Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА РЭЗАЛЮЦЫЮ КАМІСІІ ААН Ў СПРАВЕ ПАРУШЭНЬНЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Вядучыя польскія штодзёньнікі “Gazeta Wyborcza” i ““Rzeczpospolita” паведамляюць, што ў рэзалюцыі ў справе Беларусі камісія ААН у правох чалавека патрабуе неадкладнага высьвятленьня лёсаў зьніклых апазыцыйных палітыкаў, вызваленьня асуджаных журналістаў, спыненьня перасьледу недзяржаўных арганізацыяў, а таксама шанаваньня беларускімі ўладамі асноўных правоў чалавека.

Паводле аўтараў рэзалюцыі – прадстаўнікоў ЗША, гэты дакумэнт грунтуецца на спраўджаных зьвестках, паводле якіх высокія чыноўнікі цяперашняй беларускай адміністрацыі маюць дачыненьне да зьнікненьняў вядомых апазыцыйных палітыкаў.

Польскія газэты, аднак, не камэнтуюць магчымых вынікаў рашэньня камісіі ААН для афіцыйнага Менску. Ці дапаможа рэзалюцыя палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? На гэтае пытаньне адказвае экспэрт Польскай Гельсынкскай фундацыі ў справах Беларусі Марэк Шымчык:

(Шымчык: ) “Рэзалюцыя ААН можа мець нейкае маральнае значэньне для тых арганізацыяў, што спрабуюць дапамагчы беларускаму грамадзтву пазбавіцца ад таталітарнай сыстэмы Аляксандра Лукашэнкі. Нельга, аднак, разглядаць гэтую рэзалюцыю ў адрыве ад таго, што апошнім часам зрабіла ААНаўская камісія ў правох чалавека, я маю на ўвазе хаця б маўчаньне ў справе Кубы ці Чачэніі. Такія паводзіны гэтага міжнароднага органу шмат каго зьдзіўляюць, і пасьля іх рэзалюцыя ў справе Беларусі ўжо не выглядае вельмі істотнай, як гэта мусіла быць.

З другога боку, варта прыгадаць, што беларускія ўлады не зьвярталі ўвагі нават і на больш сур’ёзныя папярэджаньні. Як Кастра на Кубе ці Пуцін ў Чачэніі, Лукашэнка папросту ігнаруе меркаваньні міжнароднай супольнасьці”.

Што да таго, што камісія ААН ня зганіла нядаўні перасьлед кубінскіх апазыцыянэраў, дык тут польскія адмыслоўцы не хаваюць свайго расчараваньня. “Гэтым разам ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў перамаглі палітычны гандаль і халодны разьлік”, – піша на першай старонцы сёньняшняя “Gazeta Wyborcza”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG