Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ РАЗГЛЕДЗЯЦЬ У РАТЭРДАМЕ


Уладзімер Глод, Менск

Паседжаньне круглага стала адбудзецца ў той самы дзень, калі ў Ратэрдаме будзе праходзіць плянарнае паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі. Больш за тое, плянуецца, што ў круглым стале возьме ўдзел старшыня ПА АБСЭ брытанец Брус Джонс. А ролю мадэратара бярэ адмысловая рабочая група.

Прычым прапаноўваецца абмежаваць рамкі дыскусіі Выбарчым кодэксам Беларусі, разгледзець канкрэтныя магчымасьці ягонага зьмяненьня. Гэта робіцца дзеля таго, каб парлямэнцкія выбары 2004 году адпавядалі міжнародным стандартам. Такім чынам, нягледзячы на тое, што беларускага пытаньня няма на парадку дня летняй сэсіі ПА АБСЭ, любы з дэпутатаў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі, а іх больш за 300, можа выказаць свае думкі аб сытуацыі ў Беларусі.

Што тычыцца беларускага прадстаўніцтва, дык у Галяндыю запрашаюцца дзьве дэлегацыі — Нацыянальнага сходу, прычым у яе складзе мусіць абавязкова быць сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка”, і апазыцыйных палітычных партыяў. На пытаньне, ці вызначылася ўжо апазыцыя, хто канкрэтна паедзе ў Ратэрдам, старшыня АГП Анатоль Лябедзька гаворыць:

(Лябедзька: ) “Не, яны там прапануюць пэўны склад, але трэба яшчэ праводзіць кансультацыі”.

За тыдзень да пачатку сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пройдзе сэсія іншай Парлямэнцкай Асамблеі — Рады Эўропы. Паседжаньні традыцыйна адбудуцца ў Страсбуры. Беларуская апазыцыя прапануе прыняць вельмі важны дакумэнт, пра што і гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы прапрацоўваем варыянт мажлівасьці прыняцьця адмысловай рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справе сытуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі. Такі чарнавы праект ёсьць. І мы працуем зь некаторымі дэпутатамі, каб яны выступілі ініцыятарамі прыняцьця. Гэта пры канцы чэрвеня ў Страсбуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG