Сувязі ў расейскіх бізнэс-структурах дапамагаюць адстаўным беларускім чыноўнікам знаходзіць працу і пасьля страты дзяржаўных пасадаў. Так, былы кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын сёлета ўзначаліў беларускае прадстаўніцтва кампаніі “Мабільныя ТэлеСыстэмы”. Часта можна бачыць у Маскве і былога міністра аховы здароўя Ігара Зелянкевіча. Ён кіруе беларускім прадстаўніцтвам буйнога маскоўскага мэдычнага фонду. Сёлета апынуўся на расейскім напрамку і былы міністар прадпрымальніцтва Аляксандар Сазонаў. Асабліва шмат справаў у яго цяпер, паколькі фірма экс-міністра займаецца сярод іншага і продажам навагодніх елак.
У Маскве знайшоў сабе працу былы віцэ-прэм’ер Уладзімер Замяталін. Паводле інфармацыі ягоных сяброў, Замяталін доўга чакаў, што Аляксандар Лукашэнка верне яго на дзяржаўную службу. Не дачакаўшыся, перабраўся ў сталіцу Расеі, дзе ўладкаваўся ў нейкі аналітычны цэнтар. Дакладны назоў цэнтру Замяталін трымае ў сакрэце нават ад блізкіх сяброў.
А вось паплечнік Уладзімера Замяталіна ў ідэалягічных справах Сяргей Посахаў застаўся ў Беларусі. Днямі ён сказаў мне, што жыве на вайсковую пэнсію. Зараз шмат працуе: па-першае, піша вялікі артыкул пра, як ён сам выказаўся, пралікі Лукашэнкі; па-другое, суседзі абралі яго старшынём дамовага камітэту.
Былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч так ацэньвае ўплыў Замяталіна й Посахава на ідэалягічную палітыку Беларусі...
(Пашкевіч: ) “Ідэалёгію, безумоўна заўсёды вызначаў Лукашэнка. А самае галоўнае, што патрэбна было ад ідэалягічнай каманды, гэта вельмі граматнае выкананьне пры пастаноўцы тых ці іншых пытаньняў. І трэба сказаць, што калі былі дзьве гэтыя фігуры ў адміністрацыі прэзыдэнта, дык, безумоўна, ідэалягічная кампанія праводзілася. Было шмат мерапрыемстваў. Але ўсе яны праходзілі пад лёзунгамі славянафільства й праваслаўя”.
Сёлета шмат беспрацоўных зьявілася сярод беларускіх дыпляматаў. Да гэтага часу, напрыклад, не ўладкаваныя ажно чатыры былыя амбасадары: у Вялікай Брытаніі — Валеры Садоха, у Італіі — Натальля Дрозд, у Польшчы — Мікола Крэчка, у Японіі — Пятро Краўчанка. Аднак, для некаторых працу знаходзяць хутка. Напрыклад, прызначэньне былога прафсаюзнага кіраўніка Франца Вітко эканамічным дарадцам амбасады Беларусі ў Баўгарыі шмат хто ацэньвае як падзяку за ягоную згаворлівасьць.
Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч лічыць, што ўлады пры прызначэньні новых дыпляматаў зыходзяць не з аб’ектыўных крытэраў працы, а з прынцыпу асабістай адданасьці.
(Марыніч: ) “Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што эфэктыўнасьць працы той ці іншай амбасады будзе вызначацца выключна праз павелічэньне гандлёвага абароту. Валер Садоха за два няпоўныя гады працы ня проста ліквідаваў дэфіцыт у гандлі зь Вялікай Брытаніяй, а дамогся велізарнага павелічэньня продажу беларускіх тавараў. На мой погляд, за гэта яго патрэбна было б узнагародзіць. А яго зьнялі. Кажуць — за тое, што беларускія грамадзяне, якія жывуць у Вялікай Брытаніі, летась на прэзыдэнцкіх выбарах слаба падтрымалі кандыдатуру Лукашэнкі”.