Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗНЫЯ СІЛЫ Ў КУВЭЙЦЕ ЧАКАЮЦЬ ЗАГАДУ АБ ПАЧАТКУ ВАЙНЫ


Кастусь Бандарук, Прага

У раёне знаходзіцца таксама чэска-славацкі батальён, адмыслова падрыхтаваны да ліквідацыі наступстваў хімічнай і біялягічнай атакі. У паведамленьнях міжнародных СМІ згадваецца таксама пра ўдзел у ваеннай апэрацыі вайскоўцаў з Украіны ды іншых краінаў.

У Кувэйце знаходзіцца карэспандэнт нашага Радыё Чарльз Рэкнагель, і мы пацікавіліся ў яго, як складваецца супрацоўніцтва паміж сіламі розных краінаў?

(Рэкнагель: ) “Я нічога ня чуў пра далучэньне ўкраінскага кантынгенту. Ведаю толькі, што ёсьць чэха-славацкі батальён, абвучаны на выпадак ужыцьця біялягічнай або хімічнай атакі, а таксама нямецкія вайскоўцы. Усе яны цесна паміж сабою супрацоўнічаюць, але хачу сказаць, што чэха-славацкі батальён не зьяўляецца часткай амэрыканска-брытанскіх сілаў. Гэты спэцыялізаваны батальён быў разьмечшаны ў рэгіёне год таму як унёсак у сілы НАТО для барацьбы з тэрарызмам. Зараз чэхі і славакі знаходзяцца ў Кувэйце ў сувязі з тым, што Ірак можа атакаваць Кувэйт біялягічнай або хімічнай зброяй. Вядома, што Ірак валодае ракетамі, якія дазваляюць ўжыць такія віды зброі супраць Кувэйту”.

Саюзныя сілы, згуртаваныя пераважна ў пустыні ў Кувэйце, чакаюць загаду аб пачатку вайны ўжо даўжэйшы час. У міжчасе набліжаецца вясна, неспрыяльны час для манэўраў у пустыні, у вайсковых намётах робіцца ўсё гарачэй. Што вядома пра настроі сярод вайскоўцаў, якія ў іх умовы жыцьця і адпачынку?

(Рэкнагель: ) “Амэрыканскія і брытанскія вайскоўцы знаходзяцца даволі далёка на поўнач ад сталіцы Кувэйту, у Эль-Кувэйце іх вельмі няшмат. Саюзныя сілы дыслякаваныя на пустыні. У апошнія дні і ім, і ўсім жыхарам Кувэйту вельмі дакучаюць пясчаныя буры. Вецер нясе вялізныя колькасьці пяску. Пры такім надвор’і, умовы жыцьця ў намётах напэўна цяжкія. Вядома, што на ірацкім баку, у дэмілітарызаванай зоне, знаходзіцца высокі зямляны насып, накшталт сьцяны, і зараз саюзныя сілы практыкуюцца на выпадак, калі пачнуцца баявыя дзеяньні і трэба будзе яе перайсьці”.

З паведамленьняў карэспандэнтаў, што знаходзяцца ў Кувэйце вынікае, што яны зьехаліся туды ледзь не з усяго сьвету. Колькі іх там? Ці маюць яны хаця б абмежаваны доступ да жаўнераў, да вайсковых аб’ектаў, ці маюць магчымасьць непасрэдна назіраць за тым, што адбываецца?

(Рэкнагель: ) “Мне цяжка сказаць, колькі тут журналістаў, але мабыць іх больш за тысячу, або нават болей. Яны разьмясьціліся ў розных сталічных гатэлях, якія ў значнай ступені занятыя менавіта журналістамі з усяго сьвету, ад Лацінскай Амэрыкі да Кітая. Я чую тут усе магчымыя мовы. Журналісты зьнімаюць вялікую колькасьць аўтамабіляў, і за апошнія два тыдні цэны за пракат аўтамабіляў падвоіліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG