Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЗНАХАРЫ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Перад тым, як расказаць пра тое, што адбылося пазьней, паслухаем меркаваньні жыхароў Воршы адносна народных лекараў:

(Спадар: ) “Ну, калі такая мэдыцына не дапаможа, трэба зьвяртацца да гэтых бабулек”.

(Спадар: ) “Я давяраю традыцыйнай мэдыцыне толькі ў надзвычайных выпадках, калі патрэбнае хірургічнае ўмяшальніцтва. А ў астатніх выпадках спадзяюся на нетрадыцыйную”.

(Спадарыня: ) “Спадзяюся болей на Бога, чым на мэдыцыну”.

(Хлопец: ) “Хутка ж праваслаўны Вялікдзень, толькі што мінуў каталіцкі... Нельга да ўсякіх бабак хадзіць. І ў грэх увядуць, і грошы забяруць. Толькі Бог лекуе. На Хрыста трэба спадзявацца”.

(Дзяўчына: ) “У нас сусед, дзед Хведар, усе хваробы загаворвае. У яго хатка старая зусім. Ён грошай зь людзей ніколі не бярэ. Маці як хварэла, дык ніхто дыягназ ня мог паставіць. А дзед пашаптаў колькі разоў, нейкія зёлкі даў піць, і ачуняла хутка”.

(Дзяўчына: ) “Я болей веру ў зёлкі, чым у людзей”.

Аднак вернемся да нашай гісторыі. Доктар так патлумачыў незвычайную для навукоўца прапанову зьвярнуцца да знахара: “Разумееце, я нічым не магу дапамагчы, а яму жыць трэба. Да нас зноў прыяжджайце толькі ў ліпені...” І пачаліся для Андрэя падарожжы па шаптунах ды варажбітах. А нядаўна Ірына, ягоная жонка, патэлефанавала і спыталася, што я чуў апошнім часам пра Фядору Данілаўну — бадай, самую вядомую народную лекарку Беларусі. Некалі яе нават у Маскву, у Акадэмію навук запрашалі для спэцыяльных дасьледаваньняў.

Тады, напрыканцы 80-х, здавалася, што Савецкім Саюзам кіравалі не ЦК з парткамамі, а Кашпіроўскі з Чумаком. Псэўданавуковых структураў, у тым ліку і ў галіне мэдыцыны, нарадзілася столькі, што ў 2001 годзе расейцы зацьвердзілі адмысловую камісію, каб навесьці парадак, спыніць шарлятанства.

На Беларусі ж гэты працэс некантраляваны. Армія так званых кандыдатаў і дактароў магічных навук усё мацнее... А ў выніку ў школьных падручніках для трэцяй клясы раптам зьяўляюцца артыкулы пра тое, як ачышчаюць чакры, выпраўляюць карму... Такога шмат і ў Амэрыцы, Эўропе, аднак там усё адбываецца легальна — выходзяць спэцыяльныя часопісы, друкуюцца абвесткі, працуюць пункты таро. Пагадзіцеся — прынцыповае адрозьненьне.

Але выпраўляемся ў падарожжа — ад Менску да Пільшычаў, дзе жыве Фядора Данілаўна, 180 кілямэтраў.


* * *
Бабуля Фядора лечыць, як кажа сама, найперш вадой з крыніцы на старым паселішчы.

(Фядора: ) “Мне дадзена ў 45-м годзе адкапаць старынны калодзеж, катораму дзед Сапрон прызнаў ня менш 2 тысяч гадоў. Выкапала”.

Усе, з кім давялося ў Пільшычах размаўляць, падкрэсьлівалі здольнасьць знахаркі разумець таго, з кім яна працуе. Адкуль тое ўменьне?

(Фядора: ) “Дзе б я ні ішла, паўсюль чула голас бацькі: “Ты павінна любым лёсам хоць бы курсы масажыстаў закончыць, ты павінна быць падобнай на маю маму. А бабуля была псыхатэрапэўтам, лічылася наймацнейшым гіпнатызэрам”.

А вось што кажа Фядора Данілаўна пра цудадзейную гаючую сілу сваіх крыніцаў:

(Фядора: ) “Маю ваду ў Акадэміі навук Масквы правяралі тройчы, калі я працавала ў іх. Наша вада без маіх рук трымае 30 тысяч адзінак. Я накладваю рукі — яна 33 тысячы 300 носіць”.

І далей з гордасьцю і шкадобай дадае:

(Фядора: ) “У мяне шэсьць калодзежаў на сёньняшні дзень, а трэба дзевяць. Як яснавідзенкі заяўлялі, мацней вады няма ў сьвеце”.

На думку бабулі, гэта здарылася таму, што некалі тут было шмат цэркваў — месца, такім чынам, вельмі намоленае. Адсюль і выратаваньне для хворых людзей. Выснову з нашае размовы робіць такую:

(Фядора: ) “Рэлігія трымаецца ўся на вадзе. Калі ўзяць разумна”.

І дадае, што каб не хварэць, жыць трэба годна, з Богам у душы:

(Фядора: ) “Любіць адзін аднаго, ніколі яму не капаць адзін аднаму, разьлічваць, што я ня буду чалавека тапіць. Будзеш тварыць дабрыню, дык яна абароніць ня толькі цябе, калі чалавек думае пра дабро”.


* * *
Некаму разважаньні знахаркі могуць падацца наіўнымі. Аднак дасьледаваньні беларускіх сацыёлягаў сьведчаць, што да шаптуноў, варажбітоў, народных лекараў найчасьцей зьвяртаюцца людзі, якія або лічаць сябе вернікамі, або яны вось-вось на падыходзе да царквы. Сярод вернікаў, напрыклад, 40% прыязна ставяцца да гаданьняў. Такім чынам, у грамадзтве дзіўным чынам ужываюцца, суседнічаюць і дахрысьціянскае — паганскае, і рэлігійнае. Каля 40% беларусаў прызнаюць варажбу, сурокі, нагаворы — гэткія магічныя працэдуры, 25% — астралёгію, 20 — лятальныя талеркі, 13 — экстрасэнсорыку.

Пра тое і разгаварыліся з Андрэевай жонкай, Ірынай, калі празь некалькі дзён я прыйшоў наведаць сябра, паглядзець, ці падзейнічала Фядорына лячэньне, вада зь яе крыніцаў — з сабою мы ўзялі ажно літраў 70, як і нагадала бабуля. Ды яшчэ кіляграмаў 20 адмысловай гліны для кампрэсаў. Цуду выздараўленьня пакуль не адбылося, сябра быў не ў настроі і спытаўся, ці магу я адвезьці яго ва Ўзьдзенскі раён да славутага лекара Косьці. “Ты ж, здаецца, быў у яго?” — “Быў, але не паверыў. А зараз адчуваю, што дарма, цягне да яго”.

Пра Косьцю Ірына пачула ад знаёмцаў, якіх уразіў выпадак з блізкай сваячкай. Вось як пераказвае тую гісторыю Ірына:

(Ірына: ) “Ёй паставілі анкалягічны дыягназ. Прычым дактары сказалі, што застаецца максымум паўгоду пры хіміятэрапіі, і ніякіх шанцаў. Яна да яго паехала і так паверыла, што гэта не адзінае, што можа выратаваць яе. Месяцаў пару яна ўсё: “Ну як, калі будуць вынікі нейкія?” Ён гаворыць: “Яшчэ не, яшчэ не”. Потым кажа: “Усё, ідзі, правярайся!” Яна пайшла, і анкалягічны дыягназ ёй зьнялі, паставілі дыягназ “сухоты”. Яна да яго. Праз паўгоду ўсе аналізы паздавала, здымкі зрабіла — усё, што можна было. Усюды ўсё абсалютна чыста было. Лекары кажуць — каб мы ня бачылі ранейшага, ніколі б не паверылі, што ў вас гэта было!”

Твар Ірыны пры гэтым такі шчасьлівы, быццам уратавалі ейнага Андрэя. А хто ж такі Косьця, адкуль узяўся, чым лекуе тых, ад каго адхрэшчваюцца ў найлепшых клініках?

(Ірына: ) “Ён баптыст. І просіць Бога, каб Бог дапамог. Ён сам вельмі хварэў — у яго была лейкемія, балелі ўсе мышцы, усё, што можа балець, усё балела. Трое дзяцей у яго было. Кажа, вельмі цяжка было ўсьведамляць, што ты ўжо не даеш у сям’ю, як павінен сапраўдны бацька рабіць, а забіраеш з гэтай сям’і. І ўсё лепшае бацьку... Да Бога зьвярнуўся: за што? За што, за што? І потым, кажа, са мной пачало нешта рабіцца — я стаў заўважаць, як зь мяне пачало нешта лезьці... Такія істоты, што я ня ведаю нават, як іх апісаць: і зялёныя, і чорныя, і з хвастамі, і... Мяне трэсла, калаціла, з той канапы зваліўся на падлогу. Што рабілася, гэта было страшна”...

Слухаеш такое і міжволі згадваеш пра сапраўдную навалу самых розных магаў, шаманаў, прадказальнікаў — зусім нядаўна , напрыклад, з шырокай рэклямай наведвалі Беларусь такія вядомыя расейскія ведзьмакі як Лонга і Тарасаў. Дома іх прыціснулі апошнім часам, дык яны сюды... Зьняцьцё нагавораў, праклёнаў, выгнаньне д’яблаў прапануецца ня толькі ў дамах і кватэрах ведзьмакоў, але нават у цэрквах, напрыклад, недалёка ад Пухавічаў.

Выклік астральных двайнікоў, цуды тэлепатыі і тэлекінезу, абарона ад энэргетычных вампіраў — прапануецца ўсё што заўгодна, толькі грошы давайце! І так настойліва-агрэсіўна, што за грашыма не стаяць нават тыя, каго лічаць палітычнай, культурнай элітай краіны — яны на ўсё гатовыя, каб апынуцца ў разрэклямаваным “спрыяльным энэргетычным полі”. Не выпадкова сярод кліентуры таго ж Косьці ёсьць людзі з найвышэйшых уладных структураў.

Пытаюся ў Ірыны, з чым прыходзяць людзі да Косьці? Зь якімі болькамі? Ёсьць нейкая спэцыялізацыя, так бы мовіць, або — мастак на ўсе сто?

(Ірына: ) “Да яго прыходзяць з абсалютна рознымі дыягназамі. Нельга сказаць, што ідуць толькі забітыя, неадукаваныя, ці якія ня маюць магчымасьці пайсьці да нейкіх там зорак мэдычных... Не, ёсьць такія, што могуць да любога патрапіць, яны ў стане аплаціць любога доктара, але...”


* * *
Далей мы загаварылі пра Андрэя і пра тое, чаму пакуль яму мала што далі сустрэчы з рознымі знахарамі й лекаркамі. Хоць усё адносна: адзін са сталічных сьвяцілаў увогуле даваў невядома на што хвораму паўгоду жыцьця. Але ж атрымліваецца па-іншаму! Насуперак змрочнаму дыягназу. І, на думку Ірыны, магчыма, дзякуючы тэтым вось паездкам... Ну а што няма рэзкага паляпшэньня стану, дык яна, выпускніца мэхмату Белдзяржунівэрсытэту, не губляе надзеі:

(Ірына: ) “Як кажуць, трэба патрапіць на сваю хвалю адносна бабак. Аднаму чалавеку яна дапамагае, другому не...”

Практычна ўсе лекары добрыя псыхолягі, таму й кажуць: для таго, каб стаць на ногі, толькі майго жаданьня мала, неабходная яшчэ твая, хворы, актыўная дапамога. Бяз гэтага я толькі час змарную, вінаваць тады сам сябе. Вось такая простая і лоўкая знахарская самападстрахоўка. Спрацоўвае амаль на 100 адсоткаў.

Тут жа звычайная дасьведчанасьць і лёгіка: калі ва ўсім сьвеце схільныя да ўнушэньня толькі 6–7% насельніцтва, дык на постсавецкай прасторы зь яе магутным псыхалягічным крызысам — ажно да 30 і нават болей! Зьдзіўляцца тут няма чаму, бо разбураная прывычная сыстэма ідэяў і ідэалаў, духоўнасьці, хай сабе ў многім і штучная. Але яна давала пачуцьцё трываласьці, якога цяпер ня стала. Адначасова пачаўся развал мэдыцыны, плюс актыўная папулярызацыя з дапамогаю дзяржавы-банкрута ірацыянальнага сьветаўспрыманьня. Гэтыя абставіны, пакладзеныя на людзкую разгубленасьць, і далі магутны штуршок містыцы.

Што тычыцца веры і ўпартасьці Ірыны, то высьветлілася: сярод яе сваякоў былі варажбіты, яна зь дзяцінства назірала, як шэпты-малітвы, незразумелыя, таямнічыя пасы рукамі рабілі неверагоднае відавочным: болькі хворых зьнікалі.

(Ірына: ) “Гэта ўжо любы доктар вам скажа, што калі рожу лячыць у мэдычнай установе, то гэта вельмі цяжкая справа і доўгая. Што тычыцца бабак, то мая бабуля загаворвала рожу. Для гэтага максымум трэба было тры разы, больш не, ніколі! Тры разы: увечары, калі сонца сядзе, на раніцу раненька прыйсьці і яшчэ раз увечары — усё!”

Днямі Ірына павязе Андрэя да Косьці. А пасьля, у сярэдзіне траўня, магчыма, паедуць на тыдзень да Фядоры, тая рэкамэндавала пажыць ля ейных крыніц... Ну а пазьней, у ліпені, выправяцца да доктара ў Менску...


* * *
Як ставіцца да высілкаў Ірыны і Андрэя? У кожнага сваё меркаваньне. Я асабіста падзяляю думку, што цуды — там, дзе ў іх вераць. І чым больш вераць, тым часьцей яны здараюцца. Вераць — хай ходзяць. Але разам з тым важна расказваць людзям праўду пра дзялкоў ад містыцызму, шарлятанаў ад псэўданароднай мэдыцыны. У Расеі правялі спэцыяльнае дасьледаваньне, і высьветлілася: палова папулярных лекараў — звычайныя махляры, каля чвэрці — душэўнахворыя, траціна шчыра памыляецца ў сваіх звышздольнасьцях. І толькі ў адным са ста выпадкаў ёсьць сапраўды тое, чаго нельга растлумачыць, што невядома сучаснай навуцы й мэдыцыне. Пакуль невядома.

Ну а што думаюць пра ўсё гэта вядомыя ў Беларусі людзі? Вось меркаваньні знаўцаў жыцьця і чалавечых душаў.

(Леанід Галубовіч: ) “Ня тое, што я ім не давяраю, ці што... Проста я і да доктара рэдка хажу. Вось хварэю ўжо колькі гадоў, а баюся хадзіць. Бо ўжо тады нейкая рэакцыя пачынаецца. Пачнеш з рэнтгену, а скончыцца на апэрацыйным стале”.

(Адам Мальдзіс: ) “Асабіста я не зьвяртаўся... Але ведаю, што мае бацькі звярталіся ў свой час. Зьвярталіся да вясковых жанчын, якія, звычайна, загаворвалі ваду. Мусіць, памагала. І я лічу, што ўзьдзеяньне словам лечыць. Таму людзі, якія маюць вялікі запас духоўнай энэргіі, могуць узьдзейнічаць на здароўе чалавека станоўча. Альбо адмоўна. Я таксама веру, што так званыя праклёны сапраўды могуць уплываць на здароўе чалавека”.

(Рыгор Барадулін: ) “Паколькі я хрышчоны паганец, то я больш веру народнай мэдыцыне, чым прысавечанай, прыкалгашанай. Мяне некалькі гадоў таму так залячыла савецкая мэдыцына, што мяне мусілі везьці ва Ўшачы да мамы. Але мяне падняў на ногі мой лекар, граф, патомны вядзьмар, траўнік. Дзякуючы яму я магу цяпер нешта і пісаць, і рухацца, і хадзіць. Я яму страшэнна ўдзячны. Гэта Пётар Кухарскі. Ён жа трымае і ўнучку маю, і жонку, ускосна дапамагае і другому, самаму дарагому мне чалавеку ў сьвеце. Ну, вы ведаеце, каму. Васілю...”

Між іншым, ва ўспамінах Васіля Быкава, якога згадвае дзядзька Рыгор, ёсьць эпізод з жыцьця маці пісьменьніка — калі тая моцна захварэла, то пайшла да варажбіткі. І выздаравела. А вось самому Васілю Ўладзімеравічу больш дапамагаюць, здаецца, усё ж лекары...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG