Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НАВЕДАЎ ГЕНЭРАЛЬНЫ ДЫРЭКТАР УСЯСЬВЕТНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ УЛАСНАСЬЦІ


Ігар Карней, Менск

З улікам таго, што ў Беларусі пад паняцьце “ўласнасьць” традыцыйна трапляе выключна нерухомасьць, і практычна ніколі — прадукт інтэлектуальных распрацовак, праблема абароны правоў у галіне навукі, мастацтва, музыкі насьпела надзвычай востра. Супрацоўнік унітарнага прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасьці Андрэй Лучанок канстатуе: нягледзячы на тое, што Беларусь стала сябрам Усясьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці яшчэ ў 1970 годзе, асаблівага плёну ад гэтага ніхто не адчувае.

(Лучанок: ) “Нашае заканадаўства ў галіне аўтарскага права дастаткова разьвітае. Прынамсі, яно адпавядае міжнародным стандартам. Там можна знайсьці адказы на цэлы шэраг пытаньняў: якія правы існуюць у аўтараў на тэрыторыі нашай краіны, якія ёсьць міжнародныя пагадненьні, што такое Бэрнская канвэнцыі аб ахове літаратурных, мастацкіх і музычных твораў...”

(Карэспандэнт: ) “Але ці дастаткова простага веданьня заканадаўства дзеля рэальнай абароны сваёй інтэлектуальнай уласнасьці?”

(Лучанок: ) “Правы абараняць мусіць праваўладальнік: гэта альбо сам аўтар, альбо хтосьці зь ягоных правапераемнікаў паводле завяшчаньня. Гэта можа быць таксама выдавецтва ці студыя, якія атрымалі выключныя правы на тыражаваньне твораў. Правы абараняць магчымасьць ёсьць заўсёды. Калі ёсьць канфлікт, то робіцца гэта пераважна ў судовым парадку. Калі ён на пачатковай стадыі, то часьцяком парушальнік, калі даведваецца, што праваўладальнік мае да яго прэтэнзіі й зьбіраецца ў суд, сам прызнае, што правы былі парушаныя, і пытаньні ўрэгулююцца мірам”.

Пакуль ледзь не адзінай праявай змаганьня за сваю інтэлектуальную ўласнасьць зьяўляецца досьвед драматурга Аляксея Дударава. За некалькі гадоў ён выйграў судовыя працэсы у вінна-гарэлачных заводаў, крамаў і рэстарацыяў, якія выкарыстоўвалі ў назовах дудараўскі брэнд “Белыя Росы”.

Датычыць Беларусі і эпапэя з удзелам яшчэ аднаго літаратара, гэтым разам расейскага. Эдуард Усьпенскі судзіўся з прыватнай менскай фірмай вырабу цацак, якая без дазволу штампавала ягонае дзецішча — Чабурашку.

Было некалькі спробаў з боку беларускіх рок-музыкаў абскардзіць дзеяньні мясцовых аўдыёпіратаў, якія выдавалі касэты, але, натуральна, ні якія ганарары не адлічвалі. Пагадзіліся на тым, што піраты хоць і робяць дрэнна, але, прынамсі, прапагандуюць беларускае.

А вось беларускія кіраўнікі, зь якімі два дні сустракаўся кіраўнік Усясьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці Каміл Ідрыс, не хавалі, што разьлічваюць ад візыту на чыста практычныя мэты. Так, старшыня Камітэту ў навуцы і тэхналёгіях Саўміну Анатоль Русецкі адзначыў: супрацоўніцтва з арганізацыяй актуальнае ў зьвязку з пэрспэктыўным уступленьнем Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO), якая вылучае патрабаваньнем камэрцыялізацыю інтэлектуальнай уласнасьці і яе абарону. Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву згуляць двайную гульню, камэнтуе эканаміст Георгі Бадзей:

(Бадзей: ) “Беларусь сёньня зусім не падрыхтаваная да ўступленьня ў Гандлёвую арганізацыю. Неабходна спачатку прывесьці ў адпаведнасьць сваё заканадаўства, а ўжо потым спрабаваць туды ўступаць. Да таго ж, гэта ня проста шараговы факт. Насамрэч — гэта выбар напрамкаў разьвіцьця. Ці то мы інтэгруемся ў міжнародную супольнасьць, знаходзім там сваё месца, ці і надалей будзем разьвівацца асобна ад усяго сьвету”.

Цяпер Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай 17 міжнародных дамоваў, адміністрацыйныя функцыі ў дачыненьні да якіх выконвае Ўсясьветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасьці. Таму беларускаму кіраўніцтву застаецца толькі чакаць, якія высновы будуць зробленыя Камілам Ідрысам пасьля візыту ў Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG