Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ІРАКУ ПРЫЗНАЧАНЫ ПРАДСТАЎНІК КУРДЗКАЙ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ ХАШ’ЯР ЗЭБАРЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сёлета ў чэрвені спадар Зэбары паведаміў, што былі знойдзеныя беларускія пашпарты з прозьвішчамі былых чыноўнікаў рэжыму Хусэйна. Пашпарты зь Беларусі былі знойдзеныя ў Абэда Хаміда Махмуда, блізкай да Садама асобы. Ён быў затрыманы амэрыканскімі вайскоўцамі каля гораду Тыкрыт. Пра гэта брытанскую газэту “Independent” паінфармаваў менавіта Хаш’яр Зэбары, тагачасны прадстаўнік кіраўніцтва курдаў, які займаўся пошукамі Садама Хусэйна. І вось цяпер спадар Зэбары стаўся новым міністрам замежных справаў у часовым урадзе Іраку.

Гэтае прызначэньне супала з кадравымі зьменамі ў ірацкай амбасадзе ў Маскве. Нагадаю, што ўсе іншыя амбасады Іраку ў краінах СНД былі ліквідаваныя. Новы кіраўнік ірацкай місіі ў Маскве — Хішам Ібрагім Абдулразак — са статусам часовага паверанага пераехаў у сталіцу Расеі з Кіеву. Менавіта ён і адкрыў ірацкую амбасаду ўва Ўкраіне ў студзені 2002 году. Я патэлефанаваў у амбасаду Іраку ў Маскве, дзе адзін з супрацоўнікаў паведаміў, што зь Менску ніхто зь ірацкіх дыпляматаў туды не пераяжджаў.

На маё пытаньне, што будзе з маёмасьцю, старым і новым будынкамі амбасады Іраку ў Беларусі, супрацоўнік маскоўскай місіі гэтай краіны, які прасіў называць яго толькі “крыніцай”, адказаў гэтак:

(Дыплямат: ) “Гэта ўласнасьць Іраку, так?.. Вядома, застанецца. Тут у нас у Маскве яшчэ ёсьць уласнасьць — гэта арабская школа, трох-чатырохпавярховы будынак ля Крамля проста… Ёсьць шмат уласнасьці ў Расеі. Але ж гэта не залежыць ад таго, які рэжым там”.

Ірацкі дыплямат выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ягоныя калегі ў Менску адключылі тэлефоны ў амбасадзе й не выходзяць на сувязь.

(Дыплямат: ) “А што, яны пакінулі маёмасьць і зьехалі? Нікога, сапраўды. Сапраўды няма нікога”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе неўзабаве адказваць за кантакты зь Беларусьсю ірацкая амбасада ў Маскве?”

(Дыплямат: ) “Вядома, гэта ж у Беларусі нядаўна стварылі. Да таго, як адкрылі амбасаду ў Менску, гэта было ў Маскве. Натуральна, і будзе з Масквы ўсё каардынавацца. Але гэта пры тым, што акупацыя скончыцца, і будзе створаны сапраўды нацыянальны, сапраўдны незалежны ўрад. Пакуль там складанасьці вельмі вялікія — гэта балота…”

А вось што пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Шупляк.

(Шупляк: ) “Мы нічога новага ня маем. Амбасада закрытая — паводле той інфармацыі, якую мы маем. Ніякіх зваротаў да нас адносна таго, што нехта, скажам, з Масквы ці зь нейкага іншага гораду будзе прадстаўляць у Беларусі інтарэсы Іраку, сюды ў МЗС не прыходзіла. Нават калі нехта ў Менску ёсьць або зьехаў, наколькі мне вядома, дыпляматычнага статусу яны ня маюць. Яны ў нас як дыпляматы на сёньняшні дзень не акрэдытаваныя”.

Наконт далейшага лёсу новага будынку ірацкай амбасады ў Менску ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі ня ведаюць. Адмовіліся што-небудзь сказаць пра гэты недабудаваны комплекс у цэнтры Менску і ў сталічным камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG