Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЭКІН ЧАКАЕ ПАЛІТЫЧНЫ ЗЕМЛЯТРУС”


Віталь Тарас, Прага

Параўноўваючы сытуацыю, якая склалася ў СССР пасьля Чарнобыльскай аварыі, з тым, што адбываецца ў Кітаі з-за эпідэміі атыповай пнэўманіі (САРС) газэта зьвяртае ўвагу і на відавочную розьніцу. Міхаіл Гарбачоў прыйшоў да ўлады, ужо маючы ідэі галоснасьці й перабудовы. Мы ня ведаем, – піша “Wall Street Jornal in Europe”, – ці падзяляе падобныя погляды генэральны сакратар ЦК КПК Ху Цьзінтао. Аднак само імя Гарбачова ў Пекіне ёсьць кепскім словам. Пасьля падзеяў 1989 году (тады на плошчы Цяньаньмынь была гвалтам разгнаная студэнцкая дэманстрацыя) кітайскія лідэры пакляліся не дапусцьціь “памылак”, якія дапусьціў савецкі генсек. Акрамя таго, Гарбачоў у першы ж год сваёй улады зьмясьціў вялікую колькасьць рэгіянальных партыйных кіраўнікоў. Кітайскі лідэр Ху Цьзінтао мае значна больш хісткія пазыцыі у параўнаньні са сваім папярэднікам Цьзян Цзэмінем.

Палітыка КНР не вызначалася празрыстасьцю. На пачатку 1960-х гадоў у выніку масавай калектывізацыі пры Мао Цзэдуне загінулі мільёны людзей, аднак насельніцтва гарадоў працягвала жыць у “шчасьлівым няведаньні”. Колькасьць ахвяраў землятрусу на Цяньшані ў 1976 годзе, які ўнес 200 тысяч жыцьцяў, таксама пасьпяхова хавалася шмат гадоў. Так было і падчас іншых катастрофаў. У кожным з выпадкаў увесь астатні Кітай працягваў функцыянаваць, як быццам нічога не здарылася. Аднак у выпадку з САРС можа стацца йнакш.

Сёньня, у адрозьненьне ад мінулых выпадкаў, немагчыма захоўваць у сакрэце тое, што адбываецца ў Пэкіне і Шанхаі ад тысяч замежных журналістаў. Калі эпідэмія САРС распаўсюдзілася на сталіцу, гульня скончылася. Рэкамэндацыя Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя паўстрымацца ад паездак у Кітай моцна паўплывала на эканоміку Кітаю, якая моцна зьвязаная з глябальнай эканомікай.

Звычайна паміж лютым і траўнем прадаўцы стараюцца закупіць месцы на кірмашах для продажу ўраджаю, які сасьпее толькі праз восем месяцаў. Мадэльеры адзеньня ствараюць новыя мадэлі і аналізуюць тэндэнцыі мінулага сэзону. Вялікія кампаніі могуць знайсьці новыя шляхі збыту, аднак аснову рынку ў Кітаі складаюць маленькія фірмы – напрыклад, фабрыкі адзеньня. І ўся гэтая дзейнасьць была прыпыненая на агромністай прасторы ад ракі Янцзы да ракі Хуанхэ.

Нечакана быў звольнены міністар аховы здароўя Чжан Вэнконг. Наконт яго ў Інтэрнэце быў жарт аб тым, што кітайскаму міністру можна верыць меней, чымся былому мінісітру інфармацыі Іраку Махамаду Ас-Сахафу (які праславіўся ўменьнем адмаўляць любыя факты). А чаму быў звольнены мэр Пекіну – адзін з прыхільнікаў генсэка Ху Цьзіньтао? Можа, ён стаўся непазьбежнай ахвярай на шляху да навядзеньня новага парадку кітайскім лідэрам?

Аднак, кіраўніцтва правінцыі Гуандун, адкуль і пачалося распаўсюджваньне хваробы САРС, адстаўкі не закраналі. Лічыцца, што кіраўніцтва гэтай правінцыі хавала інфармацыю ад Пэкіну падчас сэсіі Ўсекітайскага нацыянальнага сходу ў мінулым месяцы. Мэр Пэкіну ў той самы час імкнуўся падштурхнуць іншых лідэраў адысьці ад партыйнай лініі і раскрыць той факт, што эпідэмія атыповай пнэўманіі пачалася яшчэ да фармаваньня новага ўраду ў сакавіку. Так што апошнія звальненьні могуць свьедчыць усяго толькі пра палітычны спэктакль, прызначаны як для насельніцтва Кітаю, гэтак і для міжнароднай супольнасьці.

Такое здаралася й раней. З-за катастрофы на чыгунцы і крушэньня самалёту ў 1988 годзе былі звольненыя міністар шляхоў зносінаў і дырэктар агенцтва грамадзянскай авіяцыі КНР. Аднак, былы кіраўнік чыгункі застаўся сябрам палітбюро і некалькі гадоў потым узначальваў дэпартамэнт прапаганды.

Сёлета ў красавіку Пэкін упершыню прызнаў, што існуе праблема САРС, аднак пры гэтым было заяўлена, што сытуацыя застаецца пад поўным кантролем. Зараз кітайскія мэдыі пішуць, што САРС выйшаў з-пад кантролю, але што сытуацыяй удалося апанаваць дзякуючы гераічным намаганьням лекараў.

Праўда палягае ў тым – піша газэта, што сыстэма аховы здароўя перашкаджае аналізу распаўсюджаньня САРС, і эпідэмія будзе працягвацца, пакуль Кітай не атрымае масавую дапамогу міжнароднай супольнасьці. Шпіталі ў некаторых раёнах не прымаюць пацыентаў, якія ня могуць аплаціць страхоўку і якія працягваюць інфікаваць іншых, хаця гэткую практыку забараніў цэнтральны ўрад. Пэкіну трэба прасіць міжнароднай дапамогі, але палітычна ён не гатовы на такі крок. Ён усё яшчэ застаецца ў дагарбачоўскй эры, калі друкавалася пэўная інфармацыя, але не было поўнай галоснасьці.

Пакуль што кітайскія прадпрыемствы ўжываюць старыя мэтады, адпраўляючы рабочых-мігрантаў з правінцыяў, дзе распаўсюджаная інфэкцыя САРС, назад дамоў.

У той жа час, чуткі пра эпідэмію пераходзяць усе межы. Практыка паўпраўды стварыла выдатную атмасфэру для грамадзкай гістэрыі. Панічныя закупкі прадуктаў у Ганконгу, дзе ўсе яны зьнікаюць з паліцаў штодня яшчэ да поўдня, перакінуліся на Пэкін. Калі эпідэмія будзе працягвацца яшчэ некалькі тыдняў, мяркуе газэта, многія тысячы людзей пакінуць свае дамы, паколькі яны адчуваюць, што раёны, дзе яны зараз жывуць, застаюцца па-за ўвагай уладаў.

У Ганконгу, дзякуючы большай адкрытасьці, удалося пазьбегнуць вялікай панікі, аднак агульную незадаволенасьць выклікала няздольнасьць уладаў дзейнічайць хутка – напрыклад, адразу ўсталяваць на памежных пунктах адмысловыя камэры, якія дапамагаюць выявіць хворых альбо забясьпечыць прыежджых рэсьпіратарамі ці адмысловай вопраткай.

Пэкін павінен разумець, што ўсё гэта можа паскорыць вялікія палітычныя ўзрушэньні. Пэкін можа альбо далей хаваць праўду – і тым самым прызнаць сваю паразу ды пайсьці на распальваньне нацыяналістычных настроеў з тым, каб абвінаваціць ва ўсім замежнікаў, – альбо кіраўніцтва Кітаю можа пайсьці на поўную галоснасьць ды папрасіць сьвет дапамагчы ў перадоленьні крызысу. Аднак, гэта азначае канфлікт з апаратам дзяржбясьпекі і ў выніку – поўны краху рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG