Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WALL STREET JOURNAL НЭГАТЫЎНА КАМЭНТУЕ СУСТРЭЧУ Ў ЯЛЦЕ І СТВАРЭНЬНЕ АДЗІНАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ ПРАСТОРЫ


Натальля Судлянкова, Прага

Аўтар артыкулу Ўладзімер Сокар з Вашынгтонскага Інстытуту стратэгічных і палітычных дасьледваньняў мяркуе, што амэырканскі прэзыдэнт Джордж Буш мусіць цягам сваёй маючай адбыцца на наступным тыдні сустрэчы з Уладзімерам Пуціным ясна заявіць: развал Савецкага Саюзу быў канчатковым. СССР аднавіць нельга.

На думку спадара Сокара, асноўнымі на перамовах мусяць быць тры пытаньні. Па-першае, Расея мусіць спыніць спробы ізноў захапіць Грузію ды Малдову. Па-другое, Расея не атрымае манаполію на транзыт касьпійскай нафты і газу. Па-трэцяе, недапушчальна, каб Расея заганяла Беларусь і Украіну ў Эўразійскі эканамічны саюз, які аднаўляе кантроль Масквы над часткай тэрыторыі Эўропы.

Аўтар падкрэсьлівае, што перамога на гэтых франтах фактычна зьменіць той статус-кво, які склаўся ў Эўропе пасьля завяршэньня халоднай вайны. Больш таго, заходнія краіны могуць патрапіць у залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў, а таксама дазволіць Маскве не дапускаць удзелу былых савецкіх рэспублік у кааліцыях, якія ачольваюць Злучаныя Штаты.

На думку аўтара, асноўны цяжар расейскага ціску нясе Грузія, якая разам з Азэрбайджанам зьяўляецца ключавой дзяржавай для рэалізацыі расейскай палітыкі ў Эўразіі. Спадар Сокар адзначае, што Расея практычна анэксавала Абхазію і Паўднёвую Асетыю і падтрымлівае гандлёвыя і транспартныя дачыненьні з гэтымі непрызнанымі рэспублікамі. Аўтар артыкулу падкрэсьлівае, што палітыку Крамля ў дачыненьні да Грузіі ўжо фактычна нельга лічыць абмежаванай нейкімі міжнародымі законамі.

У Малдове Ўладзімер Пуцін прымушае прэзыдэнта Ўладзімера Вароніна легалізаваць расейскую ваенную прысутнасьць і прарасейскі ўрад непрызнанага Прыднястроўя.

У Касьпійскім рэгіёне Масква разам з Тэгеранам супрацьстаіць будаўніцтву любых транскасьпійскіх нафтаправодаў, якія маглі б стаць альтэрнатывай сёньняшняй манапольнай пазыцыі Расеі ў гэтым рэгіёне. Уладзімер Сокар адзначае, што менавіта наяўнасьць некалькіх нафтаправодаў адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША ў гэтым рэгіёне.

У дачыненьні да Беларусі і Ўкраіны Масква праводзіць палітыку ўцягваньня гэтых краінаў у Эўраазіяцкі Эканамічны Саюз (ЭўраАзЭС). У першую чаргу, каб стварыць вялікі рынак для прадукцыі, якая на сусьветных рынках была б неканкурэнтаздольнай.

На думку спадара Сокара цягам расейска-амэрыканскага саміту прэзыдэнт Пуцін паспрабуе пераканаць Джорджа Буша падтрымаць далучэньне Расеі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі на асаблівых умовах. На думку аўтара артыкула Белы дом мусіць адказаць, што ЭўраАзЭС і УГА – несумяшчальныя катэгорыі.

Уладзімер Сокар мяркуе, што прэзыдэнт Пуцін расчараваў тых, хто спадзяваўся на тое, што ён будзе рэфарматарам і ляяльным саюзьнікам Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам і распаўсюдам ядзернай зброі. І ні ў якім выпадку, завяршае свой артыкул супрацоўнік Вашынгтонскага Інстытуту пашыраных стратэгічных і палітычных дасьледваньняў, нельга дараваць спробы Крамлю аднавіць былую моц у Эўразіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG