Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРЭЙШЫ СЫН А.ЛУКАШЭНКІ ПАЧАЎ ПРАЦАВАЦЬ У НАВУКОВА-ДАСЬЛЕДЧЫМ ІНСТЫТУЦЕ СРОДКАЎ АЎТАМАТЫЗАЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Навукова-дасьледчы інстытут сродкаў аўтаматызацыі (НДІ СА) “Агат”, акрамя прадукцыі грамадзянскага прызначэньня вядомы тым, што распрацоўвае і вырабляе аўтаматычныя сыстэмы кіраваньня войскамі. Сярод асноўных заказчыкаў гэтай установы называюць Расею, Кітай, Індыю, Віетнам.

Адзін з кіроўных супрацоўнікаў інстытуту, які папрасіў не называць ягонага прозвішча, лічыць, што новая пасада не прынясе сыну кіраўніка дзяржавы шмат клопатаў. Тут не патрэбна нешта “раскручваць”, паколькі рынак для вытворчасьці “Агату” ўжо існуе. Трэба толькі падтрымліваць сувязі, якія існуюць.

Як мы ўжо паведамлялі ў мінулую пятніцу, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі звольніўся з пасады дарадцы аддзелу Заходняй Эўропы Міністэрства замежных справаў краіны. Чым можна патлумачыць, такі пераход? Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч лічыць, што прызначэньне Віктара Лукашэнкі на сталую працу за мяжу было б нэгатыўна ўспрынятае часткай электарату Беларусі, асабліва людзьмі старэйшага ўзросту.

(Марыніч: ) “Яны пабаяліся выпускаць яго за мяжу, а сядзець проста так (у цэнтральным апараце МЗС) не было яму сэнсу”.

Яшчэ ў час Савецкага Саюзу навукова-дасьледчы інстытут сродкаў аўтаматызацыі быў адным з самых засакрэчаных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Ён падпарадкоўваўся непасрэдна Маскве, а заказчыкам прадукцыі выступала Міністэрства абароны тагачаснага СССР. Кажуць, што тады нават ня ўсе найвышэйшыя асобы БССР ведалі, чым канкрэтна займаецца гэтая ўстанова.

Пасьля распаду СССР справы “Агату” нейкі час былі дрэннымі. Аднак кіраўніцтва інстытуту ў другой палове 90-х гадоў змагло знайсьці выгадныя заказы за межамі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG