Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ХРЫСЬЦІЯНЕ МОГУЦЬ ПРАДУХІЛІЦЬ РАСПАД СЯМ’І?


Сяргей Абламейка, Прага

З хрысьціянскага багаслоўскага пункту гледжаньня жанчына і мужчына адно аднаго ўзаемна дапаўняюць і адорваюць сваёй непадобнасьцю. Тэалёгія кажа, што жанчына большасьць падзеяў перажывае эмацыйна, а мужчына - рацыянальна. Мужчына, паводле хрысьціянскай тэалёгіі, створаны для таго, каб асэнсоўваць і зьмяняць сьвет, а жанчына – каб несьці сьвету любоў. І вось ужо некалькі тысяч гадоў, якія існуе так званая юдэа-хрысьціянская цывілізацыя, формай сужыцьця мужчыны і жанчыны ёсьць манагамны шлюб – адзін мужчына аб’ядноўваецца з адной жанчынай для супольнага выхаваньня дзяцей.

У сучаснай Беларусі ў розных цэрквах даволі распаўсюджаны рух хрысьціянскіх сем’яў. У пратэстантаў і католікаў ён больш шырокі, у праваслаўных - менш. У адной зь нядаўніх перадачаў “Сымбаль Веры” якраз ішла гаворка пра хрысьціянскія сем’і. Пагаворым мы пра іх і сёньня. Толькі тэмай гаворкі стануць распад сям’і, міты, якія існуюць вакол хрысьціянскіх сем’яў, і сродкі, пры дапамозе якіх хрысьціянскі шлюб можна захаваць.

***

Сучасная тэалёгія сям’і вылучае некалькі мітаў, якія распаўсюджаныя сярод вернікаў. Адзін зь іх – што каханьне, маўляў, усё пераможа. Аднак пад “каханьнем” кожны разумее нешта іншае, часта яно разумеецца як пачуцьцёвы кантакт. Але ён сам па сабе нічога не перамагае, таму што не існуе ў нязьменным выглядзе, а ў працягу жыцьця супругаў іх пачуцьцёвы кантакт увесь час мяняецца. Бываюць пэрыяды, што трэба мабілізаваць усе іншыя сілы, каб застацца жыць разам.

Другі распаўсюджаны міт, што калі людзі кахаюць адно аднаго, дык ня маюць канфліктаў. Але канфліктаў няма толькі ў параў, дзе адзін з партнэраў адмаўляецца ад сваёй кампэтэнцыі, пачынае выконваць ролю дзіцяці і прымае ад свайго партнэра ўсе рашэньні і прапановы як ад бацькі ці маці. Звычайныя ж пары заўсёды сутыкаюцца з сытуацыямі, на якія партнэры глядзяць па-рознаму, і здараюцца канфлікты.

Трэці міт, што веруючыя супругі ня могуць мець канфлікты, бо ім дапамагае Бог. З практыкі вядома, што канфліктаў хапае і ў вернікаў. Багасловы заклікаюць толькі да думкі, што каб не дапамога нябёсаў, канфліктаў было б значна больш.

Яшчэ адзін міт – што хрысьціянская сям’я павінна мець шмат дзяцей. Яна сапраўды павінна мець шмат дзяцей, але іх, як вядома, дае Бог. І калі ў нейкай сям’і іх мала ці няма наогул, такая пара зазнае націск з боку хрысьціянскага атачэньня, маўляў, вы не жывяце па-хрысьціянску і не выконваеце цалкам сваю задачу.

***

Так што і хрысьціянскія сем’і могуць апынуцца перад пагрозай распаду. Што рабіць вернікам у такой сытуацыі? Я запрасіў у студыю манаха, настаяцеля законнага дому Chemin Neuf зь мястэчка Тухамнержыцэ пад Прагай Каміла Новака. Слухачы могуць памятаць перадачу пра гэтае незвычайнае каталіцкае манаскае зграмаджэньне, куды могуць уваходзіць і сем’і, прычым розных веравызнаньняў. Тая перадача прагучала на пачатку вясны сёлета, і яе тэкст зьмешчаны на нашым сайце ў інтэрнэце. Дык вось айцец Каміл Новак зьяўляецца спэцыялістам якраз у сямейнай тэалёгіі. І я прашу яго адказаць на маё першае пытаньне.

(Абламейка: ) “На што часьцей за ўсё скардзяцца супругі, калі іх шлюб распадаецца? Я маю на ўвазе хрысьціянскія сем’і”.

(Новак: ) “З таго досьведу, што маю, я б сказаў, што гэта найперш праблема мужчын. Яны маюць шмат працы, зарабляюць грошы, каб трымаць сям’ю. Мужчыны аддаюць усё, каб, па-першае, зарабіць грошы, а па-другое, каб сябе рэалізаваць. Таму жанчыны, калі прыходзяць да нас, скардзяцца найперш на тое, што мужчыны, прыйшоўшы дадому, ужо ня маюць час на жонку. Прыходзяць і кладуцца ля тэлевізара або адразу ідуць спаць, або працягваюць працу дома. А жанчыне трэба толькі трошку любові, каб у яе зьявіліся дадатковыя сілы. А сучасныя мужчыны, бывае, ня могуць даць ім нават гэтую драбязу”.

(Абламейка: ) “Мы гаворым пра хрысьціянскія сем’і. Таму другое пытаньне – што вы можаце параіць вернікам-хрысьціянам, што яны павінны рабіць, каб уратаваць свой шлюб? Толькі маліцца?”

(Новак: ) “Гэта пытаньне ня толькі хрысьціянаў, але для ўсіх людзей. Найперш трэба зразумець, што перад вамі партнэр ці партнэрка, якую трэба паважаць і разумець яе патрэбы. Сэнс шлюбу ня ў тым, каб партнэр варыў і прасаваў нам адзеньне. І ня ў тым, каб партнэр зарабляў грошы. Мы маем партнэра ці партнэрку для таго, каб маглі аддаць яму сябе. А таксама, каб аддаваць яму свой час і сваё каханьне. А гэта - аснова ня толькі хрысьціянскага шлюбу, але ўсякага іншага. Калі чалавек навучыцца аддаваць сябе і свой час – гэта будзе аснова і ядро нармальнага шлюбу”.

(Абламейка: ) “А калі я вам скажу так: каханьне ўсё пераможа, але не заўсёды. Што б вы адказалі на такое сьцьверджаньне?”

(Новак: ) “Гэта праўда, калі размова ідзе пра нашае зямное каханьне, якое мае свае натуральныя абмежаваньні. Але хрысьціяне маюць асабістыя адносіны з Богам, чэрпаюць ад яго сілы і любоў, дык тады ўжо мова ідзе не пра зямное абмежаванае каханьне, але пра Хрыстовую любоў у іх саміх, якая сапраўды можа зьмяніць сьвет. А ў канкрэтным выпадку – можа зьмяніць адносіны паміж супругамі. Я ў гэтым перакананы. Але для ўсіх людзей – гэта не аднамомантная падзея, а шлях. Шлях для усіх – і для сьвецкіх, і для сьвятароў таксама. Гэта значыць, ніхто ня можа сказаць напэўна: “Так, стопрацэнтна маю ў сабе Хрыстовую любоў і стопрацэнтна магу яе аддаваць і любіць некага такой любоўю”.

(Абламейка: ) “Ну а калі б я папрасіў вас падаць тут некалькі практычных парадаў для слухачоў – што яны маюць рабіць, каб захаваць шлюб?”

(Новак: ) “Першая і самая важная рэч, якую магу сказаць – знайсьці час для партнэра. Не баяцца шчыра пагаварыць, магчыма і зь дзецьмі. Трэба стварыць графік, каб прынамсі адзін вечар на тыдзень, а можа і болей, мець адно для аднаго, каб маглі выслухаць адно аднаго або і проста маглі пабыць разам. Вось менавіта знайсьці час – гэта самае галоўнае. Мы якраз часта гаворым, што гэтага ня можам, бо ня маем часу. Але я думаю, што мы, людзі, ёсьць гаспадары часу. Гэта значыць, што калі мне трэба знайсьці час, дык я яго знайду. Ніхто ў мяне час не забірае, я яго сам на нешта трачу. Калі мне патрэбны час на сустрэчу з жонкай і дзецьмі, дык ніхто апрача мяне час на гэта ня знойдзе. Другая важная рэч – навучыцца паважаць патрэбы свайго партнэра і сваіх дзяцей. І гэта зьвязанае з трэцяй парадай – трэба навучыцца аддаваць сябе. Трэба ня толькі браць ад іх, але і навучыцца даваць сябе, свой час, свае здольнасьці на службу партнэру і сям’і. А гэта зьвязанае з нашай здольнасьцю аддаць сябе грамадзтву і сьвету з аднаго боку. А з другога боку, мы можам аддаць сябе грамадзтву тады, калі навучымся рабіць гэта ў сям’і”.

Я дзякую айцу Камілу Новаку за размову. Так што, як вы чулі, перад пагрозай распаду могуць аказацца і хрысьціянскія сем’і. Галоўную ролю ў захаваньні сям’і можа адыграць нашае разуменьне патрэбаў партнэра і нашая гатоўнасьць ахвяраваць свой час на сям’ю і дзяцей. Адна з парадаў багасловаў – адносіцца да партнэра як да чужога чалавека ў сэнсе ўвагі і павагі – трэба прасіць прабачэньня, віншаваць, дзякаваць і вітацца зь ім заўсёды, як мы гэта робім з чужымі людзьмі. З аповеду айца Каміла Новака таксама вынікае, што супольнае жыцьцё нават вернікаў і закаханых адно ў аднаго людзей – гэта нястомная праца і нястомныя намаганьні з мэтай захаваць і шлюб, і каханьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG