Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРКАХ ПРАЙШОЎ ПЕРШЫ СТУДЭНЦКІ ФЭСТЫВАЛЬ САТЫРЫ І ГУМАРУ “ТАРАС НА ПАРНАСЕ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Доказам горацкага паходжаньня паэмы “Тарас на Парнасе” зьяўляецца невялікі ўзгорак на тэрыторыі гарадку Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі, які ўжо 160 гадоў завецца Парнасам. Сёньня там адбывалася галоўная дзея першага моладзевага фэстывалю сатыры і гумару.

Побач з помнікам Янку Купалу, які выступаў перад горацкімі студэнтамі на Парнасе ў 1927 годзе, пабудавалі да фэстывалю прататып лесьнічоўкі, дзе жыў Тарас. Сцэны з паэмы шматлікім гледачам прадставілі студэнты акадэміі, а ў ролі Тараса выступіў рэжысэр народнага тэатру “Ўсходы” Рыгор Траяноўскі, які цьвёрда лічыць героя паэмы сваім земляком, а таму выконваў ролю зь вялікім пачуцьцём.

(Траяноўскі: ) “З пачуцьцём адказнасьці й гордасьці. Тарас — наш, дарэвалюцыйныя студэнты напісалі гэтую паэму, гэта добрая рэч для мяне — сыграць яго, нават ганарова”.

Горацкі краязнаўца Ўладзімер Ліўшыц распавёў, чаму ініцыятары фэстывалю прапісалі Тараса на тутэйшым Парнасе.

(Ліўшыц: ) “Ёсьць вялікія дасьледаваньні шмат якіх вучоных. А выказаў гэтую вэрсію першым Раманаў, вядомы этнограф. Потым наш зямляк Барыс Іофэ таксама нават тапаграфічна прывязаў гэтую паэму да гэтага месца. Тут насупраць быў лясгас, там працаваў Тарас, побач возера, лазьня — усё тое, што апісанае ў гэтай паэме”.

Сьвята на Парнасе ў Горках было беларускамоўным, і нават студэнты акадэміі, хоць і зьяўляюцца жыхарамі беларуска-расейскага памежжа, размаўлялі па-беларуску і з імпэтам дэклямавалі любімыя ўрыўкі з паэмы “Тарас на Парнасе”.

(Студэнты: ) “І вось багі-такі ўсталі, як усё паелі-папілі, і разам у дудку заігралі, скакаць багіні пачалі!”

(Студэнтка: ) “Ой, вельмі падабаецца. Увогуле гэта проста цудоўна!”

Пасьля прадстаўленьня на Парнасе, Тарас і ягоныя сябры прайшлі вялікім тэатралізаваным шэсьцем да Палацу культуры сельска-гаспадарчай акадэміі, дзе разьмесьціліся выставы карыкатураў і народных рамёстваў. У вялікім фэстывальным канцэрце жартавалі ўдзельнікі клюбаў вясёлых і знаходлівых з Магілёўскай вобласьці.

А Рыгор Траяноўскі ад імя свайго героя Тараса выказаў пажаданьне ўсім, хто прыйшоў на горацкі Парнас:

(Траяноўскі: ) “Каб любілі людзі гумар, любілі жыцьцё і наогул паэзію. І каб штогод праводзіць гэтае сьвята, гэта будзе акунаць у паэзію людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG