Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ РАІЦЬ FM-СТАНЦЫЯМ КАРЫСТАЦЦА АФІЦЫЙНЫМІ КРЫНІЦАМІ НАВІНАЎ


Ігар Карней, Менск

Сёньня месяц, як візыты кіраўнікоў сталічных FM-станцыяў ў Міністэрства інфармацыі сталіся традыцыйнымі. На такіх плянэрках міністар Міхаіл Падгайны асабіста рэкамэндуе радыйнікам тэмы, якія цягам тыдня вартыя асьвятленьня, а якія лепей абысьці. Але незадаволенасьць новымі патрабаваньнямі выяўляецца толькі кулюарна: на просьбу адкрыта выказаць сваё меркаваньне бальшыня кіраўнікоў адказала адмоўна — маўляў, усё гэта выкліча суровыя наступствы, ажно да закрыцьця радыё. І падобныя захады, на думку заснавальнікаў станцыяў, цалкам рэальныя, бо толькі ў адным выпадку (тычыцца гэта “Радыё Рокс”) радыё існуе на прыватныя сродкі, тады як усе астатнія маюць у долі акцыяў дзяржаўныя грошы.

Былы галоўны рэдактар “Радыё-2” Уладзімер Дзюба прыгадвае, што падобным чынам будавалася праца радыёжурналістаў і ў савецкі час: тады галіновыя структуры гэтаксама патрабавалі даваць пляны пэрспэктыўнага вяшчаньня. Цяпер да пагрозы вусных вымоваў дадалася і рэальная — страта магчымасьці вяшчаньня.

(Дзюба: ) “Кіраўнікі, заснавальнікі вось гэтых электронных СМІ найперш баяцца згубіць ліцэнзію на вяшчаньне. Яны і дагэтуль паводзілі сябе вельмі сьціпла, вельмі стрымана. Яны ўсе, калі ўзяць творчы бок, як пальцы на руцэ — падобныя адзін да аднаго. Грунтоўных, аналітычных праграмаў (я ня маю на ўвазе выключна палітыку), якія несьлі б карысную інфармацыю, выхаваўчы пасыл да слухача, на вялікі жаль, няма. Але, натуральна, што гэта справа кожнай, асобна ўзятай рэдакцыі.

Таму, калі зьвярнуцца да заканадаўства, “умяшальніцтва ў рэдакцыйную палітыку сродка масавай інфармацыі з боку любога чыноўніка (я цытую “Закон аб друку”) разглядаецца як навязваньне цэнзуры”. Гэта катэгарычна забаронена законам. І таму я ва ўсім гэтым бачу спробу ўзмацненьня ўціску на FM-радыёстанцыі, якія і так займаюць вельмі пасіўную пазыцыю адносна інфармаваньня пра тое, што адбываецца ў нашай краіне”.

Спробай аднаўленьня цэнзуры журналісты называюць распараджэньне Міхаіла Падгайнага, паводле якога службы інфармацыі FM-станцыяў абавязаныя дасылаць у галіновае міністэрства справаздачы аб кожным выпуску навінаў.

Прыкладам, “Альфа-радыё” перадае ў эфір навіны кожныя 15 хвілінаў, і праз чвэрць гадзіны ў міністэрства адсылаецца электронны ліст з тэкстам выпуску і з указаньнем крыніцы інфармацыі. Я патэлефанаваў намесьніку міністра інфармацыі Сяргею Булацкаму і запытаўся — навошта міністэрству патрэбныя тэксты інфармацыйных выпускаў?

(Булацкі: ) “Проста каб ведаць. Мы папрасілі, каб інфармацыю, якая тычыцца кіраўніка дзяржавы, высокіх асобаў яны бралі з афіцыйных крыніцаў — БелТА, “Інтэрфаксу”, паведамленьняў прэсавых службаў. Мы ня ўмешваемся ў іхныя творчыя працэсы, нейкую творчую канцэпцыю. Яны зацьвердзілі і падпісалі на рэспубліканскай камісіі ўмовы і кіруюцца імі ў сваіх дзеяньнях”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж ёсьць і прыватныя станцыі? І гэта іх прыватная справа, якімі крыніцамі карыстацца”.

(Булацкі: ) “Чаму прыватныя? Калі падняць дакумэнты, то ў многіх адным з заснавальнікаў зьяўляюцца рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы. Так што ў чыстым выглядзе прыватных радыёстанцыяў у нас няма”.

Самі журналісты з гэтай нагоды канстатуюць, што мусяць займацца самацэнзурай, каб адвесьці небясьпеку ад радыё. Некаторыя карыстаюцца нават своесаблівай эзопавай мовай журналістаў і будуюць фразы так, каб паміж радкамі чыталася праўда. Але ўжываць такі прыём усё больш складана. Вынік — ухіл у інфармацыйнай палітыцы робіцца ўсё больш на забаўляльныя ці музычныя навіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG