Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАЦКІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ЧАКАЮЦЬ ЗАГАДАЎ НОВАГА ЎРАДУ


Вольга Караткевіч, Прага

Марскія пэхацінцы вялі баі каля мячэту, у якім мог хавацца Садам. Пасьля сёньняшніх баёў у Багдадзе паведамляецца, што адзін амэрыканскі салдат забіты, 20 параненыя. ЗША плянуюць таксама атакаваць аб’екты на заходнім беразе ракі Тыгр.

З Кіркуку паступае інфармацыя, што жыхары выйшлі на вуліцы з радаснымі воклічамі. Захоп Кіркуку разглядаецца сіламі кааліцыі як адна з ключавых падзеяў апэрацыі на поўначы. У паўночна-заходнім кірунку ад Кіркуку амэрыканскія танкі накіраваліся да Масулу, каб падтрымаць курдзкіх байцоў, якія зараз наблізіліся да гэтага гораду.

Гаворачы пра захад Іраку, амэрыканскія сілы называюць мэтай атрымаць кантроль над горадам Каім, што на мяжы з Сырыяй. Неабходна зрабіць так, каб ірацкія сілы, якія працягваюць змагацца, не маглі з гэтага рэгіёну выкарыстоўваць балістычныя ракеты. У зьвязку з працягам вайсковых апэрацыяў і вызваленьнем чарговых ірацкіх гарадоў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў:

(Рамсфэльд: ) “Наперадзе яшчэ шмат барацьбы, яшчэ будуць гінуць людзі, гэта безумоўна, нягледзячы на сьвяткаваньні на вуліцах”.

Асаблівы акцэнт амэрыканскае камандаваньне ставіць на цяжкасьцях, якія будуць у часе бітвы за Тыкрыт, горад, дзе нарадзіўся Садам Хусэйн. Амэрыканскія і брытанскія наземныя войскі рашуча набліжаюцца да Тыкрыту. Тыкрыт разьмешчаны ў 150-ці кілямэтрах ад Багдаду.

Сёньня амэрыканскі і брытанскі лідэры зрабілі шэраг заяваў пра ролю ірацкага народу ў адбудове краіны і пра тое, наколькі можа быць замацаваны посьпех у зьвяржэньні рэжыму Хусэйна. Гэтыя заявы-звароты былі запісаныя з арабскімі субтытрамі для трансьляцыі на Ірак праз новую сетку арабскага тэлебачаньня. Амэрыканскі прэзыдэнт Буш выказаў спадзяваньне, што ў Іраку будзе ўсталяваны мірны ўрад, які будзе паважаць правы ўсіх грамадзянаў. Тады амэрыканскія сілы пакінуць краіну:

(Буш: ) “Злучаныя Штаты і партнэры кааліцыі паважаюць людзей Іраку. Мы робім беспрэцэдэнтныя захады, каб уратаваць жыцьці ірацкіх грамадзянаў. Мы пачынаем дастаўку харчаваньня і вады, а таксама неабходных мэдыкамэнтаў. Наш вораг – толькі Садам і яго рэжым, і гэты рэжым ваш вораг таксама”.

Брытанскі прэм’ер Тоні Блэер сёньня сказаў, што сустракаўся з эмігрантамі зь Іраку, якія жывуць у Брытаніі, і яны з найвялікшай павагай гаварылі пра ірацкі народ і яго магчымасьці. Тоні Блэер сказаў:

(Блэер: ) “Я ведаю, што некаторыя з вас баяцца паўтору 1991 году, калі вы думалі, што кіраваньне Садама скончылася, але ён застаўся і вы пакутавалі. Зараз такога ня здарыцца, гэты рэжым зьнікне і скончыцца”.

І апошняе пытаньне, якое варта закрануць у асьвятленьні галоўных падзеяй у вайне ў Іраку: як прадстаўнікі Іраку ў замежных краінах рэагуюць на паведамленьні пра захоп асноўных гарадоў, прыхільнае і нават эйфарычнае вітаньне сілаў кааліцыі. Амбасадар Іраку ў ААН Махамэд аль-Доўры сказаў наступнае:

(Аль-Доўры: ) “Гульня закончаная, я спадзяюся, мір будзе пераважаць”.

Камэнтар дыплямата – гэта першая рэакцыя прадстаўнікоў афіцыйнага Багдаду пасьля таго, як Садам страціў кантроль над краінай. Дарэчы, я бачыла па канале CNN, як фактычна ўцякаючы ад журналіста аль-Доўры некалькі разоў паўтарыў: “галоўнае, што наступіў ці прыйшоў мір”. Іншыя ірацкія дыпляматы заяўляюць, што згубілі кантакт з Багдадам, у прыватнасьці, амбасадар Іраку ў Пэкіне паведаміў, што чакае загадаў ад новага ўраду. А прадстаўнік Багдаду ў Віетнаме абверг зьвесткі пра захоп ірацкай сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG