Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ЗЕРНЕ НЕ ПАТРЭБНАЕ ХЛЕБАПЁКАМ


Алег Супрунюк, Берасьце

На Берасьцейшчыне чарговы раз абяцаюць сабраць з калгасных палеткаў ня менш за 1 мільён тон збожжа. Каб своечасова правесьці сяўбу ды жніво, гаспадаркі Берасьцейскай вобласьці вымушаныя былі браць банкаўскія крэдыты, вяртаць якія плянавалася пасьля продажу зерня новага ўраджаю. Але гэтыя спадзяваньні могуць ня спраўдзіцца, бо гэтае зерне дагэтуль застаецца ў калгасных сховішчах. Вось што паведаміў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “Камароўка” Сяргей Чэраўко:

(Чэраўко: ) “У нас цяпер ляжыць дзесьці 350 тон жыта, а прадаць яго мы ня можам. Жыта ёсьць, але грошай нам ня плацяць. Атрымліваецца так, што жыта сёлетняга ўраджаю, якое можна скарыстаць у вытворчасьці хлеба, нікому не патрэбнае. Чаму так адбываецца, мы ня ведаем. Млынкамбінаты заваленыя зернем, браць ня хочуць яшчэ зь мінулага году”.

Падобныя праблемы напаткалі й іншыя гаспадаркі Берасьцейшчыны. У прадпрыемстве “Брэстхлебпрам” пацьвердзілі, што купляць зерне ў айчынных вытворцаў атрымліваецца даражэй, чым за мяжой, але не пажадалі назваць канкрэтных лічбаў. Кіраўнік аддзелу забесьпячэньня гэтага прадпрыемства Аляксей Рубалка зазначыў толькі, што апошнім часам назіраецца падвышэньне коштаў.

(Рубалка: ) “Мы купляем муку і літаральна калі не празь месяц, дык раз на два-тры месяцы кошты абавязкова падвышаюцца. Зразумела, нам таксама, хочаш — ня хочаш, а трэба плаціць”.

Паводле дасьведчаных крыніцаў у абласным камітэце сельскай гаспадаркі, цяперашняе становішча, якое тычыцца закупак збожжа, можа істотна паўплываць на вытворчасьць зерня ў наступныя гады. Шмат якія гаспадаркі будуць вымушаныя скараціць плошчы для зерневых культураў, каб пазьбегнуць дадатковых стратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG