Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭР БАГДАДУ ПРЫБЫВАЕ Ў МЕНСК


Валер Каліноўскі, Менск

Мэр Багдаду Аднан Абэд Хамэд прылятае 4 сакавіка ў Менск каля сёмай гадзіны вечара рэйсам “Белавія” са Стамбулу. Разам зь ім у дэлегацыі два віцэ-мэры. Яны прыяжджаюць паводле дамоўленасьцяў, дасягнутых віцэ-прэм’ерам Іраку, міністрам вайсковай прамысловасьці Абдэлем Хувэйшам, які быў у Беларусі летась у лістападзе. Тады ён заявіў, што Ірак хоча прыцягнуць беларускіх спэцыялістаў да адбудовы сыстэмы водазабесьпячэньня Багдаду, а таксама да вырашэньня праблемаў аховы здароўя і транспарту.

Цяпер, паводле афіцыйнай інфармацыі, мэр Багдаду правядзе больш грунтоўныя перамовы на гэтыя тэмы з кіраўнікамі адпаведных беларускіх прадпрыемстваў. Як паведамілі ў Менскім гарвыканкаме, заўтра раніцай мэр Багдаду сустрэнецца са сваім менскім калегам Міхаілам Паўлавым, пазьней наведае прадрыемствы “Менскводаканал”, “Белкамунмаш” ды мэдычную выставу на “Белэкспа”, музэй Вялікай айчыннай вайны.

Вось што сказалі пра мэты візыту мэра Багдаду ў амбасадзе Іраку:

(Супрацоўнік амбасады: ) “Знаёмства з горадам… Там будуць нават у складзе беларускай дэлегацыі начальнікі камітэтаў гарвыканкаму па энэргетыцы, ахове здароўя, водазабесьпячэньню. Усё ў гуманітарных пытаньнях і камунальнай гаспадарцы”.

Ірацкі дыплямат таксама зазначыў, што падпісаньня двухбаковых пагадненьняў на працягу гэтага візыту не чакаецца. І ў амбасадзе Іраку, і ў МЗС Беларусі сьцьвярджаюць, што гэта візыт на ўзроўні самакіраваньня і ніякіх палітычных ці вайсковых пытаньняў разглядацца ня будзе, Між тым, апазыцыйны палітык Яраслаў Раманчук лічыць, што гэтага выключаць нельга, паколькі Ірак знаходзіцца ў перадваенным стане. Адметна, што візыт адбываецца за некалькі дзён перад тым, як можа быць прынятае рашэньне пра пачатак вайсковай апэрацыі ў Іраку, кажа спадар Раманчук:

(Раманчук: ) “На самой справе, я мяркую, што ёсьць тут нейкія пільныя эканамічныя інтарэсы, якія трэба фіналізаваць перад пачаткам вайсковых дзеяньняў. Калі гаворыцца, што прычынай візыту зьяўляецца супрацоўніцтва ў галіне водасыстэмаў, то ніхто ня ведае, што застанецца ад Багдаду пасьля вайны. Таму мяркую, што тут ёсьць нейкія патаемныя пляны, якія хацелі б закончыць урад Беларусі й адміністрацыя прэзыдэнта. Для гэтага зьбіраецца прыляцець і сын Садама Хусэйна, і мэр Багдаду. Яны, безумоўна, будуць дыскутаваць не пра інфраструктурныя праекты, а будзе ісьці гаворка пра супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры, дастаўкі ў Багдад лекаў, мэдыкамэнтаў і спажывецкіх тавараў”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што цяперашні эканамічны выйгрыш ад беларускіх паставак у Ірак ператворыцца ў страту гэтага рынку ўвогуле, калі Ірак стане дэмакратычнай краінай без Садама Хусэйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG