Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЭЙФЕ АФІЦЭРА РЭСПУБЛІКАНСКАЙ ГВАРДЫІ Ў БАГДАДЗЕ ЗНОЙДЗЕНЫ ФАКС З БАРЫСАЎСКАГА РАМОНТНАГА ЗАВОДУ


Юры Дракахруст, Прага

Рон Сынавіц, які на гэтым тыдні вярнуўся з Іраку, распавядае, якім чынам дакумэнт, пра які ідзе гаворка, трапіў яму ў рукі:

(Сынавіц: ) “Гэты дакумэнт быў знойдзены ў сэйфе высокапастаўленага ірацкага афіцэра на базе ірацкай нацыянальнай гвардыі на поўначы Багдаду, калі гэтая база была занятая амэрыканскімі войскамі. Разам з гэтым лістом быў знойдзены яшчэ адзін дакумэнт – ліст ад былога савецкага генэрала Ўладзіслава Ачалава, у якім прапаноўваюцца запчасткі да зброі для рэспубліканскай гвардыі. Амэрыканскі салдат знайшоў ліст Ачалава і прынёс афіцэру разьведкі. Я якраз быў пры гэтым і запытаў салдата, дзе ён знайшоў гэты ліст. Ён завёў мяне ў памяшканьне, дзе знаходзіўся сэйф, які ўзарвалі, каб даведацца, што ў ім. І у гэтым сэйфе я знайшоў ліст ад беларускага абарончага заводу.

У кантэксьце ліста былога савецкага генэрала, пра які я казаў, у беларускім лісьце размова ідзе пра ўсталяваньне зброі і рамонт ваеннай тэхнікі, якая была пашкоджаная падчас вайны ў Затоцы ў 1991 годзе. Выглядае, што гэта копія ліста, які дасланы вайскоўцам з ірацкай рэспубліканскай гвардыі для інфармаваньня наконт іх запыту”.

А цяпер пра зьмест знойдзенай ім паперы. Гэта факс на блянку 140-га рамонтнага заводу, які знаходзіцца ў Барысаве. Гэты завод падпарадкаваны Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Дакумэнт датаваны 16 чэрвеня 2001 году і мае зыходны нумар 1726. Ён напісаны на расейскай мове. Падаем яго зьмест у перакладзе на беларускую:

“Увазе сп. Рачкевіча В.С.

Паважаны Уладзіслаў Станіслававіч

Паводле пунктаў пратаколу аб намерах ад 16 траўня 2001 году.

Пункт 6. Аб магчымасьці навучаньня адмыслоўцаў
Завод мае магчымасьць навучаць адмыслоўцаў паводле гатовых праграмаў:
1. інжынэр (тэхнік) для рамонту сілавых установак
2. інжынэр (тэхнік) для рамонту ўзбраеньня танку
3. інжынэр (тэхнік) для рамонту электраабсталяваньня танку
На жаданьне замоўца, адмыслоўцамі заводу будуць распрацаваныя праграмы навучаньня іншым спэцыяльнасьцям. Прашу ўдакладніць спэцыяльнасьці і аб’ём (колькасьць часоў).

Пункт 8. Аб інжынэрным абсталяваньні для расчысткі мінных палёў.
На танк Т55 усталёўваецца калейны мінны трал КМТ-5М.
На танк Т72А,Т72Б – калейны мінны трал каткова-нажавы КМТ-7, магчымы КМТ-6.
Прашу ўдакладніць маркі запытваных тралаў.

Пункт 10. Завод гатовы даць указаньні ў справе дэфармавальнай афарбоўкі, складаў колераў, плошчах і марках фарбаў для наступных відаў камуфляжу:
1. Расьлінны,
2. Пустынна-каляровы, горны,
3. Сьнежны,
а таксама малюнкі дэфармавальнай афарбоўкі.
Прашу ўдакладніць, ці дастаткова гэтай інфармацыі.

З павагаю,

Начальнік УП “140 рамонтны завод” Сакач В.Ф."


На адваротным баку ліста на арабскай мове зробленая прыпіска: “Накіраваць дэлегацыю ў жніўні”.

Мы паспрабавалі высьветліць, хто ж адрасат гэтага ліста. У інтэрнэце ў пошукавай праграме набралі па-расейску “Рачкевич Владислав Станиславович”. І атрымалі адназначны адказ: Рачкевіч Уладзіслаў Станіславівіч, кіраўнік беларуска-швайцарскай фірмы “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам”. Адным з сузаснавальнікаў гэтай фірмы, як паведамляецца на яе інтэрнэт-старонцы, зьяўляецца беларускі “Інфабанк”. Менавіта гэты банк у шэрагу беларускіх і замежных публікацыяў называўся як пральня для адмываньня грошай, атрыманых ад пастаўкі беларускай зброі ў Ірак. Мы папрасілі сп-ра Рачкевіча пракамэнтаваць ліст, які прывез нам Рон Сынавіц.

У размове з нашым карэспандэнтам Алегам Груздзіловічам сп. Рачкевіч паведаміў, што неаднаразова бываў у Іраку з 1999 году. Паводле яго словаў, кампанія “Белмэталэнэрга” прыцягвала яго да працы з іракцамі як чалавека, які валодае ангельскай і адмыслоўца ў пытаньнях экспартнага бізнэсу. Апошнім разам сп. Рачкевіч, паводле яго словаў, быў у Іраку ў сьнежні летась у складзе дэлегацыі, якую ўзначальваў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі сп. Ігнаценка. Ён быў там у якасьці перакладчыка і экспэрта, а таксама як чалец таварыства беларуска-ірацкага сяброўства.

Аднак сп. Рачкевіч заявіў, што фірма “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам”, якую ён зараз узначальвае, ня мае аніякага дачыненьня да гандлю з Іракам. Ён таксама катэгарычна адмовіў сваю датычнасьць да збройнага бізнэсу з Іракам і сказаў, што дакумэнт, знойдзены ў сэйфе афіцэра ірацкай рэспубліканскай гвардыі, бачыць упершыню. Гаворыць Уладзіслаў Рачкевіч:

(Рачкевіч: ) “Я гэтага дакумэнту ніколі ня бачыў. Я клянуся, што ніколі ня быў на гэтым прадпрыемстве. Можна меркаваць, што гэты дакумэнт сфабрыкаваны. Ён датаваны 2001 годам. Наколькі я ведаю, хаця і не магу сьцвяржаць абсалютна, падобных прыездаў дэлегацыяў ці супрацоўніцтва па пастаўцы такой тэхнікі, што ўзгадвалася тут – гэтага не было. Я не выключаю, што на тэрыторыі былога СССР існуюць яшчэ людзі з такім жа прозьвішчам. Можна ўзяць гэты блянк і ў яго няхітрымі прыёмамі прыплюсаваць маё прозьвішча, каго заўгодна.

Так, я неаднаразова бываў у Іраку, я неаднаразова ўдзельнічаў у перамовах з ірацкімі дэлегацыямі. Але пытаньні, зьвязаныя са спэцтэхнікаю і ўзбраеньнямі, у Беларусі вельмі жорстка ліцэнзуюцца і кантралююцца. І далучэньне да гэтага фірмаў, якія ня маюць дазволу, заканадаўча не дазволенае. Гэта проста выключана, нас бы не дапусьцілі”.

Наконт таго, што дакумэнт можа быць падробкаю, сваё меркаваньне выказвае Рон Сынавіц:

(Сынавіц: ) “Тут важна ўлічваць, дзе гэты ліст быў знойдзены. На базе, дзе быў знойдзены ліст, якраз і знаходзілася ваенная тэхніка і запчасткі да яе. А ў лісьце менавіта і вядзецца пра рамонт ваеннай тэхнікі. Няўжо рэспубліканская гвардыя падрабіла блянк беларускага ваеннага заводу, падрабіла на расейскай мове, і наўмысна пакінула гэты ліст ў сэйфе, каб амэрыканцы знайшлі яго? Дарэчы, у гэтым жа пакоі былі валізкі і зь іншымі дакумэнтамі, выглядала, што іх склалі, каб забраць, але відаць, у іракцаў не хапіла часу іх забраць”.

Паводле тлумачэньня сп. Рачкевіча, такога дакумэнту ня можа існаваць у прыродзе. Але ён існуе. Варта падкрэсьліць, што мы нікога не абвінавачваем, мы дасьледуем. Цалкам магчыма, што размова ў паперы ідзе пра іншага Рачкевіча, які не рэклямуе сябе праз інтэрнэт. Ня выключана, што кіраўніка “Сыстэмнага кіраваньня бізнэсам” проста падставілі, скарыстаўшы той чыньнік, што ён меў кантакты з Іракам. Збройны бізнэс ва ўсім сьвеце заўсёды быў справаю надзвычай жорсткай, а збройны бізнэс з садамаўскім Іракам – асабліва.

Невядома таксама, ці прыехала ў Беларусь дэлегацыя, пра якую вядзецца ў арабскай прыпісцы да ліста, знойдзенага Ронам Сынавіцам. Нарэшце, невядома, ці былі аказаныя паслугі і пастаўленыя тавары, пра якія ідзе размова ў лісьце.

Дакумэнт, знойдзены ў сэйфе афіцэра Рэспубліканскай гвардыі ў Багдадзе, пакідае шмат пытаньняў, якія пакуль застаюцца без адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG