Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ ПЕРШАГА ЗЬЕЗДУ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: сустаршыні аргкамітэту зьезду інтэлігенцыі дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас і рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль

(Валер Карбалевіч: ) “15 сакавіка беларуская інтэлігенцыя правяла свой першы зьезд. Праблема ролі інтэлігенцыі ў грамадзтве, яе стасункаў з уладаю зьяўляецца ня новай. Можна нават сказаць, што гэта вечнае пытаньне. Яно паўстала з новай сілай пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Нельга сказаць, што інтэлігенцыя ня ўдзельнічала ў грамадзкім жыцьці. Стварэньне і дзейнасьць амаль усіх палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў так ці інакш зьвязана з інтэлігенцыяй. Чаму ж менавіта зараз людзі інтэлектуальнай працы вырашылі зарганізавацца і правесьці зьезд? Што зьявілася штуршком: сытуацыя ў краіне ці нейкія працэсы ў стане самой інтэлігенцыі?”

(Уладзімер Колас: ) “Напэўна абедзьве названыя вамі прычыны падштурхнулі інтэлігенцыю да правядзеньня зьезду. Сытуацыя ў краіне патрабуе актыўнай рэакцыі інтэлігенцыі. І стан самой інтэлігенцыі, якая адчувае сваю разьяднанасьць і таму няздольнасьць належным чынам уплываць на гэтую сытуацыю”.

(Аляксей Кароль: ) “Я думаю, што глыбінная прычына ў адчуваньні памежнасьці сытуацыі. Упершыню пасьля 1996 году ўзьнікла магчымасьць дэмакратычнай альтэрнатывы існаму рэжыму. Альтэрнатыва пакуль што слабая, дастаткова хісткая, і супраціўленьне паноўнай намэнклятуры яшчэ моцнае. Яшчэ адна глыбінная прычына — узмацненьне пагрозы незалежнасьці Беларусі.

Зь іншага боку, у інтэлігенцыі існуе незадаволенасьць уласнай роляй у гэтай сытуацыі. Таму ўзьнікла разуменьне неабходнасьці нейкім чынам аб’яднаць сілы нацыянальнай эліты ў гэтых абставінах памежнасьці. Калі ўсе прычыны паразы дэмакратычных пераўтварэньняў зьвесьці да адной, то яе можна выразіць словамі: слабасьць нацыянальнай эліты”.

(Карбалевіч: ) “Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, рост ролі інтэлектуальнай працы ў сьвеце аб’ектыўна патрабуе ўзрастаньня ролі інтэлігенцыі ў грамадзкім жыцьці, эканоміцы, палітыцы. Асабліва вялікая гэтая роля ў варунках, калі перад грамадзтвам стаіць праблема гістарычнага выбару. У беларускім грамадзтве голас інтэлігенцыі пакуль што чутны слаба. Яна мала ўплывае як на ўладу, так і на грамадзтва. Як зрабіць, каб голас інтэлігенцыі быў пачуты і грамадзтвам, і ўладаю?”

(Колас: ) “Я бы сам з задавальненьнем пачуў адказ на гэтае пытаньне. Сапраўды, яно галоўнае і вельмі няпростае. Чаму, напрыклад, я сам узяўся за гэтую справу? І, здаецца, ня толькі я, а і шматлікія мае калегі?

Я адчуў, што тыя падыходы, якія ажыцьцяўляліся да гэтага часу ў адносінах паміж інтэлігенцыяй і тымі, хто пайшоў у палітыку, паміж інтэлігенцыяй і ўладай, не працуюць. Трэба шукаць іншых падыходаў. З аднага боку, гэта павінны быць больш прадуктыўныя, канкрэтныя дзеяньні. З другога боку, павінны быць нейкія іншыя інтанацыі й словы, у якія трэба афармляць нашы звароты і прапановы дыялёгу”.

(Кароль: ) “Я б падзяліў гэтую праблему на дзьве часткі. Грамадзкасьць усё ж голас інтэлігенцыі чуе, хоць і не на поўную моц. Пацьверджаньнем гэтаму зьяўляецца той факт, што зьмянілася грамадзкая думка ў адносінах да існага ладу. Пра гэта сьведчаць сацыялягічныя апытаньні.

Але беларускі народ — гэта народ выбарчага бюлетэня, а не актыўных дзеяньняў. А існая ў Беларусі ўлада чуе толькі голас актыўнага ціску насельніцтва, масаў. А голас у выбарчай кабіне перакрываецца фальсыфікацыямі. Таму зараз задача інтэлігенцыі палягае ў тым, каб народ пачуў яе голас і далучыўся да актыўных дзеяньняў. Найбольшыя надзеі ў мяне зьвязаныя з моладзьдзю.

Спадзявацца на тое, што ўлада будзе рэагаваць толькі на слова інтэлігенцыі, не даводзіцца. Але, тым ня менш, і слова ёсьць справай, асабліва слова інтэлігенцыі. Таму адна з задачаў зьезду была выкананая. Супольны голас інтэлігенцыі па найбольш балючых праблемах сучаснай Беларусі быў выказаны”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Кароль выказаў думку, што грамадзтва голас інтэлігенцыі больш-менш чуе. Ня чуе яго ўлада. Але вынікі прэзыдэнцкіх выбараў не зусім пацьвярджаюць гэтую думку. Тады вялікая большасьць творчай інтэлігенцыі публічна выказалася супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы. Аднак, паводле сацыялягічных апытаньняў, каля паловы насельніцтва галасавала за Лукашэнку. То бок, грамадзтва не пачула голас інтэлігенцыі”.

(Кароль: ) “Па-першае, я сказаў, што грамадзтва часткова чуе голас інтэлігенцыі. Па-другое, за паўтара году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў настрой людзей істотна зьмяніўся. Пра гэта сьведчаць тыя ж сацыялягічныя апытаньні”.

(Карбалевіч: ) “Першы зьезд інтэлігенцыі адбыўся. На ім былі пастаўленыя цяжкія, складаныя праблемы, якія сёньня стаяць перад краінаю. Было многа гаворкі пра тое, што інтэлігенцыя павінна выканаць сваю гістарычную місію. І вось зьезд прайшоў. Што далей? Як рэалізаваць тыя задачы, ідэі, якія былі прапанаваныя зьездам?”

(Колас: ) “Гэтыя ідэі можна рэалізаваць толькі канкрэтнаю працаю людзей, якія прысутнічалі на зьезьдзе, падтрымалі рэзалюцыю, а таксама ўсёй інтэлігенцыі. Створаны орган, якому нададзеныя паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы інтэлігенцыі й даручана зьездам выбраць раду беларускай інтэлігенцыі. Будзе весьціся праца па сэкцыях. Напэўна мы будзем выяжджаць у рэгіёны і сустракацца з інтэлігенцыяй. Мы таксама будзем выпрацоўваць свае прапановы і дасылаць іх уладам, знаёміць зь імі насельніцтва. Такім чынам, мы спадзяемся абрасьці значнай колькасьцю прыхільнікаў. І тады наш голас стане больш моцным, каб яго пачулі ўсе”.

(Кароль: ) “На жаль, на сёньняшні дзень інтэлігенцыя падзеленая, умоўна кажучы, на дзьве часткі. Першая частка — гэта дэмакратычная інтэлігенцыя, якая заняла актыўную пазыцыю. Да другой часткі адносіцца тая інтэлігенцыя, якая не задаволеная палітычным рэжымам, але прыстасоўваецца да яго дзеля ўласнага выжываньня. Прыстасаванства інтэлігенцыі — гэта, бадай, самая істотная прычына таго, што маем сёньня ў краіне.

І зьезд інтэлігенцыі — гэта пошук новых шляхоў і новых сродкаў уплыву на грамадзкую думку і пашырэньня дэмакратычнай часткі інтэлігенцыі. Будзе выкарыстоўвацца клюбная сыстэма: сэмінары, канфэрэнцыі ды іншае. Зь іншага боку, сьвядомыя інтэлігенты, кожны на сваім працоўным месцы павінны стаць мультыплікатарамі дэмакратычных каштоўнасьцей, думак, памкненьняў”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, інтэлігенцыя, якая прыстасоўваецца да ўлады — гэта ўжо не зусім інтэлігенцыя. Таму што адзін з галоўных крытэраў інтэлігенцыі — гэта грамадзянская пазыцыя.

І ўсё ж вернемся яшчэ раз да прынцыпова важнага пытаньня: як узмацніць уплыў інтэлігенцыі на ўладу? Як зрабіць, каб яе голас быў пачуты ва ўладных структурах? Дарэчы, там працуюць людзі інтэлектуальнай працы. Але праблема ў тым, што не яны аказваюць уплыў на ўладу, а наадварот, яны абслугоўваюць гэтую ўладу. Задача палягае ў тым, каб інтэлігенцыя, якая адлюстроўвае нейкім чынам карэнныя інтарэсы грамадзтва, магла данесьці да ўлады сваі ідэі ды прапановы, сваё бачаньне пэрспэктываў разьвіцьця краіны. І каб улада ўспрыняла гэтыя прапановы.

Ці гэтая праблема ў прынцыпе вырашальная ў рамках цяперашняй палітычнай сыстэмы? Зноў жа праблема супрацоўніцтва інтэлігенцыі і ўлады, якая час ад часу ўзьнікае ў СМІ, сярод інтэлігенцыі. Як вы бачыце вырашэньне гэтых пытаньняў?”

(Колас: ) “Я бачу гэтыя праблемы крышку па-іншаму. Па-першае, я ня згодны з тым, што голас інтэлігенцыі ня чуе ўлада. Яна яго цудоўна чуе. Проста ёй нявыгадна зьвяртаць на яго ўвагу. Таму што інтэлігенцыя гаворыць адкрытым тэкстам праўду. І гэта не падабаецца ўладзе.

Па-другое, я ня згодны з тым, што ўсе, хто працуе на ўладу — не інтэлігенты. Яны перадусім прафэсіяналы, якім трэба выконваць свой прафэсійны абавязак і проста быць у прафэсіі. Тым ня менш, яны могуць заставацца сумленнымі людзьмі й мець уласную пазыцыю.

Таму адна з галоўных нашых задачаў — сабрацца разам і падумаць, якія крокі нам трэба рабіць, каб пачаўся дыялёг з уладаю. Каб улада ня толькі нас чула, але і пазытыўна рэагавала на нашы захады. Нам трэба напрацаваць моц”.

(Кароль: ) “Лукашэнка падчас нядаўняй лекцыі ў БДУ, прысьвечанай тэме гістарычнага выбару Беларусі, заявіў, што такі выбар ужо зроблены. Згодна яго думцы, тое, што мы сёньня маем, і ёсьць гістарычны выбар Беларусі. Пры такім падыходзе кіраўніцтва ніколі не пачуе голасу інтэлігенцыі, якая выступае за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Што б ні казаў Лукашэнка, мне здаецца, што Беларусь усё яшчэ не зрабіла свайго гістарычнага выбару. Цяпер наступае той самы момант ісьціны. І менавіта ў гэтых крытычных абставінах ад здольнасьці інтэлігенцыі аказаць уплыў на грамадзтва і ўладу залежыць будучыня Беларусі, яе цывілізацыйны кірунак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG