Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ НЯ БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЬ ДАКУМЭНТЫ ПРА БЕЛАРУСКА-ІРАЦКІ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ. ІХ БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЬ ААН


Сяргей Навумчык, Прага

Супрацоўніцтва Беларусі з рэжымам Садама Хусэйна даўно ў фокусе ўвагі замежнага і незалежнага беларускага друку. Афіцыйныя СМІ гэтую тэму не краналі. І цяпер гаворка ідзе не пра ўмовы паставак зброі, лёс атрыманых ці не атрыманых грошай ці пра законнасьць такіх апэрацыяў, а пра публікацыі, прысьвечаныя Радыё Свабода, дакладней – факсу, які быў знойдзены карэспандэнтам “Свабоды” Ронам Сынавіцам у Багдадзе і зьвязанай зь ім рэакцыяй АБСЭ ў інтэрпрэтацыіі беларускага міністэрства замежных справаў.

Аўтары артыкулаў са спасылкай на МЗС пішуць, што “АБСЭ выкрыла “фактычныя памылкі” ў паведамленьнях радыё “Свабода”.

Нагадаю, што пры канцы траўня ў Празе на эканамічным форуме АБСЭ працаваў наш карэспандэнт Рон Сынавіц, які падчас вайны ў Іраку знайшоў дакумэнты пра магчымы гандаль зброяй у абыход санкцыяў ААН паміж Менскам, Масквой і Багдадам. Рон Сынавіц папрасіў пракамэнтаваць гэтыя дакумэнты афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ. 22 і 23 траўня на нашых хвалях прагучала кароткае інтэрвію з гэтай нагоды з прадстаўніком Галяндыі Аляксандрам Ніцшэ – Галяндыя цяпер старшынюе ў АБСЭ. Цалкам рэпартаж з форуму быў надрукаваны па-ангельску на інтэрнэт-сайце Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа.

Зь інфармацыі можна было зразумець, што знойдзеная ў Іраку дакумэнтацыя пасьля перадачы ў рукі супрацоўнікаў АБСЭ прынятая ў якасьці дакумэнта і будзе накіраваная ў камітэт АБСЭ для расьследаваньня.

Пазьней мы атрымалі ўдакладненьне ад Аляксандра Ніцшэ – меўся на ўвазе адзін з Камітэтаў ААН, а не АБСЭ. Менавіта туды мусіць быць перададзены ліст, знойдзены ў Іраку. Гэтая папраўка і была ўнесеная ў апублікаваны матэрыял. Што да эфіру, спадар Ніцшэ пацьвердзіў, што фрагмэнты інтэрвію, якія прагучалі ў эфіры, былі пададзеныя без скажэньня.

Гэтыя зьвесткі, у тым ліку пра памылку і яе выпраўленьне, былі прадстаўленыя нашым радыё ў адказ на запыт прадстаўніка АБСЭ Рычарда Мэрфі. На жаль, нам не ўдалося пазнаёміцца з тэкстам ліста сп. Мэрфі на імя амбасадара Беларусі ў АБСЭ сп. Гайсёнка (прэс-офіс АБСЭ спасылаецца на канфідэнцыйны характар перапіскі, МЗС Беларусі таксама захоўвае канфідэнцыйнасьць) і мы пакуль ня ў стане вызначыць, наколькі карэктна цытуюць яго афіцыйныя СМІ ў Беларусі.

Цяпер пра сутнасьць справы. Мы падрабязна распавядалі, як у Іраку карэспандэнт Радыё Свабода Рон Сынавіц, які быў прыпісаны да 3-й пяхотнай дывізіі арміі ЗША, знайшоў дакумэнты ў сэйфе афіцэра рэспубліканскай гвардыі. Гэта быў ліст за подпісам расейскага генэрала Ачалава, напісаны па-ангельску, на блянку расейскай фірмы FTW Systems з падрабязнай інфармацыяй пра снарады , цяжкія кулямёты і маторы для танкаў Т-72. А таксама ліст з прадпрыемства Міністэрства абароны Беларусі пра магчымасьці пастаўкі ваеннага абсталяваньня, тэхналёгіяў і навучаньня мэханікаў. Менавіта гэтыя знаходкі былі перададзеныя галяндзкай дэлегацыі, якая старшынявала на форуме АБСЭ ў Празе.

Вось што заявіў тады на прэсавай канфэрэнцыі галяндзкі амбасадар, адмысловы прадстаўнік у АБСЭ Даан Эвэрц:

(Эвэрц: ) “У нас, канечне, няма досьведу, каб даць заключэньне аб спараўднасьці дакумэнтаў. Ёсьць адпаведны форум і канал для такіх пытаньняў. Гэта – Камітэт у справе санкцыяў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Яны – менавіта тыя, хто можа сапраўды даваць ацэнку, вывучаць аўтэнтычнасьць, ці гэта падробка, ці не. Так што мы ня можам выказацца адносна гэтага непасрэдна цяпер. Трэба належным чынам правесьці экспэртызу. Але я магу запэўніць вас, што калі ўжо гэта не знайшло раней шлях у Нью-Ёрк, дык знойдзе гэты шлях адсюль”.

Такім чынам, галяндзкі амбасадар запэўнівае – гэтыя дакумэнты будуць накіраваныя ў камітэт ААН.

Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа зацікаўленае ў поўным і ўсебаковым асьвятленьні міжнароднай экспэртызы знойдзеных у Іраку дакумэнтаў. Мы будзем працягваць знаёміць нашых слухачоў з гэтай тэмай.

У наступны чацьвер ў Гельсынскай камісіі Кангрэсу ЗША – якая таксама называецца камісіяй у справах АБСЭ – пачнуцца слуханьні ў справе незаконных паставак зброі краінаў-чальцоў АБСЭ краінам-ізгоям. На гэтых слуханьнях будуць прадстаўленыя і дакумэнты, знойдзеныя карэспандэнтам Радыё Свабода Ронам Сынавіцам ў Багдадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG