Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА БЫЎ НА ПЭРЫФЭРЫІ ЎВАГІ САМІТУ


Віталь Цыганкоў, Менск

Ці азначае падпісаньне пагадненьня аб фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны новы крок у эканамічным супрацоўніцтве дзяржаваў СНД? Альбо гэты дакумэнт паўторыць сумны лёс іншых непрацоўных пагадненьняў у рамках СНД? Ці ня сталі расейска-ўкраінскія дачыненьні для Крамля больш важнымі за расейска-беларускія?

Удзельнікі: зь Ялты — карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі, зь Менску — гісторык і палітоляг Аляксандар Ціхаміраў.

(Віталь Цыганкоў: ) “Cёньня ў Ялце закончыўся чарговы саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Напэўна, галоўным ягоным вынікам стала падпісаньне пагадненьня аб фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Расеі, Беларусі, Казахстану ды Ўкраіны. Наколькі гэта важны крок: ці азначае гэты дакумэнт рэальныя зрухі ў эканамічным супрацоўніцтве названых дзяржаваў, ці гэта чарговы дэкляратыўны дакумэнт, якіх было шмат пасьля развалу СССР?

Валер, спачатку вашыя ўражаньні: якое значэньне самі прэзыдэнты надалі падпісаньню гэтага пагадненьня?”

(Валер Каліноўскі: ) “Прэзыдэнты не гаварылі, што гэта вялікі, прарыўны крок, хаця пазытыўна ацэньвалі сваё рашэньне. Аляксандар Лукашэнка вельмі скептычна паставіўся да пэрспэктываў гэтай “чацьверкі” ў сувязі з пазыцыяй Украіны. Бо, як вядома, урад і парлямэнт Украіны патрабуюць пэўных агаворак, каб пагадненьне адпавядала Канстытуцыі і міжнародным дамовам Украіны.

У якасьці кампрамісу, каб Кіеў падпісаў гэты дакумэнт, прэзыдэнты дамовіліся пра разнахуткаснае ўваходжаньне розных дзяржаваў у гэтую дамову. Другі кампрамісны крок — прэзыдэнты адмовіліся называць органы, якія сфармаваныя ў рамках АЭП, наднацыянальнымі. Гэта будуць толькі фармоўныя органы.

Прадстаўнікі ўкраінскай апазыцыі выказваліся, што ўтварэньне АЭП можа прывесьці да аднаўленьня Савецкага Саюзу. Уладзімер Пуцін адзначыў, што гэта глупства, што гэтая старонка гісторыі перагорнутая, і вяртаньня аніякага ня будзе. Прэзыдэнты таксама адзначылі, што дзейнасьць новай супольнасьці будзе фармавацца ў рамках тых прынцыпаў, што існуюць у Сусьветнай Гандлёвай Арганізацыі”.

(Цыганкоў: ) “А як выказаўся Аляксандар Лукашэнка з нагоды падпісаньня пагадненьня?”

(Каліноўскі: ) “Аляксандар Лукашэнка толькі аднойчы выступіў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі і выказаўся скептычна менавіта таму, што Ўкраіна прэтэндуе на разнахуткаснае падключэньне да адзінай эканамічнай прасторы. Гэта, на ягоную думку, дэвальвуе ўвесь інтэграцыйны працэс, і калі ён ня будзе адпавядаць інтарэсам Беларусі, то Беларусь можа ў ім і ня ўдзельнічаць. Гэта была такая пагроза на пэрспэктыву. Аднак Лукашэнка, вядома, падпісаў гэтую дамову, хаця ў цэлым ён і раней ня быў вельмі захоплены ідэяй чацьверкі”.

(Цыганкоў: ) “Цікава, што нават да саміту афіцыйныя беларускія экспэрты выказвалі скептыцызм наконт адзінай эканамічнай прасторы. Напрыклад, начальнік цэнтру дасьледаваньняў геапалітыкі пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Валер Сураеў у інтэрвію Інтэрнэт-выданьню “Беларускія навіны” выказаў сумнеў, што чацьверка будзе больш эфэктыўнай за іншыя пагадненьні ў рамках СНД, бо гэтыя чатыры дзяржавы геапалітычна вельмі па-рознаму накіраваныя…”

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “Можна пагадзіцца, што новую супольнасьць чакае незайздросны лёс. Ад пачатку 1990-х увесь час лунае ідэя стварэньня агульнай эканамічнай прасторы. Але ўсе гэтыя ініцыятывы заканчваюцца нічым. Ствараюцца толькі органы, у якіх працуе шмат народу, атрымлівае добры заробак, пішуць праграмы, канцэпцыі, рэзалюцыі і гэтак далей. Потым зьбіраюцца кіраўнікі дзяржаваў СНД, канстатуюць, хто нічога ня рухаецца — значыць, трэба стварыць нешта новае.

Што на гэты раз выклікае такія сумневы? Сапраўды, найперш асобны статус Украіны. Калі ў Эўразьвязе ёсьць разнахуткасная інтэграцыя, гэта зразумела. Там у дзяржаваў ёсьць агульная мэта — паляпшэньне дабрабыту насельніцтва, спрашчэньне кантактаў і гэтак далей. На прыкладзе СНД мы бачым, што кантакты лягчэйшымі ня робяцца, а наадварот, дзяржавы ўсё больш аддаляюцца адна ад адной.

Між іншым, практычна для ўсіх дзяржаваў СНД (акрамя Беларусі) асноўны гандлёвы партнэр — ня іншая краіна СНД, а, скажам, Эўразьвяз, альбо, напрыклад, Кітай для Казахстану. І гэта прыводзіць да таго, што ўсе спробы стварыць нешта агульнае заканчваюцца нічым. Часьцей за ўсё яны праходзяць пад нэгатыўнымі лёзунгамі: “сябраваць” субраць кагосьці іншага”.

(Цыганкоў: ) “Крэмль актыўна імкнецца вярнуць Украіну ў сфэру свайго ўплыву. Таму Масква ахвотна ідзе насустрач Кіеву і робіць яму пэўныя рэвэрансы. Гэтак, “Газпром” мае намер павялічыць аб’ём транзыту газу праз украінскую тэрыторыю. Многія дасьледчыкі робяць выснову, што расейска-ўкраінскія дачыненьні могуць узмацніцца і прынесьці пэўныя страты беларуска-расейскім адносінам. Валер, ці адчувалася ў Ялце, што на фоне напружаных і спрэчных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы расейска-ўкраінскія дачыненьні больш гарманічныя?”

(Каліноўскі: ) “Відавочна. Гэтак можна меркаваць і з тых сустрэчаў, якія адбываліся напярэдадні і падчас саміту ў Леаніда Кучмы і Ўладзімера Пуціна. Гэта былі доўгія размовы, Крэмль нават пайшоў на істотныя саступкі ўкраінскай ідэі зоны вольнага гандлю. Гэта, магчыма, будзе стратная ідэя для Масквы, але яна на гэта ідзе, каб падтрымаць Кучму.

З Аляксандрам Лукашэнкам Пуцін сустракаўся на гэты момант толькі аднойчы — на 30 хвілінаў і без усялякіх прыкметных вынікаў. І, магчыма, адчуваючы нейкую рэўнасьць да Леаніда Кучмы, да Ўкраіны, Лукашэнка нават спрабаваў сваімі рэзкімі выказваньнямі выступіць супраць асаблівай пазыцыі Ўкраіны і неяк разбурыць гэты цяжкі для Пуціна працэс уцягваньня Кіева”.

(Цыганкоў: ) “Аляксандар, вы назіраеце за адносіны Беларусі зь іншымі краінамі ў гістарычнай пэрспэктыве. Як мяняліся дачыненьні ў трохкутніку Беларусь-Расея-Ўкраіна і ў якім стане яны сёньня?”

(Ціхаміраў: ) “Само стварэньне СНД было зьвязана з жаданьнем Расеі захаваць Украіну ў нейкім хаўрусе. Без Украіны Расея адчувае сябе неяк няўтульна. У сярэдзіне 1990-х для Расеі больш прыярытэтнымі зрабіліся стасункі зь Беларусьсю. Але нагадаю, што расейска-беларуская інтэграцыя разглядалася з гледзішча лякаматыву інтэграцыі на ўсёй постсавецкай прасторы. Таму Расея рабіла саступкі на карысьць кіраўніцтва Беларусі, не зважала на нейкія заявы з боку Лукашэнкі.

Аднак на пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя расейскія палітыкі ўбачылі, што збліжэньне зь Беларусьсю не дае таго эфэкту, якога ад яго чакалі. Таму зноў для Крамля больш прыярытэтнымі сталі дачыненьні з Украінай. Пашыраюцца кантакты, кіраўнікі ўвесь час сустракаюцца, дні культуры і гэтак далей. А Беларусь сапраўды адыходзіць на нейкі другі плян — ёй прапануецца альбо стаць часткай Расеі, альбо нічога не патрабаваць”.

(Цыганкоў: ) “Як беларускае кіраўніцтва павінна рэагаваць на зьмену прыярытэтаў у расейскай палітыцы?”

(Ціхаміраў: ) “Калі яно сапраўды хоча збліжэньня постсавецкіх дзяржаваў, трэба зьмірыцца, што Ўкраіна атрымае статус лепшы ў параўнаньні зь Беларусьсю. Між іншым, так было, калі ствараўся Савецкі Саюз — Украіна мела асаблівыя правы і паўнамоцтвы, замежныя прадстаўніцтвы, напрыклад; у Беларусі гэтага не было.

Калі Менску важная ідэя збліжэньня дзяржаваў на прасторы СНД, тады трэба мірыцца з разнахуткаснай інтэграцыяй, і выбіраць тое, што табе падыходзіць. А калі іншыя мэты — напрыклад, прабіцца на расейскую палітычную арэну, то тады для Аляксандра Лукашэнкі гэта сапраўды трагедыя. Бо стаўленьне Расеі робіцца больш прагматычным як да Беларусі, гэтак і да Ўкраіны”.

(Цыганкоў: ) “Часта на самітах СНД менавіта кіраўнік Беларусі, часам дзякуючы нейкім скандальным заявам, апынаўся ў цэнтры ўвагі. Як было на гэтай сустрэчы?”

(Каліноўскі: ) “Ведаеце, Лукашэнка прыехаў на саміт адным з апошніх, і фактычна двухбаковых сустрэчаў не праводзіў. Ён адказаў толькі на адно пытаньне на выніковай прэсавай канфэрэнцыі, і тое пытаньне было ад Беларускага тэлебачаньня. Цікавасьці да яго ніякай не было, большая цікавасьць была да Пуціна і Кучмы, іхнфх сустрэчаў, перамоваў, а таксама да Ільхама Аліева, верагоднага пераемніка свайго бацькі, прэзыдэнта Азэрбайджану Гэйдара Аліева, які ўпершыню зьявіўся ў гэтым “клюбе”. А Аляксандар Лукашэнка быў на пэрыфэрыі ўвагі гэтага саміту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG