Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАХ БЕЛАРУСІ ВЯДЗЕЦЦА АКТЫЎНАЯ ІДЭАЛЯГІЧНАЯ ПРАЦА


Ганна Соусь, Менск

Адметна, што сярод апытаных мной выпадковых мінакоў на менскіх вуліцах у многіх дзеці альбо сваякі ўжо ўступілі альбо іх заклікаюць увасьці ў шэрагі піянэраў ці Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Меркаваньні людзей падзяліліся — адны катэгарычна супраць прымусовага ўступленьня моладзі ў ідэалягічныя арганізацыі, а другія з настальгіяй згадваюць свае піянэрскія і камсамольскія гады і хочуць, каб і цяперашяння моладзь была задзейнічаная ў гэткіх жа арганізацыях.

(Спадарыня: ) “Думаю добра, калі ў піянэры. Хай вяртаецца гэтая піянэрская арганізацыя. Будзе навучаць дзяцей дысцыпліне, павазе да Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ваш сын ужо ўступіў у піянэры?”

(Спадарыня: ) “Так, ён піянэр”.

(Спадар: ) “Звычайная дурасьць савецкая. З савецкага часу засталася. Лукамольцаў і камсамольцаў, акрамя як у кабінэце на цёплым крэсьле, ня знойдзеш. Гэта ўся іхная праца — атрымаць дармавыя грошы, забраць ад старых і малых, сядзець і рукі цягнуць на ўсе прапановы начальства”.

(Другі спадар: ) “Я чуў, што мае сябры ўступаюць, але нам нічога такога пакуль не гаварылі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы ведаеце пра тое, што ў многіх месцах гэта прымусова робіцца?”

(Другі спадар: ) “Так”.

(Трэці спадар: ) “Пакуль мяне ніхто не заклікаў уступаць у піянэры ці Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ні туды, ні туды я не падыходжу”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, наколькі я ведаю, гэта добраахвотная справа. У мяне дачку таксама запрасілі ў гэты саюз моладзі, але ў прынцыпе ніякага ціску не было. Прапанавалі ім, распавялі пра праграму, сказалі, што гэта вельмі цікава. На маю думку, яна можа й пойдзе”.

(Спадар: ) “У мяне сям’я старой беларускай інтэлігенцыі, і таму я да гэтага вельмі адмоўна стаўлюся. І я за тое, каб кожны чалавек меў сваё права выбару. Прымус улады ў гэтым напрамку — гэта ня толькі вельмі дрэнна, але й вельмі глупа”.

(Спадарыня: ) “Права кожнага вырашаць за сябе. Калі былі піянэрскія арганізацыі, можа ня ўсё там было добра, але ў цэлым дзеці былі арганізаваныя, займаліся нейкімі добрымі справамі, вэтэранам дапамагалі, макулятуру зьбіралі, а цяпер швэндаюцца ў найлепшым выпадку ў кампутарнай клясе”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што цяпер у многіх навучальных установах дзяцей і падлеткаў прымушаюць уступаць у піянэры й Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі?”

(Спадар: ) “Гэта агідна. Вяртаюцца да таго, што было. Дзякуй Богу, калі зьвернуцца сумленныя й разумныя бацькі, якія дапамогуць адстаяць голас свайго дзіцяці”.

(Хлопчык: ) “Ухваляем гэта. У кожнага дзіцяці павінны быць нейкія абавязкі перад горадам, перад сталіцай, перад Радзімай”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ўваходзіце вы ў нейкую арганізацыю?”

(Хлопчык: ) “Так, у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

(Спадарыня: ) “Вы выпадкова натрапілі на настаўніка. Нашую моладзь трэба неяк зарганізаваць, таму што тое, што цяпер адбываецца ў грамадзтве, ім не на карысьць. Калі іх не захапіць нейкай ідэяй, ідэалёгіяй, то мы проста згубім моладзь”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Трэба маладых выхоўваць так, каб яны зь дзяцінства разумелі, што кепска, а што добра, і што гэта ім не патрэбна наогул ні для жыцьця, ні для душы”.

Гэтак паставіліся мінакі на менскіх вуліцах да таго, як цяпер у навучальных установах аднаўляюць моладзевыя ідэалягічныя арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG