Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТАРАТУРНАЯ МОЛАДЗЬ РАЎНЯЕЦЦА НА АРСЕНЬНЕВУ


Валянціна Аксак, Менск

Абвяшчаючы конкурс маладых, Беларускі ПЭН-Цэнтар выбраў імя Натальлі Арсеньневай ня толькі з прычыны сёлетняга 100-гадовага юбілею знакамітае паэткі. Але, як сказаў старшыня журы, вядомы літаратуразнаўца, доктар філялёгіі Міхась Тычына, яшчэ і таму, што менавіта яе вершы сёньня найбольш прывабліваюць юных творцаў.

(Тычына: ) “Натальля Арсеньнева і свам лёсам прываблівае таленавітую моладзь, і сапраўднай паэтычнасьцю ва ўспрыняцьці беларускага сьвету”.

Стаць ляўрэатамі такога конкурсу маладыя літаратары лічаць асаблівым гонарам, што дапаможа ім на шляху прызнаньня ў вялікай літаратуры. Цяпер, пасьля зьнішчэньня моладзевых літаратурных выданьняў “Першацвет”, “Крыніца” — гэта надзвычай складана. Асабліва ў рэгіёнах, дзе, на думку спадара Тычыны, жыве больш літаратурна адоранай моладзі.

(Тычына: ) “Мы робім акцэнт на пошуку талентаў у беларускіх рэгіёнах, у правінцыі, бо гэтым маладым людзям падтрымка асабліва патрэбная”.

Менавіта таму арганізатары далучаюць да сябе, апроч сталічных, ці ня ўсе рэгіянальныя недзяржаўныя выданьні. Цяпер СМІ, як вядома, вельмі рэдка прадстаўляюць свае старонкі для літаратурных твораў. З-за чаго, лічыць Міхась Тычына, губляюць даволі істотную частку чытачоў.

(Тычына: ) “Калі яны будуць хоць раз на тыдзень друкаваць па вершу. А калі нават старонка літаратурная ў іх зьявіцца. То гэта ўжо будзе цудоўна. Для маладога чалавека вельмі важна пабачыць сваё імя ў друку, зразумець, што тваё слова запатрабаванае”.

З такіх літаратурных старонак у СМІ, сказаў Міхась Тычына, замест зьнішчаных дзяржаваю часопісаў з часам паўстануць новыя недзяржаўныя літаратурныя выданьні.

Ляўрэатаў конкурсу маладых літаратараў імя Натальлі Арсеньвай журы абвесьціць у знакавы для незалежных творцаў дзень — Дзень Волі 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG