Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ЎВОЙДЗЕ Ў ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ 1 ТРАЎНЯ 2004 ГОДУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сьвяткаваньне вынікаў рэфэрэндуму аб далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу цягнулася амаль усю ноч. Ужо ў нядзелю ўвечары вядучыя польскія палітыкі не хавалі сваёй радасьці з нагоды перамогі праэўрапейскіх сілаў у краіне. Гаворыць прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі:

(Квасьнеўскі: ) “Мы вяртаемся да эўрапейскай сям’і. Польшча ў Эўрапейскім Зьвязе! Хіба яшчэ 15 гадоў таму хто-небуць мог марыць пра гэта? Але цяпер гэта факт, мы ў Эўразьвязе”.

Найвялікшай праблемай гэтага рэфэрэндуму была выбарчая актыўнасьць. Зробленыя напярэдадні плебісцыту сацыялягічныя апытаньні сьведчылі пра тое, што ў галасаваньні возьме ўдзел ад 70% да 80% выбаршчыкаў.Таму, як кажуць адмыслоўцы, шмат хто з палякаў меркаваў, што рэфэрэндум адбудзецца і безь ягонага ўдзелу. У першы дзень плебісцыту прагаласавала ўсяго 17% выбаршчыкаў. Аднак у сярэдзіне другога дня галасаваньня польскае грамадзтва змабілізавалася, і ў выніку на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 59% выбаршчыкаў.

Паводле важнасьці рэфэрэндум аб далучэньні да Эўрапейскага Зьвязу ў Польшчы ставіцца побач з паседжаньнямі легендарнага “круглага стала” і падзеньнем камуністычнага рэжыму. Гаворыць былы прзыдэнт Польшчы Лех Валэнса:

(Валэнса: ) “Я задаволены вынікамі рэфэрэндуму. Далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу было апошнім крокам на шляху да дэмакратыі і заможнага, вольнага жыцьця, які мы абралі калісьці дла нашай краіны. Нягледзячы на пэўныя цяжкасьці, галасуючы ў рэфэрэндуме, палякі ўсё ж падтрымалі той выбар, які мы зрабілі ў 1980-м годзе”.

Адной зь цікавых адметнасьцяў польскага рэфэрэндуму ёсьць факт, што сярод людзей сярэдняга і сталага веку працэнт тых, хто падтрымалў далучэньне Польшчы да Эўразьвязу, быў вышэйшы, чым сярод моладзі. “Так, я галасаваў “за”, і мой выбар проста патлумачыць. Разам з моцнымі эўрапейскімі краінамі станем мацнейшыя і мы. Я маю дзяцей і ўнукаў, якія мусяць жыць лепш за нас”, – такім чынам патлумачыў свае рашэньне прагаласаваць “за” жыхар Варшавы сталага веку, які разам зь іншымі сьвяткаваў на вуліцы сваю перамогу ў рэфэрэндуме.

Па абвяшчэньні вынікаў рэфэрэндуму палітыкі часта ўзгадвалі пра ўсходні кірунак замежнай палітыкі Эўразьвязу, у якім Варшава хоча адыгрываць калі не вядучую, дык вельмі істотную ролю. Пра тое, ці можна чакаць больш значнай увагі з боку Варшавы да падзеяў у Беларусі па далучэньні Польшчы да Аб’яднанай Эўропы, гаворыць вядомы польскі палітык, былы міністар абароны, Браніслаў Камароўскі:

(Камароўскі: ) “Для нас беларусы – гэта браты, зь якімі мы маем надзвычай багатую агульную гісторыю. Таму мы, канечне, марым пра тое, каб Беларусь пайшла тым самым шляхам, што і Польшча – у кірунку Захаду, рынкавай гаспадаркі, пашаны да правоў чалавека. Таму Польшча, безумоўна, будзе падтрымліваць і дапамагаць тым сілам у Беларусі, якія змагаюцца за выбар Беларусьсю такога шляху. Аднак беларусы павінны самі паверыць у свае магчымасьці, у сілу беларускага народу, у моц мары пра сапраўдную незалежнасьць і пачэснае месца вашай краіны ў Эўропе. Мы будзем дапамагаць вам як толькі зможам”.

Польшча ўвойдзе ў Эўрапейскі Зьвяз 1 траўня 2004 году.

Польшча была шостай краінай з 10 краінаў-кандыдатаў, у якой прайшоў рэфэрэндум аб далучэньні да Эўрапейскага Зьвязу. Наступнай краінай будзе Чэхія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG