Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУНА-ПАРК ЯК НАЙКАРАЦЕЙШАЯ ДАРОГА "НА НЕБА"


Ігар Карней, Менск

Вінаватых не знайшлі, сьпісаўшы ўсё на гэтак званую "стомленасьць металу". Тым часам, шматлікія перасоўныя атракцыёны, якія існуюць фактычна ў аўтаномным рэжыме і нікому не падпарадкоўваюцца, працягваюць гастраляваць па краіне.

Чэскі луна-парк, на якім і адбылася травеньская трагедыя ў Берасьці, паволі набліжаецца да сталіцы. Днямі трэйлеры з дазволу кіраўніцтва мясцовага выканкаму дыслякаваліся ў Дзяржынску, але жыхары не сьпяшаюцца на гэтыя атракцыёны. Чуткі пра здарэньне ў Берасьці да іх дайшлі. Берасьцейскі досьвед паказаў, што фактычна ніхто не бярэ на сябе адказнасьць за магчымыя траўмы.

Адна з супрацоўніц Берасьцейскага гарвыканкаму распавяла, што высновы з травеньскай трагедыі яны зрабілі і ад пачатку лета ў абласным цэнтры не было выдадзена ніводнага дазволу на падобныя атракцыёны. Таму гастралёры памежны горад пакуль мінаюць і скіроўваюцца ў раённыя цэнтры бліжэй да сталіцы.

(Супрацоўніца выканкаму: ) "Вельмі складана стала пасьля таго сьмяротнага выпадку. Пракуратура працавала — столькі папераў было! Зараз усё ўскладнілася, вельмі высокія інстанцыі павінны выдаваць дазвол на запрашэньне, асабліва што тычыцца чэскіх луна-паркаў. Нават з улікам таго, што ў травеньскім выпадку ніхто быццам і не вінаваты — выканкам не плаціў нічога, кіраўнікі луна-парку таксама, паколькі іхнай віны не знайшлі. Сьпісалі на "стомленасьць металу", нябачныя трэшчыны, штосьці кшталту гэтага".

У іншых гарадох стаўленьне да гастралёраў больш паблажлівае. Кіраўнікі райцэнтраў аргумэнтуюць стабільную цікаўнасьць да луна-паркаў тым, што на будаўніцтва стацыянарных забаваў грошай ніколі ня будзе, а адмыслова выбірацца ў Менск занадта дорага. Тым болей, што забаўляльная інфраструктура малых гарадоў надзвычай бедная. Такім чынам, атрымаць дазвол на працу там гастралёрам не складана, а кантроль за тэхнічным станам ажыцьцяўляюць не мясцовыя спэцыялісты. а пэрсанал самога атракцыёну. Вось што гаворыць супрацоўніца аб'яднаньня "Белатракцыён" Ала Станкевіч.

(Cтанкевіч: ) "Перамовы наконт дыслякацыі луна-паркаў калі і вядуцца, то толькі з адміністрацыямі гарадоў, раённых цэнтраў. І калі вытрымліваюцца ўсе патрабаваньні паводле нарматыўных дакумэнтаў, то гэта нармальна. Іншая справа, на якія плошчы гэтыя атракцыёны ўсталёўваюцца: некаторыя патрабуюць бэтонных падушак, некаторыя могуць проста ўсталёўвацца на асфальт. Шмат залежыць ад надвор'я, бо ў гарачыню асфальт "плыве", атракцыён можа перакасіцца, і гэта адаб'ецца на ягоных тэхнічных характарыстыках. Але калі адміністрацыя бярэ на сябе сьмеласьць падпісваць дамовы і дае дазволы — пэўна ж яна пра нешта думае? Зямля ў нас дзяржаўная, і калі няма землеадводу, то, натуральна, ніякая прыватная фірма ня можа запрасіць да сябе луна-парк".

Цягам апошніх гадоў надзвычайныя здарэньні на заезджых атракцыёнах здараліся двойчы — у Воршы і Берасьці. У абодвух выпадках загінулі маладыя людзі, і ніхто за гэтыя сьмерці не адказваў. Таму ў Дзяржынску, дзе зараз спыніўся чэскі луна-парк, хаатычна ствараецца своеасаблівы рух байкоту атракцыёнаў, тэхнічны стан якіх не гарантуе бясьпекі людзям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG