Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ВАЙСКОЎЦЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ПОШУКІ САДАМА ХУСЭЙНА


Тацяна Поклад, Прага

Садам Хусэйн вярнуўся ў свае родныя мясьціны – ён у Тыкрыце, там, дзе яго сям’я, яго родны клян, – людзі, якім ён можа давяраць. “Мы схопім яго”, – упэўнена заяўляе кіраўнік пошукавай групы.

У гэтым перакананыя і амэрыканскія вайскоўцы, якія палююць за Садамам Хусэйнам. Яны цьвердзяць, што двойчы былі блізкія да таго, каб захапіць альбо забіць былога ірацкага лідэра.

Амэрыканскія вайскоўцы зьдзяйсьняюць маштабную апэрацыю пошуку на бязводных раўнінах вакол Тыкрыту з удзелам сотняў жаўнераў. Часам адбываецца па некалькі рэйдаў за адну ноч. Цягам апошніх двух месяцаў арыштаваныя ужо болей за 600 чалавек, у ліку якіх некалькі ахоўнікаў Садама.

Пакуль Садам Хусэйн, пэўна, усё яшчэ мае прыхільнікаў, згодных хаваць яго, вайскоўцы будуць рабіць усё, каб зьменшыць гэтае кола – сеціва для прытулку былога ірацкага лідэра – і такім чынам, паступова ён згубіць магчымасьці хавацца.

Палкоўнік Джэймс Гікі камандуе трохтысячнымі сіламі, што займаюцца штодзённымі рэйдамі вакол Тыкрыту. Палкоўнік кажа: “Нашы апэрацыі грунтуюцца на тым, што Садам тут. І калі ён тут, мы знойдзем яго. Рана ці позна. Хутчэй за ўсё рана, я упэўнены”. Палкоўнік Гікі распавёў карэспандэнту “The New York Times”, што двойчы атрымоўваў зьвесткі ад выведкі, што Садам Хусэйн знаходзіцца блізу Тыкрыту.

Адзін з прадстаўнікоў ірацкай апазыцыі заявіў у панядзелак, што Садама бачылі прыкладна тыдзень таму ў Багдадзе. Некаторыя тыкрытцы з гатоўнасьцю пацьвярджаюць, што дзе б ні зьяўляўся Садам, яго асноўны прытулак – блізу Тыкрыту. Тут жывуць многія, каму Садам дапамагаў. Паховіны ў суботу сыноў і ўнука Садама Хусэйна далі дастаткова доказаў пра настальгію па былым рэжыме ў гэтых мясьцінах. Старэйшына кляну, шэйх Ісмаэль аль-Дзібіс, кажа: “Садам з намі у Тыкрыце, і амэрыканцы ня знойдуць яго. Яны ня здолеюць знайсьці яго, нават калі будуць шукаць сотні гадоў”.

Амэрыканцы ўпэўненыя, што змогуць. Што да інфармацыі, то спадзевы вайскоўцаў – ня толькі на ўзнагароды, абяцаныя за зьвесткі пра Садама. Найбольшыя спадзевы – на дапамогу тых мясцовых жыхароў, якія пацярпелі ад былога рэжыму. Чалавек, які назваўся Хасанам і які выглядае як тыповы рэлігійны фундамэнталіст, кажа: “Тры чвэрці Іраку ня любяць Садама, і жыхары Тыкрыту – не выключэньне. Сям’я Садама забівала і мучыла людзей тут гэтак жа, як і па ўсім Іраку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG