Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАРЫСА СІМАКОВІЧ: КАМПАЗЫТАР З ПАРАЛЕЛЬНАГА ВЫМЯРЭНЬНЯ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Сёньня можна сьмела сьцьвярджаць, што творчасьць беларускіх кампазытараў, якія працуюць у сур’ёзных, акадэмічных жанрах музыкі, засталася па-за ўвагай улады. Што, у сваю чаргу, цягне за сабой і адсутнасьць, амаль поўную, грамадзкай увагі да таго, што пішуць, што ствараюць выпускнікі нашае Акадэміі музыкі. Немагчымасьць, часам амаль поўная, пачуць калі-небудзь са сцэны напісаны імі твор прымушае кампазытараў альбо пісаць у стол, альбо брацца за тыя рэчы, якіх ім у сьценах згаданай акадэміі наогул не вучылі.

Тым ня менш, акадэмічная падрыхтоўка ёсьць той фундамэнт, які дазваляе выпускнікам БАМу пасьпяхова і аўтарытэтна заяўляць пра сябе ў тых нават жанрах, якім падчас працэсу навучаньня надаюць няшмат часу альбо не надаюць наогул. У час, калі кампазытарам можа называць сябе кожны, хто напісаў дзьве-тры няўцямныя песенькі, людзі сапраўды таленавітыя, навучаныя прафэсіі, нібыта адасабляюцца ад грамадзтва альбо засноўваюць такія праекты, якія, апрача іх саміх, ажыцьцявіць ня здолеў бы ніхто і ніколі.

Адзін з такіх кампазытараў — Ларыса Сімаковіч, выпускніца Акадэміі музыкі па клясе кампазыцыі, на працягу многіх гадоў — кіраўнічка незвычайнага фальклёрнага калектыву “Госьціца”, якую я вельмі рады вітаць у студыі Радыё Свабода. Добры дзень, Ларыса!

Чаму вы, Ларыса, яшчэ шмат гадоў таму выбралі галоўнай справай жыцьця менавіта гэты калектыў ці, як цяпер модна казаць, — праект?”

(Ларыса Сімаковіч: ) “Пачатак быў напрыканцы майго навучаньня ў інтэрнат-школе імя Ахрэмчыка. Вось тады, заканчваючы гэтую школу, мною быў зроблены калектыў, які выконваў фальклёр, і паралельна я тут жа перакладала нескладаныя нейкія фартэпіянныя п’есы з альбому “Ганны Магдалены” Баха для выкананьня вакальным чынам. Гэтая вось тэндэнцыя чамусьці празь некалькі гадоў неяк аднавілася, і на апошнім канцэрце маглі пачуць вось гэтае спалучэньне аўтэнтыкі ў адным калектыве і выкананьне тых жа харалаў.

Што тычыцца “Госьціцы” — гэта мая сымпатыя да фальклёру, нават на той момант ня столькі сымпатыя, сколькі прага разабрацца, што ж такое фальклёр. На хору Цітовіча фальклёр не заканчваецца, нешта ёсьць у гэтым такое глыбейшае, цікавейшае. Калі я была студэнткай харавога аддзяленьня, я таксама мела дзетак, чалавек дзесяць, зь якімі таксама рабіла фальклёр. А паколькі фальклёр гэта ня проста абавязкова сьпевы, гэта альбо танец, альбо рух, нейкае плястычнае вырашэньне, на тэлебачаньні нейкім чынам заўважылі. Тады тэлебачаньне нашае ўзначальваў Бураўкін Генадзь Мікалаевіч, і зь ягонай лёгкай рукі я трапіла на Беларускае тэлебачаньне. Мы ўжо існуем 16 гадоў, і менавіта прага пашырыць уласную творчую тэрыторыю і не дае нам стаяць на месцы”.

(Падбярэскі: ) “Я слаба ведаю вашую акадэмічную творчасьць. Аднак хачу спытацца: ці спрабавалі вы сьцьвердзіць сябе менавіта ў гэтым кірунку?”

(Сімаковіч: ) “Сымфонія ёсьць, гэта дыплёмная работа. Яна не была агучаная, таму што не было бюджэтных магчымасьцяў. У мяне ёсьць харавы канцэрт, прысьвечаны Скарыну, але і гэта не агучана зноў па той жа самай прычыне. Я называю яе “незапатрабаванасьць”, і сапраўды даводзіцца знаходзіць сябе ў нейкіх блізкіх альбо нават у далёкіх жанрах. Пад далёкімі я маю на ўвазе харэаграфію”.

(Падбярэскі: ) “А што за твор Ларысы Сімаковіч будзе гучаць падчас фэстывалю “Менская вясна”?”

(Сімаковіч: ) “Для мяне гэта навіна, дзякуй вам! Аказваецца, я ўдзельнічаю ў “Менскай вясьне”? А я пра гэта і ня ведаю!”

(Падбярэскі: ) “Я зараз дазволю сабе спытацца, што думае пра Ларысу Сімаковіч наш знаны кампазытар і настаўнік Ларысы Дзьмітры Смольскі”.

(Смольскі: ) “Я пра Сімаковіч магу толькі самае лепшае сказаць. Вельмі таленавітая жанчына, і талент яе ня толькі ў музыцы, яе творчасьці. Яе талент настолькі рознабаковы, але вось што бы я адзначыў у першую чаргу: гэта ейнае ўменьне выстраіць драматургію. Адразу ж адчуваецца яе таленавітасьць, пачуцьцё музыкальнай формы і вельмі цікавыя ідэі, канструкцыі. І ўсё гэта на такой аснове — нацыянальнай, самабытнай. У мяне толькі тры былі студэнты, якія заўсёды размаўлялі на беларускай мове. Канечне ж, я ганаруся ёю, вельмі яе люблю. Малайчына яна, проста малайчына! Яна грамадзянін Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “Вы маеце даволі шмат сольных запісаў, аднак шырокая публіка ня ведае Ларысу Сімаковіч як сьпявачку гэтак жа сама практычна, як кампазытара-акадэміка. Парадокс ці... што?”

(Сімаковіч: ) “Я стамілася задаваць гэтае пытаньне самой сабе. Людзі больш практычныя тлумачаць гэта тым, што прыхільнасьць да беларушчыны, такая вось нейкая непрыхаваная і сапраўдная — выбачайце за патас — любоў да ўсяго гэтага не зусім падабаецца таму боку, які мае рычагі, якія маглі б мне дапамагчы выйсьці на аўдыторыю…”

(Падбярэскі: ) “Шырока кажучы, шоў-бізнэс?”

(Сімаковіч: ) “Так, так! Як бы я ні сьпявала гучна ў два фортэ, паўсюль такая глухая сьценка!..”

(Падбярэскі: ) “Няўжо ваш голас за столькі гадоў так нікога і не прабіў?”

(Сімаковіч: ) “У мяне, дарэчы, ёсьць відэакасэта з клясыкай заходнеэўрапейскай і расейскай — тое, што вызначае акадэмічную сьпявачку стылю бэльканта. Каму б з прафэсіяналаў ні паказвала гэта, усе сыходзяцца на адной фразе: “У нас так не сьпяваюць”. Я разумею, што стаіць за гэтай фразай”.

(Падбярэскі: ) “Яны ўспрымаюць гэта як дрэнныя сьпевы…”

(Сімаковіч: ) “Не! Наадварот! Гэта ж камплімэнт, гэта адзнака!”

(Падбярэскі: ) “Вось у сувязі з гэтым я падрыхтаваў яшчэ адно нетактоўнае пытаньне. А што гэта быў за скандал пасьля выступленьня “Госьціцы” на апошнім фэстывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску?”

(Сімаковіч: ) “Я ня ведаю, ці гэта можна залічыць у катэгорыю скандалу. Для мяне гэта (зноў жа эмацыйна) спачатку непаразуменьне і зьдзіўленьне, пасьля — супакаеньне і разуменьне сутнасьці рэчаў. Тлумачу: наш калектыў выступаў самы апошні ў конкурснай праграме. Гэта значыць, што ўсе калектывы, якія выступалі перад тым, сядзяць у залі і назіраюць за ўсім, што адбываецца на сцэне, калі мы выконвалі апошні нумар, фолк-мадэрн балет “Прынамсі”. У мяне таксама ёсьць гэты запіс на відэа, і там можна пачуць, якія аплядысмэнты выклікала “Госьціца”, крыкі “Брава!”, і якасьць тых аплядысмэнтаў. А па адзнацы журы мы не праходзім нават у фінал.

Такая крытыкеса зь Екацярынбургу, у мінулым годзе назваўшы мяне адметнай зьявай, у гэтым годзе ў інтэрвію газэце сказала, што Сімаковіч проста паразытуе на нацыянальным. Менавіта такая рэакцыя — гэта, безумоўна, адзнака таго, што я трапіла ў дзясятку. Толькі вось у якую дзясятку? Каторая ўзбаламуціла, каторая прымусіла даць такі адпор і такую вось рэакцыю?! Безумоўна, у гэтым нешта ёсьць”.

(Падбярэскі: ) “Калі б нічога ў гэтым не было, тады б…”

(Сімаковіч: ) “І рэакцыі не было, так!”

(Падбярэскі: ) “Што вы мяркуеце зрабіць у найбліжэйшы час — сьветлага, радаснага для сябе?”

(Сімаковіч: ) “Мне не заўсёды цікава знаходзіцца ў адным рэчышчы, адной іпастасі. Імкненьне да сынкрэтызму, сынтэзу жанраў у мяне вельмі моцнае. У нас нядаўна зьявіліся літаўры. З гэтым інструмэнтам я хачу зрабіць невялікую мініятуру пад умоўнай назваю “Піфія”.

Уявіце сабе гэты кацёл вялікі й маю невялікую постаць у адпаведным строі, Піфію, якая выбівае пэўны рытм на тых літаўрах, пры гэтым рухаецца — ня проста плястычна, не па-акторску, а гэтак усё ж у бок харэаграфічнасьці, басанож. Пры гэтым і сьпявае, прычым не фальклёр, а, калі можна так сказаць, — прафальклёр, тое, што магло быць яшчэ да зьяўленьня песьні. Вось адна з такіх ідэяў, задумаў”.

(Падбярэскі: ) “Я жадаю вам усялякіх творчых посьпехаў з тым, каб вы заставаліся заўсёды асобай. І да сустрэчы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG