Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА "РЭГУЛЯРНУЮ НЯВЫПЛАТУ ЗАРОБКАЎ" ЗВАЛЬНЯЮЦЬ ДЫРЭКТАРАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў прэсавы сакратар прэм’ера Іван Знаткевіч, падчас разгляду прэзыдыюмам Саўміну пытаньня аб стане запазычанасьці па зарплаце, было прынятае рашэньне аб адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія ня выплацілі працаўнікам заробак перад новым годам.

Рэкамэндавана звольніць дырэктараў сямі прадпрыемстваў: віцебскага заводу жалезабэтонных канструкцыяў, барысаўскага крыштальнага заводу, шклозаводу “Нёман”, Менскага парцалянавага заводу”, ААТ “Баранавічыдрэў” і будтрэсту №21, гомельскага камбінату будаўнічых канструкцыяў. Даючы такія распараджэньні, урад выконвае леташні загад А.Лукашэнкі аб адказнасьці кіраўнікоў за нявыплату заробкаў.

Аднак на адным з заводаў, дырэктара якога пакараў урад, Менскім парцалянавым, нічога ня чулі пра магчымае звальненьне свайго кіраўніка Ўладзімера Дашкевіча, які працуе толькі паўгоду. Там іншая праблема. Старшыня прафкаму парцалянавага заводу Фёдар Семкавец зазначыў:

(Семкавец: ) “Паўзаводу не працуе: то сыравіны няма, то за газ не заплацілі, то туды-сюды — гэта іншае пытаньне. А па зарплаце пытаньняў няма. Бяруць крэдыты і аддаюць”.

Тым ня менш, мізэрнымі заробкамі тут сапраўды не задаволеныя.

(Работніца: ) “Зараз цяжка ўвогуле, і тады і цяпер. Нам плацілі, але са спазьненьнем. Мы ж і не працавалі летам, хто працаваў, а хто і не… Атрымлівалі дзьве траціны акладу — хто 50 тысяч, а хто і меней”, — сказала адна з работніц Менскага парцалянавага заводу.

Дырэктар дэпартамэнту Дзяржаўнай інспэкцыі працы Іван Серадзеўскі паведаміў Радыё Свабода, што ў цэлым па Беларусі запазычанасьць цяпер складае 18 мільярдаў рублёў, а летась гэтая лічба часам перавышала 100 мільярдаў.

(Серадзеўскі: ) “У любым выпадку, нашмат лепей, чым у мінулыя гады, хаця трэба прызнаць, што стала болей прадпрыемстваў-банкрутаў, на шэрагу прадпрыемстваў пачалася працэдура санацыі, якая расьцягваецца на многія месяцы. Таму калектывы там, канечне, церпяць цяжкае становішча”.

Намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Эдвард Матуліс сьцьвярджае, што найбольшы адсотак запазычанасьцяў па заробку ў сельскай гаспадарцы. Тут удалося зьменшыць запазычанасьць такім чынам:

(Матуліс: ) “Не апошняе значэньне мела і тое, што ўрад прыняў пастанову аб ўсталяваньні мяжы па аплаце працы ў сельскай гаспадарцы — 25 адсоткаў ад аб’ёму рэалізацыі. Гэта й выклікала тое, што зарплата пачала налічвацца ў меншых аб’ёмах. Вось такім шляхам выйшлі са становішча. З-за таго, што не было даходаў, проста не налічвалі людзям гэтую зарплату”.

Эдвард Матуліс кажа, што зусім няма гарантыяў, што запазычанасьць па заробку зноў пачне расьці. Гэтую думку падтрымлівае экс-міністар працы Аляксандар Сасноў, які ўпэўнены, што гэтую праблему нельга вырашыць шляхам звальненьня дырэктараў:

(Сасноў: ) “І тое, што гэтая праблема зноў і зноў узьнікае кожны раз — сьведчыць, што невырашальная яна адміністрацыйнымі захадамі. Ну можа там нейкі дырэктар схаваў грошы на сыравіну, на паўфабрыкаты, і таму гэтыя звальненьні маюць чысты характар “паблік рылейшнз”, каб запалохаць іншых і давесьці, што А.Лукашэнка — змагар за народныя інтарэсы”.

Аляксандар Сасноў лічыць, што дзяржаўная ўлада ўвогуле не павінна ўмешвацца ў праблему выплаты заробкаў, гэта справа прафсаюзаў і наймальнікаў. Урад жа мусіць правесьці эканамічныя рэформы і перадаць прадпрыемствы эфэктыўным уласьнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG