Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁНІК ТАРАСЭВІЧ: “ЯКОЕ ЁСЬЦЬ “БАСОВІШЧА”, ТАКАЯ БУДЗЕ І БУДУЧЫНЯ”


Аляксей Дзікавіцкі, Гарадок-Варшава

(Ілона Карпюк: ) “XIV фэстываль “Басовішча” лічу адкрытым!”

Голас старшыні Беларускага Аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы Ілоны Карпюк, якая афіцыйна адкрыла XIV “Басовішча”, як аказалася, быў толькі прадвесьнікам таго, што сёлета на фэстывальнай сцэне будуць дамінаваць жаночыя галасы, прычым у даволі цяжкім выкананьні. Дарэчы, менскі гурт INDIGO з жаночым вакалам атрымаў адразу дзьве ўзнагароды: найбольш каштоўную для маладых выканаўцаў – 20 гадзінаў запісу ў прафэсійнай студыі радыё “Беласток”, а таксама ўзнагароду Зьвязу беларусаў Польшчы.

Іншым адкрыцьцём “Басовішча 2003” стаўся гурт “Triguetra” з цэнтральнай Польшчы, у складзе якога няма аніводнага беларуса. Даведаўшыся пра магчымасьць заграць на “Басовішчы”, музыкі пераклалі свае песьні на беларускую мову і выступілі так, што атрымалі ўзнагароду войта гміны Гарадок.

Сёлета ўпершыню на Басовішчы зьявіўся і беларускі рэп у выкананьні гурту IQ48, які атрымаў ўзнагароду Беларускага аб’яднаньня студэнтаў.

Натуральна, што ўсе гурты – і госьці і зоркі сьпяваюць на “Басовішчы” па-беларуску.

(Сьвятлана Сухака, гурт “Тарпач” зь Менску: ) “Трэба рабіць так, каб людзі слухалі сваё, беларускае. Беларусь – гэта значыць, беларуская мова!”

А вось як ацэньвае прафэсійны ўзровень сёлетніх канкурсантаў “Басовішча” сябра журы фэстывалю, знаны музычны крытык і аўтар тэкстаў Вітаўт Мартыненка.

(Мартыненка: ) “Выбіраць было цяжка. Калі на першых фэстывалях адразу можна было вызначыць пару гуртоў, якія добра граюць, а астатнія былі пачаткоўцамі, то цяпер усё зьмянілася. Цяпер шкада адкідаць добрыя гурты!”

Сёлета на фэстываль прыехалі каля 5 тысячаў слухачоў, прычым шмат хто зь іх бярэ ўдзел у “Басовішчы” ня першы раз.

(Слухач: ) “Я ўжо на “Басовішчы” трэці раз і гэта частка майго жыцьця!”

(Слухач: ) “Я люблю “Басовішча”, бо тут можа выйсьці энэргія маладых беларусаў. Тут хабя б можна свабодна мець нацыянальны сьцяг, ня так, як у Беларусі!”

(Слухач: ) “Шкада, што ў Беларусі чагосьці такога няма”.

(Слухач: ) “Гэта наш адказ “Славянскаму базару”, таму што менавіта тут канцэнтруецца беларуская культура!”

Чаму беларускі фэстываль цікавы для палякаў, якіх на “Басовішча” прыяжджае, можа, нават больш, чым беларусаў? Гаворыць беластоцкі журналіст, сябра журы Лукаш Сьцепанюк.

(Сьцепанюк: ) “Учора я сядзеў побач з журналістам адной вельмі паважанай польскай газэты. Ён казаў на пачатку, што не спадзяецца ўбачыць тут нешта асаблівае. Але пасьля конкурснай прагарамы, ён устаў, падаў мне руку і сказаў, што каб ведаў, якое ёсьць “Басовішча”, то прыяжджаў бы сюды ад самога пачатку”.

Акрамя ўласна музыкі, на “Басовішчы” можна было ў якасьці масоўкі ўзяць удзел у здымках мастацкага фільму, пачатак якога, паводле сцэнару, адбываўся на фэстывалі, а таксама пабачыць знаных беларусаў. Напрыклад, сусьветна вядомага мастака Лёніка Тарасэвіча, які быў адным з пачынальнікаў “Басовішча”.

(Тарасэвіч: ) “Басовішча” – гэта пульс нашай беларускай кандыцыі. Якое ёсьць “Басовішча”, такая будзе і будучыня”.

Пытаньне, якое часта можна пачуць на “Басовішчы” – чаму такой імпрэзы няма ў Беларусі? Вось што думае на гэты конт Вітаўт Мартыненка:

(Мартыненка: ) “Праблема ў адсутнасьці творчага і рэальнага жыцьця ў Беларусі, дзе граюць усе гэтыя гурты. Фэстываль можа ўзьнікнуць пры існаваньні нармальнай творчай атмасфэры ў самой Беларусі”.

Арганізатары фэстывалю кажуць, што наступнае 15-е Басовішча будзе трохі іншае – не такое, якім усе прызвычаіліся яго бачыць і чуць. Але нягледзячы ні на якія зьмены, адно застаецца пэўным – гэта і надалей будзе сьвята беларускай музыкі і беларускага вольнага духу, сьвята еднасьці паміж моладзьдзю падзеленага дзяржаўнымі межамі народу.

Варта дадаць, што галоўным фундатарам “Басовішча” ужо 14 гадоў запар ёсьць Міністэрства культуры Польшчы, а таксама шэраг прыватных польскіх кампаніяў і арганізацыяў беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Афіцыйны назоў Рэспубліка Беларусь на “Басовішчы” ніяк не прысутнічае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG