Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОК-КАРАНАЦЫЯ 2002: ГУЛЬНЯ ПАВОДЛЕ НОВЫХ ПРАВІЛАЎ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Дзень добры! Сёньня я дазволю сабе вярнуцца да падзеі, якая адбылася з паўмесяца таму, да “Рок-каранацыі”. Такая паўза спатрэбілася найперш для таго, каб страсьці і эмоцыі крыху сьціхлі, па-другое, каб быў час асэнсаваць як вынікі гэтай падзеі, так і той факт, у якой меры паўплывала на аўтарытэт цырымоніі прынцыпова новая сыстэма вызначэньня пераможцаў.

Для мяне, прынамсі, зразумела наступнае: часу на падрыхтоўку, як тое назіралася і раней, было вельмі мала, што нават, цалкам магчыма, крыху паўплывала на канчатковыя вынікі, затое прапанаваная сёлета сыстэма галасаваньня — найбольш дасканалая і прыдатная як на сёньняшні час. Дзякуючы ёй цяпер сама цырымонія мае ўсе шанцы прэтэндаваць на тое, каб называцца нацыянальнай у галіне папулярнай музыкі краіны.

Зрэшты, я магу й памыляцца. Вось чаму і запрасіў да гутаркі з аднаго боку журналіста “Белорусской газеты” Дзьмітрыя Бескаравайнага, уласна кажучы, ініцыятара правядзеньня апытаньня паводле новых правілаў, з другога — удзельніка апошняй “Рок-каранацыі”, неаднаразовага яе пераможцу Лявона Вольскага. Так бы мовіць, два погляды на цырымонію: знутры й звонку. Вітаю вас у студыі “Радыё Свабода”!

Дзьмітры, першае пытаньне да цябе… Што ж падштурхнула цябе кінуць выратавальнае кола “Рок-каранацыі”, прапанаваўшы цалкам іншую сыстэму галасаваньня?”

(Дзьмітры Бескаравайны: ) “Заўсёды, ведаеце, даводзілася крытыкаваць арганізатараў за тое, як праводзілася галасаваньне: нічога не было зразумела, наколькі ўсё было сумленна? І калі надарылася магчымасьць, удалося запрапанаваць гэта арганізатарам, і яны згадзіліся”.

(Падбярэскі: ) “Лявон, у такім разе — як з боку музыкантаў была ўспрынята гэтая сыстэма, наколькі яна дадала ці не дадала ладнасьці?”

(Лявон Вольскі: ) “Справа ў тым, што просты беларускі музыка ня будзе разьбірацца ва ўсіх гэтых шчэгулах. І калі я камусьці казаў нават з “N.R.M.”, што гэта было ўсё цалкам справядліва, і гэта насамрэч быў падлік, у адказ чуў: ай, усё адно ўсё арганізатары вырашаюць! Простыя музыкі, напрыклад, Ігар Варашкевіч, Вячаслаў Корань, ня кажучы ўжо пра вядомейшага Памідорава, безумоўна, скажуць: “Ды ўсё адно ўсё заблыталі, усё адно ўсё няправільна, каму трэба — таму й аддалі!” Хаця сёлета насамрэч усё было надзіва сумленна. Таксама можа крытыкавацца сама сыстэма падліку гэтага, можа, у народа на вуліцах трэба пытацца, але народ скажа, што Лукашэнка — лепшы музыкант”.

(Бескаравайны: ) “Гэта, мабыць, прынцыпы складу журы, а не сыстэмы падліку”.

(Вольскі: ) “Перад самай “Каранацыяй” я проста бачыў Дзьмітрыя, які ён быў. А быў ён зялёны, забеганы з гэтай “Каранацыяй”, бо ніхто больш практычна… Вось вы там, людзі, якія ўзялі на сябе адказнасьць, яны займаліся канкрэтным. І вынікі гавораць пра тое, што ў галіне рок-музыкі год быў ня вельмі насычаны, папросту. Ненасычаны, але столькі альбомаў беларускіх выйшла сёлета, і гэтага будзе з кожным годам усё болей”.

(Падбярэскі: ) “А вось меркаваньні пра пэрспэктывы ператварэньня “Рок-каранацыі” ў нацыянальную цырымонію і вынікі “Рок-каранацыі 2002” аднаго зь вядомых беларускіх музыкантаў Аляксандра Памідорава…”

(Аляксандар Памідораў: ) “Шанцы гэтыя былі раней, калі б спахапілася Міністэрства культуры, можа быць, у годзе 96-м ці 97-м. Канешне, на базе “Каранацыі” супэрскае можна было б нешта зрабіць! Аднак цяпер гэта мусіць быць зусім іншая цырымонія. Спадабалася цяпер… ну, хаця б спроба нейкая ўсё гэта ўтаймаваць, але зноў-такі незразумелымі засталіся крытэры адбору людзей, адбору музыкі, удзельнікаў, музыкантаў. Не спадабалася, што не зусім зразумела было тое, зь якога боку там прысутнічае даніна памяці Ўладзімеру Мулявіну, нейкія ўзнагароджаньні. Шкада, што “Тройца” не ўзяла ў гэтым годзе анічога”.

(Падбярэскі: ) “Што варта ўлічыць на будучыню, ці магчыма, скажам, пашырэньне сьпісу намінацыяў?”

(Бескаравайны: ) “Гэта залежыць цалкам ад арганізатараў. Канешне, было б добра арганізаваць цырымонію накшталт “Грэмі”, якая б улічвала таксама і поп-музыку. Таксама ўсё гэта трэба прапрацаваць. Я лічу, што пашырэньне — яно магчымае”.

(Вольскі: ) “Не прайшло й году, як “Абсэнт” пачалі круціць ужо й на “Юністары”, і на цэлым шэрагу FM-станцыяў…”

(Падбярэскі: ) “Ага, значыць, “Рок-каранацыя” спрацавала!”

(Вольскі: ) “Я ня ведаю, што спрацавала, можа быць, проста час спрацаваў. Вось міне год — і тады пачынае праект раскручвацца. Гэта мінімум!”

(Падбярэскі: ) “Летась Аляксандар Саладуха выдаў дыск, аднак нават на папярэднім этапе “Рок-каранаваньня” ён ня ўдзельнічаў. Што варта было б зрабіць з намінацыямі? Што дадаць, што прыбраць?”

(Вольскі: ) “На маю думку, поп-музыка беларуская, такая, якая мусіць быць, сапраўдная, — яна ў нас ідзе зусім асобна ад народу і ўсёй гэтай плыні, якая робіць “Каранацыю”. Калі браць, напрыклад, за нашую поп-музыку ўзорам песьню “Абсэнт”, дык нашая беларуская поп-музыка — Саладуха там ды іншыя — жывуць зусім у іншым рэчышчы. Я не магу зразумець фармату гэтай поп-музыкі! І што там можна выбраць, і ў каго выйшаў кампакт-дыск?

У нас жа іх шмат — тых выканаўцаў поп-музыкі. Яны не выдаюць ніякіх кампактаў, але яны вельмі шмат пяюць песень розных. Дзе яно, я ня ведаю! Можа быць, канешне, на бяскрайніх абшарах Расеі?.. Хутчэй за ўсё яно так і ёсьць — яны зарабляюць грошы там. І так падаецца, што ім не патрэбныя ані раскрутка, ані папулярнасьць. Дыск выпусьціць, у прынцыпе, для чалавека сярэдняга прыбытку ў нас — гэта ня так ужо й задорага, калі ты працуеш у таго ж маэстра Фінберга, дык можна дазволіць сабе нават на ўласныя грошы выпусьціць. Значыць, гэта ім не патрэбна”.

(Бескаравайны: ) “Ёсьць пэўныя аспэкты ў нашай поп-музыцы. Калі было ток-шоў “Выбар” на канале “ОНТ”, узьнікла вельмі цікавая сытуацыя: прадусара Ірыны Дарафеевай Ягор Хрусталёў прадставіў як чалавека, які ўмее выкарыстоўваць “адміністратыўны рэсурс”. Ён агучыў той факт, што калі Ірына Дарафеева была ў туры па Беларусі, менавіта гэты чалавек, яе прадусар, зрабіў ёй рэкляму коштам БТ. Патрэбна, маўляў, мець сувязі”.

(Вольскі: ) “Ёсьць людзі рэдкія, але яны ў нас прысутнічаюць, якія ведаюць сытуацыю і могуць яе скарыстаць. Гэта Юра Саваш, ёсьць такі супэр-герой Ухцінскі Валодзя, які папросту вывесіў на тэлевізіі інфармацыю пра тое, куды ён едзе, і ў якіх-небудзь Ёцавічах са зьдзіўленьнем дырэктарка ДК прачытала: “Ух ты! Да нас Ухцінскі, аказваецца, прыяжджае. Давайце рыхтавацца!” Аднак гэтага нічога не было заплянавана. Але калі ім патэлефанавалі: “А вы ведаеце, што Ўхцінскі?..” “Ой, да, канешне ж, як жа ж, мы гатовыя!”

(Падбярэскі: ) “Вось у дачыненьні да гэтай клясычнай (то бок камэрцыйнай, калі тое можна казаць у дачыненьні да беларускай музыкі) эстрады. Што зь ёй рабіць? Ігнараваць яе ці спрабаваць далучаць да працэсу?”

(Вольскі: ) “Калі ім спатрэбіцца, яны самі мусяць падыйсьці да арганізатараў “Рок-каранацыі” і сказаць: вось наш кампакт. І трэба неяк больш працаваць з FM-станцыямі. Людзей энэргічных заўсёды можна заўважыць, як хоць бы таго ж Юру Саваша”.

(Бескаравайны: ) “Справа ў тым, як мне здаецца, мы не павінныя чакаць, пакуль хтосьці падыйдзе, калі мы маем на ўвазе нейкія ўзнагароды, якія вызначаюць тых, хто працаваў у галіне музыкі”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне адразу да абодвух. Як вядома, наступная “Рок-каранацыя” будзе юбілейная, дзясятая, калі не памыляюся...”

(Бескаравайны: ) “Калі будзе…”

(Падбярэскі: ) “Вось я й чакаў менавіта такую рэакцыю!.. Наколькі, як вы думаеце, яе аўтарытэт, грамадзкая вага дазваляюць сёньня цырымоніі прэтэндаваць на ранг нацыянальнай, наколькі наогул апраўданыя гэтыя прэтэнзіі?”

(Вольскі: ) “На мой погляд, гэта ўсё ж больш сталічная такая акцыя”.

(Бескаравайны: ) “Сёлета мы спрабавалі таксама вызначыць неяк і рэгіянальных выканаўцаў. Узровень запісаў там, канешне ж, значна горшы, як і ўзровень выкананьня, таму, мабыць, “Рок-каранацыя” зь нейкага там боку і ёсьць усё ж нацыянальная цырымонія”.

(Падбярэскі: ) “Як, на вашую думку, адаб’ецца на самой цырымоніі далучэньне да яе правядзеньня — такое зусім тэарэтычнае пытаньне… — дзяржаўных структураў, калі мець на ўвазе менавіта нацыянальны ранг, — Міністэрства культуры, да прыкладу?”

(Вольскі: ) “Я магу адразу адказаць: як толькі пачынаеш зьвязвацца з гэтымі структурамі, адразу ж пачынаеш блытацца ва ўсіх гэтых структурах, табе невядомых. А Міністэрства культуры — гэтая такая…”

(Падбярэскі: ) “Невядомая структура…”

(Вольскі: ) “…такая структура, як павуціньне!”

(Бескаравайны: ) “У іх свае праблемы. Навошта арганізатарам “Рок-каранацыі” яшчэ й праблемы Міністэрства культуры?”

(Вольскі: ) “Напрыклад, калі хтосьці забавязвае іх нешта падтрымаць, гэтая падтрымка будзе зводзіцца проста да таго, каб паказаць, што была нейкая падтрымка. Але рэальнай падтрымкі ня будзе, безумоўна! Таму што міністэрства гэтае створанае толькі дзеля самога міністэрства”.

(Падбярэскі: ) “Тады на заканчэньне: наколькі апраўдаліся вашыя асабістыя чаканьні вынікаў гэтай “Рок-каранацыі”? Ці былі для вас сюрпрызы?”

(Вольскі: ) “Для мяне ўсё было абсалютным сюрпрызам. Я быў упэўнены, што “Карону” атрымае “Тройца”, таму што “Крамбамбуля” асацыюецца з чымсьці несур’ёзным, а “Тройца” — з такім вельмі сур’ёзным падыходам да музыкі, і папросту гэта сапраўды вельмі сур’ёзны музычны здабытак. Я быў упэўнены, што мы, як мінімум, возьмем “Песьню году”, ну, можа быць, яшчэ “Кліп году” — і ўсё!”

(Бескаравайны: ) “З гэтага боку я лічу, што “Тройца” мусіла была выйграць у намінацыі “Альбом году”. Калі казаць пра нейкія асабістыя ўражаньні, дык я лічу, што ўсё атрымалася даволі добра. Мы мусілі стварыць нейкую сыстэму і паказаць, што яна здольная працаваць. І яна сёньня працуе”.

(Падбярэскі: ) “Нагадаю, што дзень сёньняшні й будучыню цырымоніі “Рок-каранацыі” ў студыі “Радыё Свабода” абмяркоўвалі журналіст Дзьмітры Бескаравайны і музыкант Лявон Вольскі. Дзякуй вам за гутарку і да сустрэчы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG