Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: КОЛЬКІ ЧАСУ ПАТРЭБНА, КАБ АДКРЫЦЬ СВАЮ ГАЗЭТУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Андрэй Бастунец згадвае:

(Бастунец: ) “Што больш за ўсё мяне ўразіла, гэта гісторыя з Рамуальдам Уланам. Вельмі пасьпяховы прадпрымальнік, заснавальнік газэты, якая мае ў тры разы большы наклад за мясцовую раёнку ў Смаргоні. Ён каля году спрабаваў зарэгістраваць дзьве новыя газэты, але райвыканкам гэтак і ня даў узгадненьня”.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец згадаў пра ціск на заснавальніка недзяржаўнай газэты Рамуальда Ўлана як тыповы прыклад свавольства мясцовых чыноўнікаў. Паводле яго, апошнім часам вельмі рэдка дзе ў Беларусі атрымліваецца заснаваць новае незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне.

Што ж гэта за ўнівэрсальная прылада, празь якую чыноўнікі пазбаўляюць адных грамадзянаў права прафэсійна займацца зборам і распаўсюдам інфармацыі, а другім не даюць магчымасьці спажываць гэтую інфармацыю? Андрэй Бастунец, які не аднойчы быў экспэртам у падобных канфліктах, тлумачыць:

(Бастунец: ) “Шмат дзе ў Беларусі мясцовыя дзяржаўныя органы адмаўляюцца даваць так званыя дазволы на разьмяшчэньне сродку масавай інфармацыі. А дзеля таго, каб зьвярнуцца ў Міністэрства інфармацыі па рэгістрацыю, прыкладам, будучай газэты, трэба спачатку пайсьці ў райвыканкам па такое ўзгадненьне. І вось райвыканкамы , калі хочуць — даюць узгадненьне, ня хочуць — не даюць”.

Паводле Андрэя Бастунца, закон не прадугледжвае пакараньня для чыноўнікаў, якія беспадстаўна адмовілі патэнцыйнаму заснавальніку газэты. І скаргаў у вышэйшыя інстанцыі яны не асабліва баяцца, бо ведаюць пра стаўленьне кіраўніцтва да недзяржаўнага друку.

Вось Рамуальд Ўлан паспрабаваў скардзіцца на смаргонскіх чыноўнікаў, і тыя ініцыявалі супраць яго судовае разьбіральніцтва. У выніку прадпрымальнік ня тое што новых газэтаў не адкрыў, а рызыкуе пазбавіцца сваёй адзінай, бо ў яго адабралі дазвол на індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

А вось яшчэ адзін прыклад упартага змаганьня за сваю газэту. Пра спробу мужа йжонкі Макушыных з Горані зарэгістраваць газэту для моладзі “Новый Век” распавядае наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў:

(Астраўцоў: ) “Выдаваць “Новый Век” яны пачалі амаль два гады таму накладам 299 асобнікаў. Змаганьне за рэгістрацыю асабліва рашуча пачалі каля году таму, калі Анатоль Макушын зарэгістраваўся як прадпрымальнік, які будзе займацца выданьнем газэты.

Гарвыканкам мэтанакіравана не дае дазволу на разьмяшчэньне рэдакцыі. Макушыны з надзвычайнай цярплівасьцю выконваюць ўсе дробныя прэтэнзіі выканкаму. Пра закон улады папросту ўжо забыліся:

(Макушына: ) “Мы вядзем нейкую валтузьню, барацьбу за тое, што ўвогуле належыць нам паводле заканадаўства. Калі выконваць усё, што запісана ў Канстытуцыі і тое, што запісана ў Законе аб друку, газэта магла бы быць. Але чыноўнікі выканкаму, перакрэсьліваючы любыя нармальныя палажэньні таго ж Закону аб друку, які цяпер існуе, нічога не баяцца”.

Пасьля атрыманьня першых адпісак з гарвыканкаму, заснавальнік “Нового Века” мусіў зьвярнуцца ў гаспадарчы суд. Да ягонага зьдзіўленьня, суд таксама пачаў выдумляць розныя зачэпкі, абы не прыняць да разгляду пазоў да гарвыканкаму.

І ўсё ж змаганьне дало вынікі. Выканкам прыдумаў для новай адмовы падставу, якая не прадугледжаная ніякім законам. А менавіта, што Макушыны нібыта ня маюць журналісцкай адукацыі й досьведу працы. Памыліўся — Натальля Макушына закончыла факультэт журналістыкі, працавала рэдактарам на тэлебачаньні.

Суд прызнаў адмову беспадстаўнай. Але выканкам не здаецца. Нават пачаў аспрэчваць рашэньне. Маўляў, суд пазбаўляе ўлады асаблівых паўнамоцтваў — паўнамоцтваў забараняць газэту. Гаворыць рэдактар “Нового Века”:

(Макушына: ) “Я лічу, што ў нас папросту таталітарны рэжым. І я думаю, што ён яшчэ болей крывадушны, чым пры савецкай уладзе. Таму што, па-першае, усе камуністы акуратна перабраліся з той ідэалёгіі ў цяперашнюю. А па-другое, выгадавалася новае пакаленьне людзей, якія ўжо сядзяць у гарвыканкаме”.

(Макушына: ) “Гэта новае пакаленьне чыноўнікаў, гатовых выконваць любое распараджэньне зьверху, абы не дапусьціць, каб маладыя людзі маглі займацца тым, чым яны хочуць займацца, каб выгадавалася новае пакаленьне людзей, якія думаюць”.

А што думае пра прычыны, паводле якіх мясцовыя чыноўнікі ўзмацнілі ціск на незалежныя выданьні, віцэ-прэзыдэнт БАЖу Андрэй Бастунец ? Ён не выключае, што гэта ёсьць сьледзтвам пэўных палітычных плянаў вышэйшага кіраўніцтва краіны. Магчыма, рыхтуюцца да мясцовых выбараў, альбо да рэфэрэндуму пра зьняцьцё абмежаваньня часу прэзыдэнцтва адной асобы дзьвюма тэрмінамі, кажа наш сёньняшні экспэрт і адзначае:

(Бастунец: ) “Зразумела, што інфармацыйную прастору бяруць пад кантроль, як гэта ўжо зрабілі з шматлікімі інстытутамі грамадзтва”.

Занепакоенасьць станам свабоды друку ў Беларусі магчыма патлумачыць простым прыкладам. Няма ў дзяржаўных мэдыях нават згадкі пра тое, што ў Беларусі зьніклі вядомыя дзеячы апазыцыі — але ж такое было бы немагчыма ў дэмакратычнай краіне. І мы вымушаныя зноў і зноў нагадваць пра Юрыя Захаранку, пра Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG