Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ – ХРАНАЛЁГІЯ КАНФЛІКТУ. ЯК КАМЭНТУЮЦЬ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ КАНФЛІКТ РАСЕЙСКІЯ СМІ?


Юры Дракахруст, Прага

Нагадаем, што 27 жніўня прэзыдэнт Расеі накіраваў Лукашэнку ліст, у якім прапанаваў тэрмінова падпісаць пагадненьне пра пераход на расейскі рубель. Пасланьне Пуціна сталася адказам на заяву кіраўніка Беларусі пра тое, што з увядзеньнем расейскага рубля ня трэба сьпяшацца і што ў яго, як кіраўніка дзяржавы, маюцца перасьцярогі, каб Беларусь пры гэтым ня стала другараднай дзяржавай.

2 верасьня кіраўнік Беларусі накіраваў у Маскву адказ, у якім заявіў, што да падпісаньня валютнага пагадненьня Расея мусіць выканаць шэраг умоваў і выплаціць Беларусі кампэнсацыю за страты ў выніку ўвядзеньня расейскага рубля.

На наступны дзень Гомельскі абласны гаспадарчы суд арыштаваў 15% акцыяў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, якія належалі расейскай кампаніі “Слаўнафта”.

4 верасьня кіраўнік “Газпраму” Аляксей Мілер паведаміў беларускаму боку, што “Газпрам” спыняе перамовы наконт стварэньня сумеснага прадпрыемства зь “Белтрансгазам” і прапануе ўраду Расеі з 1 студзеня 2004 году спыніць пастаўкі ў Беларусь таннага газу.

12 верасьня кампанія “Гомельтранснафта” паведаміла расейскім кампаніям “Сібнафта” і “Слаўнафта, што 84 тысячы тонаў нафты, якую гэітыя кампаніі меркавалі прадаць на Захад, пойдзе на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыенмствы – у Мазыр і Наваполацак.

У мінулую суботу прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў падпісаў распараджэньне, паводле якога пастаўкі таннага газу ў Беларусь спыняюцца пасьля 31 сьнежня. Расейскі прэмьер, праўда, дадаў, што гэта не азначае скасаваньня двухбаковага газавага пагадненьня, ён прапанаваў “Газпраму” вярнуцца за стал перамоваў наконт “Белтрансгазу”. Аднак у той жа дзень, выступаючы па НТВ кіраўнік “Газпраму” Мілер фактычна адмовіўся ад гэтай прапановы, патлумачыўшы, што пазыцыі “Газпраму” і “Белтрансгазу” дыямэтральна супрацьлеглыя.

Мілер абвінаваціў беларускі бок у парушэньні пагадненьня пра роўныя цэны, паводле яго Беларусь, куплояючы ў Расеі газ па 30 даляраў за тысячу кубамэртаў, прадае яго спажыўцам за 50 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Аляксандар Лукашэнка назваў рашэньне расейскага ўраду пра спыненьне ільготных паставак газу помстай за адмову Беларусі пераходзіць на расейскі рубель. “Мы нікому не дазволім шантажаваць сябе – ані Захаду, ані Расеі. Мы застанемся свабоднай, незалежнай і нязломнай краінай” – заявіў беларускі кіраўнік.

Паводле яго рашэньне расейскага ўраду будзе каштаваць Беларусі дадаткова ня больш як 120 мільёнаў даляраў штогод.

Таксама ў суботу кіраўнік расейскага ураду выказаў занепакоенасць арыштам у Беларусі маёмасьці расейскіх кампаніяў, прынамсі , пакету акцыяў, якія належаць “Слаўнафце”. Касьянаў прыгадаў таксама і скаргу кампаніі “Транснафтапрадукт”, беларускі бок ставіць пад сумнеў права ўласнасьці гэтай кампаніі на бэнзаправоды, што праходзяць па беларускай тэрыторыі.

Як камэнтуюць беларуска-расейскі канфлікт расейскія мэдыі?

Каб адчуць тон камэнтароў, я працытую некаторыя загалоўкі:

“Новые известия” – “Помста вялікага брата”, “Коммерсант” – “Лукашэнка працягнуў руку ў “Дружбу” (маецца на ўвазе нафтаправод “Дружба”), ізноў “Коммерсант” – “Пуцін напалохаў Лукашэнку рублем”, “Время новостей” – “Пошук кепскага міру”, “Ведомости” –“Беларусь перакрыла трубу”, “Русский курьер” – “Псыхічная атака Менску”, газэта “Россия” –“Ад любові да нянавісьці - адзін газ”.

Варта прыгадаць і некаторыя цікавыя падрабязнасьці, якія падаюць расейскія выданьні. Напрыклад, “Новые известия” даюць разьлік беларускіх крокаў у адказ на газавы наступ Масквы. Газэта нагадвае, што зараз “Газпрам” плоціць за перапампоўваньне газу ў Эўропу празь Беларусь па расейскіх расцэнках. Калі ж Беларусь падыме тарыф да ўсходнеэўрапэйскага ўзроўню, то транзыт будзе абыходзіцца “Газпраму” ў 260 мільёнаў даляраў штогод. Пра магчымасьць такога кроку ў адказ заявіў у выходныя віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў.

“Коммерсант” ставіць пад сумнеў заяву Аляксандра Лукашэнкі, што скасаваньне ільготных паставак абыйдзецца Беларусі ў 120 мільёнаў даляраў. Паводле падлікаў выданьня, калі Беларусь будзе атрымліваць увесь газ па ўкраінскіх расцэнках, выдаткі ўзрастуць мінімум на 300 мільёнаў даляраў, а калі паводле латвійскіх – на 700 мільёнаў даляраў штогод.

Паводле “Времені новостей” У Крамлі вырашылі, што да выбараў фарсыраваць інтэграцыйныя працэсы ня мае сэнсу – нікчэмнасьць высілкаў прынесла б толькі страты ў выбварчай кампаніі. Аднак і скатвацца да адкрытай варожасьці з Лукашэнкам Крэмль таксама ня хоча” – піша газэта.

Камэнтуючы акцыі адносна расейскіх кампаніяў у Беларусі, “Ведомости” цытуюць прыдстаўніка расейскага ўраду, які мае дасьвед перамоваў зь Беларусяй: “Гэта тыповая манэра Лукашэнкі – набіраць козыры для гандлю. Праблемы сьвядома абвастраюцца, каб Лукашэнка выглядаў абаронцам беларускага грамадства”.

Ота Лацыс у “Руским курьеры” разглядае праблему двухбаковых гандлёвых адносінаў шырэй: паводле яго энэрганосьбіты складаюць толькі траціну расейскага экспарту ў Беларусь, а паводле ўсіх пазыцыяў гадавы гандлёвы дысбалянс складае амаль паўтара мільярду даляраў на карысьць Расеі. Заходзячы з гэтага, аглячдальнік “Руского курьера” называе апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі “бездапаможным шантажом” Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG