Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗЬБІРАЕЦЦА ПРАВЕСЬЦІ РЭВІЗІЮ БЮДЖЭТУ СНД


Юры Сьвірко, Менск

Першая сустрэча былога прэм’ер-міністра Расеі Сяргея Сьцяпашына ў Менску была праведзеная са старшынём камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Анатолем Тозікам. Галоўнае адрозьненьне гэтага камітэту ад расейскай падліковай палаты ў тым, што палата падпарадкоўваецца парлямэнту й кантралюе выдаткі дзяржаўнага бюджэту. Цікава, што падчас сустрэчы са спадаром Сьцяпашыным Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб падліковая палата сталася наймацнейшым расейскім камітэтам дзяржаўнага кантролю. “У гэты час без функцыяваньня жорсткага камітэту ў галіне эканомікі й выдаткоўваньня сродкаў вельмі складана працаваць як у Беларусі, гэтак і ў Расеі”, — заявіў беларускі кіраўнік і дадаў, што трэба кантраляваць, куды йдуць грошы саюзнага бюджэту, улучна са сродкамі адмысловых праграмаў саюзнае дзяржавы кшталту “Саюзны тэлевізар”. Нічога не сказаўшы пра супрацоўніцтва ў галіне кантролю за ўласна беларускім бюджэтам, Аляксандар Лукашэнка падтрымаў прапановы кантраляваць і бюджэт усяе СНД.

(Лукашэнка: ) “Думаю, што ўсе прэзыдэнты падтрымаюць такую пазыцыю, таму што даўно ніхто не цікавіўся бюджэтам Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў і тым, куды ўсё ж і як трацяцца грошы — там немалыя грошы”.

У Выканаўчым камітэце СНД гэтую лукашэнкаву заяву палічылі трывожным “званком”, і па абедзе старшыня Выканкаму Юры Яраў сабраў усё кіраўніцтва менскай штаб-кватэры на адмысловую нараду, вынікі якой пакуль невядомыя.

Аднак Сяргей Сьцяпашын сваю ўвагу пакуль засяродзіў толькі на расейска-беларускіх справах. У Менску ён паскардзіўся, што з прычыны мізэрнай эканоміі саюзныя праграмы часам тармозяцца, а ў выніку грошай страчваецца больш.

(Сьцяпашын: ) “Мы вырашылі паглядзець, зрабіць сур’ёзны аналіз — чаму не працуюць тыя або іншыя праграмы, хто за гэта канкрэтна адказвае”.

Пакуль спадар Сцьяпашын рабіў гэтыя заявы ў Менску, сьпікер расейскай Дзяржўнай Думы Генадзь Селязьнёў сказаў у Варонежы, што працэс стварэньня беларуска-расейскае саюзнае дзяржавы “неапраўдана зацягнуўся, ідзе са скрыпам”, “даводзіцца прыкладаць вельмі шмат намаганьняў, каб пераканаць урад не марудзіць”. Спадар Селязьнёў выказаўся за тое, каб на паседжаньні Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнае дзяржавы першым пытаньнем быў разгледжаны праект канстытуцыйнага акту гэтай дзяржавы.

Нагадаю, што гэты праект зьбіраліся абмеркаваць на паседжаньні Найвышэйшай дзяржўнай рады яшчэ ў красавіку, але яно так і не адбылося. Я патэлефанаваў прэсавай сакратарцы Аляксандра Лукашэнкі й спытаўся, калі ж гэтае паседжаньне адбудзецца. Вось як адказала Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Ну, у графіку гэта недзе травень-чэрвень. Дакладнай даты прэзыдэнты пакуль ня вызначылі”.

Спадарыня Пяткевіч сказала таксама, што й двухбаковай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным пакуль не чакаецца. Яна нават адмовілася пацьвердзіць, што спадар Лукашэнка паедзе на сьвяткаваньне 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу, заявіўшы, што гэта будзе ясна “бліжэй да сьвяткаваньня”.

Як паведаміў у панядзелак у Маскве спадар Пуцін, на гэтым тыдні пройдзе ягоная сустрэча з кіраўніцтвам Дзяржаўнай Думы, дзе будзе абмеркаваны шэраг палітычных і міжнародных праблем. Адну праблему, зьвязаную зь Беларусьсю й саюзнай дзяржавай, ужо сфармуляваў у Варонежы старшыня Думы Генадзь Селязьнёў. Паводле яго, канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы мусіць быць вынесены на рэфэрэндум. Хаця заканадаўства Расеі забараняе праводзіць рэфэрэндумы менш як за год да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, спадар Селязьнёў заявіў, што гэтая забарона не распаўсюджваецца на рэфэрэндумы па міжнародных пытаньнях і пагадненьнях. Але для абвешчаньня ў Расеі рэфэрэндуму цяпер патрэбны збор подпісаў 2-х мільёнаў грамадзян. Бяз гэтага прэзыдэнт Расеі абвесьціць рэфэрэндум ня зможа, аднак спадар Селязьнёў распавёў, што перадаў выканаўчай уладзе праект папраўкі, якая скасуе патрабаваньне пра два мільёны подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму. “Хацелася б, каб зь ініцыятывай унясеньня такой папраўкі ў дзейнае заканадаўства выступіў прэзыдэнт”, — заявіў Генадзь Селязьнёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG