Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАСАВАНЬНЕ Ў ААН АДКЛАДЗЕНАЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Праект рэзалюцыі ва ўльтыматыўнай форме патрабуе ад Іраку раззброіцца да 17 сакавіка, альбо ён будзе раззброены сілай.

Перанос даты галасаваньня даў магчымасьць прыхільнікам розных пунктаў гледжаньня ўзмацніць дыпляматычныя намаганьні вакол шасьці сяброў Рады Бясьпекі, якія яшчэ ня вызначылі сваёй пазыцыі. Бальшыня з гэтай шасьцёркі схіляецца да працягу інспэкцыяў і ўсталяваньня выразных крытэраў выкананьня Іракам сваіх абавязкаў.

Выключэньне складае хіба толькі Баўгарыя, якая далучылася да пазыцыі ЗША і Вялікай Брытаніі. Гэта значыць, што для прыняцьця рэзалюцыі патрабуецца яшчэ пяць галасоў і ніводнага вэта.

Тым часам учора Францыя й Расея выразна заявілі, што будуць галасаваць супраць. Францускі прэзыдэнт Жак Шырак і расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў сказалі, што раззбраеньне Йраку ўсё яшчэ магчымае мірным шляхам.

Краіны, якія ня вызначылі сваёй пазыцыі, маюць розныя погляды на праблему. Напрыклад, Ангола незадаволеная тэрмінам раззбраеньня і заклікае да большай гнуткасьці ў гэтым пытаньні.

Крыніцы ва ўладнай партыі Пакістану паведамілі, што ўрад краіны вырашыў у часе галасаваньня ўстрымацца, аднак пакістанскі пасол у ААН Мунір Акрам сказаў, што канчатковай пастановы Пакістану ў гэтым пытаньні пакуль няма.

Пакістан і Ангола, разам зь іншымі краінамі, якія ня вызначыліся – а гэта Гвінэя, Камэрун, Мэксыка й Чылі – спрабуюць знайсьці кампраміс. Яны глядзяць на тое, ці Ірак выканаў паасобныя спэцыфічныя патрабаваньні да яго, і лічаць, што Багдаду трэба больш часу на іхнае выкананьне.

Тым часам прадстаўнікі дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША сказалі, што яны могуць атрымаць патрэбныя для прыняцьця рэзалюцыі дзевяць галасоў, калі ніхто не ўжыве права вэта. Разам з тым, яны неаднаразова заяўлялі, што гатовыя, разам са сваімі партнэрамі, раззброіць Ірак незалежна ад дазволу Рады Бясьпекі.

На сёньня ў раёне Пэрсыдзкай затокі сканцэнтраваныя 250 тысячаў вайскоўцаў, гатовых дзейнічаць адразу пасьля прыняцьця рэзалюцыі.

Прадстаўнік Белага Дому Ары Фляйшэр падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты гатовыя ўзначаліць міжнародную ваенную кампанію:

(Фляйшэр: ) "Калі Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў будзе ня ў стане дзейнічаць, гэта значыць ня будзе той міжнароднай арганізацыяй, якая раззброіць Садама Хусэйна – яго раззброіць іншая міжнародная арганізацыя. У кожным разе гэта будзе міжнародная акцыя. Але гэта значыць, што ААН вырашыла застацца ў баку, а дакладней, у баку вырашыла застацца Рада Бясьпекі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG