацца, што ў Цэнтарвыбаркаме на сталай аснове працуюць 10 асобаў. Гэтыя 10 асобаў мусяць напісаць падручнікі для выбарчых камісіяў, так званыя “мэтадычныя парады”.

Для гэтага ім патрэбна ня менш за 6–7 месяцаў да моманту прызначэньня выбараў, да пачатку выбарчай кампаніі. Ужо восень, і мы пачынаем ствараць мэтадычныя парады і вызначаць межы выбарчых акругаў. Калі пачнецца перагляд выбарчага заканадаўства, гэтая праца, натуральна, будзе адкладзеная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG