Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТЫ ПОЛЬШЧЫ І ЎКРАІНЫ СУПОЛЬНА АДКРЫЛІ ПОМНІК НА МЕСЦЫ РАССТРЭЛУ СОТНІ ПАЛЯКАЎ АДДЗЕЛАМ УПА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Прэзыдэнты Польшчы і Ўкраіны супольна адкрылі помнік польска-ўкраінскага яднаньня на месцы колішняга касьцёла ў Паўлаўцы, дзе 11 ліпеня 1943 году падчас нядзельнай імшы атрад УПА цягам некалькіх хвілінаў расстраляў каля сотні палякаў.

Гэты дзень стаўся пачаткам масавых забойстваў палякаў, якія жылі на Валыні. Паводле розных падлікаў, цягам году ад рук украінцаў загінулі ад 30 да 60 тысячаў асобаў польскай нацыянальнасьці.

На пачатку 1940-х гадоў частка ўкраінцаў спадзявалася, што пад нямецкай акупацыяй ім удасца стварыць украінскую дзяржаву, дзе для палякаў, якія да 1939 году гаспадарылі на землях заходняй Украіны, няма месца. Пасьля вайны, як бы ў адказ, польскія ўлады ў межах сумнавядомай акцыі “Вісла” гвалтоўна перасялілі дзясяткі тысячаў украінцаў з усходу на захад Польшчы. Некаторыя з тых, хто супраціўляўся, былі забітыя.

Гэтыя падзеі доўгі час былі значнай перашкодай для дабрасуседзскіх адносінаў паміж Польшчай і Ўкраінай, нагодай для ўзаемных абвінавачваньняў і крыўды.

Гэтак ёсьць дагэтуль. Дыскусіі ў парялмэнтах абедзьвюх краінаў, якія напярэдадні ўхвалілі аднолькавую заяву аб прымірэньні ў справе валыньскай трагедыі, яскрава гэта паказалі. Частка польскіх парлямэнтароў не хацелі пагадзіцца на тое, што ў заяве няма слова “генацыд”, – менавіта так, на іхную думку, трэба назваць тое, што зрабіла з палякамі УПА. У Сэйме дайшло амаль што да ўзаемных абразаў.

У сваю чаргу, украінскі парлямэнт прыняў гэтую заяву зь мінімальнай перавагай галасоў, бо шмат дэпутатаў палічылі, што там гаворыцца выключна пра трагедыю польскага народу, а пра ўкраінцаў, якія таксама гінулі ў той час, няма аніводнага слова.

Але і ва Ўкраіне, і ў Польшчы лічаць, што ўдзел Аляксандра Квасьнеўскага і Леаніда Кучмы ў жалобных мерапрыемствах у Паўлаўцы дае надзею на сапраўднае ўзаемнае прабачэньне, да якога напярэдадні палякаў і ўкраінцаў у адмысловым звароце заклікаў Папа Ян Павал ІІ.

Гаворыць прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

(Квасьнеўскі: ) “У масавых забойствах палякаў нельга абвінавачваць украінскі народ. Няма вінаватых народаў. За злачынствы заўсёды адказваюць канкрэтныя людзі. Трэба выказаць маральны пратэст супраць ідэалёгіі, якая спрычынілася да антыпольскіх акцыяў, зарганізаваных часткай украінскіх нацыяналістаў. Я ведаю, што для некаторых гэта балючыя словы. Аднак ніякімі мэтамі, у тым ліку і такімі высакароднымі, як сувэрэнітэт і свабода народу, нельга апраўдаць генацыд, разьню і гвалт над мірнымі людзьмі”.

Словы польскага прэзыдэнта пра тое, што за валынскія злачынствы нельга вінаваціць увесь украінскі народ, можа пацьвердзіць былы жыхар Валыні і дэпутат польскага Сэйму Зыгмунт Лісоўскі:

(Лісоўскі: ) “Мяне, тады яшчэ падлетка, выратавалі ўкраінцы з суседняй вёскі. Яны прыйшлі ўначы і забралі маю сям’ю, бо яны ведалі, што нас зьбіраюцца забіць”.

У сваёй прамове Аляксандар Квасьнеўскі заявіў таксама, што палякі разумеюць колішняе жаданьне ўкраінскага народу мець сваю незалежную дзяржаву, а таксама ўсьведамляюць, што зрабілі жыхарам заходняй Украіны шмат крыўды ў міжваенны пэрыяд.

Варта адзначыць, што напярэдадні, у часе ўшанаваньня 55 угодкаў пачатку акцыі “Вісла”, Аляксандар Квасьнеўскі ад імя польскага народу папрасіў за яе прабачэньня ў украінцаў.

Таго ж самага палякі чакалі сёньня ад Леаніда Кучмы ў Паўлаўцы. Украінскі прэзыдэнт, аднак, наўпрост гэтага не зрабіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG