Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯДУЧЫЯ СПЭЦЫЯЛІСТЫ Ў ГАЛІНЕ МІКРАБІЯЛЁГІІ І ЭПІДЭМІЯЛЁГІІ КРАІНАЎ СНД І ЗША САБРАЛІСЯ НА НАВУКОВА-ПРАКТЫЧНУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ Ў МЕНСКУ


Любоў Лунёва, Менск

Арганізатары канфэрэнцыі лічаць, што настаў час, калі трэба разам выкарыстоўваць досьвед у галіне мікрабіялёгіі і выпрацоўваць сыстэму супольных дзеяньняў. Спэцыялісты аналізавалі сытуацыю, у якой, дзякуючы, у прыватнасьці, бескантрольнаму ўжываньню антыбіётыкаў, чалавецтва паўстала перад пагрозаю новых, невядомых раней, хваробаў і эпідэміяў, такіх як атыповая пнэўманія, а таксама старых, небясьпечных для чалавека хваробаў, пра якіх мэдыкі яшчэ пару гадоў таму думалі, што перамаглі і ўзялі пад кантроль.

Сьведчаньнем таму эпідэмія мэнінгіту ў Горадні. У шпіталях там знаходзяцца больш за сотню хворых на мэнінгіт. Амэрыканскі доктар Рэйманд Зелінскас, навуковы кіраўнік Цэнтру дасьледваньня праблемаў нераспаўсюду з Мантэрэйскага інстытуту, распавёў пра пагрозу біятэрарызму з пазыцыі ЗША. Удзельнікі канфэрэнцыі нават самі ўзялі ўдзел у імправізаваных вучэньнях у ачагу небясьпечнай інфэкцыі.

Дырэктар інстытуту эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Леанід Цітоў лічыць асноўнай задачаю навукоўцаў і мэдыкаў выпрацоўку новых тэхналёгіяў у прадухіленьні хваляў невядомых небясьпечных хваробаў.

(Цітоў: ) “Калі вы трапляеце ў шпіталь або ў паліклініку, то ў гэтым асяродзьдзі знаходзяцца найбольш злосныя мікраарганізмы. Яны характарызуюцца найбольшай рэзыстэнтнасьцю да антыбіётыкаў. Калі чалавек спыняецца ў шпіталі на колькі дзён, гэта азначае, што частка ягоных мікробаў будзе замененая на тыя варыянты мікробаў, якія ёсьць у гэтым шпіталі. Мы пераацанілі глябальнае дзеяньне антыбіётыкаў на нейкі час. Мы думалі, што спынім інфэкцыі і пераможам хваробы. Час паказаў, што гэтага не адбылося. Цяпер трэба вяртацца назад, перагледзець усе гэтыя пытаньні і выпрацаваць рацыянальную тактыку і стратэгію”.

Вынікам канфэрэнцыі плянуецца выпрацоўка дакумэнта, у якім будзе прынятая адзіная тактыка і мэтадалёгія кантролю над мікробамі, якія маюць супраціўляльнасьць да антыбіётыкаў. Арганізатары канфэрэнцыі зьвярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі, каб там выдалі адмысловы загад, які будзе рэгуляваць маніторынг рэзыстэнтнасьці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў. Арганізатары прапанавалі стварыць Камітэт у справе аптымізацыі ўжываньня процімікробных прэпаратаў у Беларусі.

Эпідэміёляг Тацяна Ермакова папярэджвае, што са зьмяненьнем грамадзтва трэба выкарыстоўваць новыя мэтады асьветы насельніцтва.

(Ермакова: ) “У кожнай краіне ёсьць бактэрыі, тыповыя менавіта да гэтага рэгіёну. Мясцовае насельніцтва да іх выпрацавала імунітэт. А вось міграцыі, асабліва падчас адпачынкаў, спрыяюць росту інфэкцыйных захворваньняў. Людзі, якія едуць адпачываць або працаваць у краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі, ці ў Індыю, абавязкова мусяць прайсьці вакцынацыю. Цяпер усё часьцей мы сутыкаемся з праблемамі інфэкцыяў у дзяцей. Людзі едуць адпачываць у Турэччыну на камфортны курорт усёй сям’ёй. Потым цягам году ходзяць па спэцыялістах, каб лячыць то адну, то іншую інфэкцыю. Бацькі мусяць ведаць, што адпачынак на курорце для дарослых не заўжды падыходзіць для дзяцей”.

Тацяна Ермакова паведаміла, што ў Беларусі цяпер назіраецца надзвычай моцная ўспышка эпідэміі шаленства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG