Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АМБАСАДЫ — З КІРАЎНІКАМІ І БЕЗ…


Уладзімер Глод, Менск

Ужо больш за паўгоду застаеца вольнай пасада Сталага прадстаўніка (у рангу амбасадара) Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Спроба накіраваць туды рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна была ў апошнюю хвіліну спыненая Аляксандрам Лукашэнкам. Свабодным з канца мінулага году застаецца і месца амбасадара Беларусі ў Японіі. А нядаўна да гэтага сьпісу найбольш прыцягальных вакансіяў дадалася пасада амбасадара ў Бэльгіі. Ёсьць і некаторыя іншыя, так бы мовіць, менш прывабныя для службы краіны — напрыклад, Туркмэністан.

Можна меркаваць, што неўзабаве гэты сьпіс павялічыцца. Чакаюць, што ў Беларусь вернуцца: з Ізраілю — Генадзь Лавіцкі, з Францыі — Уладзімер Сянько, з Малдовы — Васіль Саковіч, зь Літвы — Уладзімер Гаркун, з Расеі — Уладзімер Грыгор’еў… Усе яны працуюць на сваіх пасадах ужо больш за чатыры гады — тэрмін, які, згодна з усясьветнай дыпляматычнай практыкай, звычайна даецца амбасадару для працы ў адной краіне. А былы шэф беларускага КГБ генэрал Лавіцкі ўвогуле ўдвая перабраў гэтую норму.

Апошнім часам большасьць адкліканых амбасадараў асядае ў апараце Міністэрства замежных справаў. Напрыклад, Мікалай Ляпёшка пасьля Турцыі ўзначаліў кадравае ўпраўленьне міністэрства. Натальля Дрозд, якая вярнулася з Італіі, атрымала статус амбасадара з адмысловымі даручэньнямі. Такі ж статус і ў Валерыя Садохі — былога амбасадара ў Вялікай Брытаніі, які доўга чакаў працаўладкаваньня. Іншым, як, напрыклад, экс-амбасадару ў Польшчы Мікалаю Крэчку пашанцавала менш, яны мусяць уладкоўвацца самастойна.

У былога амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча наконт прызначэньня амбасадараў сваё меркаваньне.

(Марыніч: ) “Мне падаецца, што ў Беларусі няма палітыкі дзяржаўнага падыходу, няма пэўнай стратэгіі прызначэньня кіраўнікоў дыпляматычных місіяў за мяжой. Нельга ж ігнараваць міжнародную практыку. Мінае пяць гадоў, і паўсюдна спрацоўвае прынцып ратацыі.

А ў нас Лавіцкага як кінулі ў Ізраіль амаль 10 гадоў таму, так ён там і сядзіць. Мабыць, пра яго ўжо і забыліся. Аб’ёмы гандлю з Ізраілем у нас не растуць, інвэстыцыі адтуль у беларускую эканоміку не ідуць. Дык чаго столькі гадоў там трымаць аднаго і таго ж чалавека? Той жа Краўчанка, калі б на яго данос не падкінулі, трымаўся б у Токіё і да сёньняшняга дня. А гэта азначае, што ў нас няма ні кантролю, ні аналізу працэсу зьмены і прызначэньня дыпляматаў.

І яшчэ чым адрозьніваецца Беларусь? Ва ўсім сьвеце вельмі часта амбасадар пераяжджае на працу з адной краіны ў іншую на такую ж самую пасаду. Так робіцца і ў Расеі, і ў ЗША, карацей кажучы, ва ўсім сьвеце. А ў нас я згадваю толькі адзін выпадак паўторнага прызначэньня: Хвастоў, які быў раней амбасадарам у Канадзе, цяпер паедзе ў Злучаныя Штаты. Іншых такіх прыкладаў я штосьці ня памятаю. Усё ў нас ня так, як у цывілізаваным сьвеце”.

Варта ўсё ж дадаць, што акрамя Хвастова былі яшчэ два амбасадары, якія папрацавалі ў дзьвюх краінах. Гэта — сам Міхаіл Марыніч, які ўзначальваў беларускія дыпмісіі ў Чэхіі і Латвіі, і Сяргей Мартынаў, які быў амбасадарам у ЗША і Бэльгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG