Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРОДАЖ “БЕЛТРАНСГАЗУ” РАСЕІ АДКЛАДВАЕЦЦА


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што Расея хоча купіць “Белтрансгаз” затанна, але так не атрымаецца. Цяпер разглядаюцца чатыры варыянты акцыянаваньня, аднак у любым выпадку кантрольны пакет газатранспартнага СП застанецца ў руках беларускай дзяржавы.

Але самае важнае пытаньне — колькі каштуе “Белтрансзгаз”. Спачатку беларускі бок казаў пра 2,5 мільярду даляраў, пазьней пра 3 мільярды. Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка сказаў, што некаторыя заходнія экспэрты ацэньваюць “Белтрансгаз” на суму да 4 мільярдаў даляраў. І ён асабіста гатовы весьці размову з пакупніком, калі той прапануюе 2,5 мільярду. Але такіх прапановаў не было.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што пакупнікам у выпадку, калі няма грошай, ня варта прыходзіць і канючыць, выпрошваючы беларускую ўласнасьць па танным кошце.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што паводле папярэдніх дамоўленасьцяў акцыянаваньне “Белтрансгазу” павінна было адбыцца да 1 ліпеня, сьпяшацца з продажам беларускі бок ня будзе, настойваючы на некалькіх мільярдах даляраў. Гаворыць А.Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Кошт будзе рэальны, і ніякія кланы, ніякія жулікі ў нас за бясцэнак прадпрыемства ня возьмуць, я ніколі не пайду на тое, каб ціха, кулюарна вырашыць тое ці іншае пытаньне — нас народ не зразумее. Хай ужо яно застанецца дзяржаўным прадпрыемствам на сто адсоткаў, чым я дзесьці дапушчу памылку”.

Аляксандар Лукашэнка ўвогуле ня бачыць асаблівага сэнсу ў акцыянаваньні “Белтрансгазу”, ён і так працуе няблага. Пры гэтым А.Лукашэнка сказаў, што беларускі бок можа прадаць свой пакет акцыў Захаду — таму, хто больш заплаціць. Хаця рэальна пакупнік адзін — расейскі “Газпрам”, і ён гатовы весьці размову пра суму за кантрольны пакет акцыяў нашмат больш сьціплую: 400–600 мільёнаў даляраў.

Лічбы, якія называе Аляксандар Лукашэнка, не адпавядаюць рэчаіснасці, бо ў Беларусі няма рынкавых мэханізмаў, не было незалежнага аўдыту актываў прадпрыемства, лічыць незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Рынкавая цана — гэта тая цана, якую гатовыя заплаціць тыя інвэстары, якія зацікаўленыя купіць “Белтрансгаз”. Паколькі ніводная кампанія ў сьвеце ня можа столькі, то такім чынам, лічбы, якія называе ўрад і Лукашэнка, ні ў якім разе нельга назваць рынкавымі”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што ў інтарэсах Беларусі было б на справе заклікаць да акцыянаваньня ня толькі расейскі бок, але і заходніх інвэстараў, як гэта робіць цяпер Украіна.

Спадар Раманчук упэўнены, што цяперашняя пазыцыя Лукашэнкі паказвае, што ён не зацікаўлены ў рыначнай інтэграцыі з Расеяй. Але восеньню беларускаму ўраду будзе горача, бо, як і летась, Расея ня зможа гарантаваць ранейшых танных паставак газу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG