Якія ж гэта выключэньні і як цяпер, згодна з прапанаванымі зьменамі, трэба пісаць некаторыя беларускія словы ў афіцыйным правапісе? Тлумачыць дырэктар Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Падлужны:
(Падлужны: ) “У 1959 годзе раптам зрабілі выключэньнямі словы “дзявяты” і “дзясяты” — да гэтага яны пісаліся празь “я”, а тады сталі іх пісаць празь “е”. Гэта мы вярнулі. Другое. Дапусьцім, у нас пішуць “посны” — гэта зьвязана з словам “пост”. А вось ужо “кампост”, дык — “кампостны”, як выключэньне. Таму што кажуць, што гэтае слова нядаўна запазычанае, ці што… Мы прапанавалі, што “кампосны”, то “посны” — прапанавалі такім жа чынам пісаць…”
Акадэмік Падлужны сказаў таксама, што прыведеныя да адзінага варыянту напісаньня назоўнікі, якія сканчаюцца на “-ыё”, “-ыо”. Цяпер зь “ё” будзе пісацца ня толькі слова “радыё”, але і “трыё”, “Токіё” ды да таго падобныя. Зьмены закрануць таксама правілы напісаньня асобных словаў зь вялікае літары і пераносу.
Гэтымі нязначнымі прапановамі завершылася мовазнаўчая праца, распачатая яшчэ ў 1993 годзе. Тады паводле рашэньня ўраду краіны была створаная дзяржаўная камісія. Яе ўзначаліў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які быў тады старшынём дэпутацкае камісіі па адукацыі й культуры. Высновы працы гэтае камісіі былі апублікаваныя ў верасьні 1994 году. Але на заканадаўчым узроўні яны не разглядаліся.
Пасьля была яшчэ мовазнаўчая праца грамадзкае камісіі, створанай пры Таварыстве беларускае мовы. Ейныя высновы таксама былі надрукаваныя, але юрыдычнага працягу ня мелі.
Дарэчы, ачольваў тую камісію вядомы мовазнаўца прафэсар Генадзь Цыхун, якога, як і іншых знаных лінгвістаў, да далейшае працы, ужо на акадэмічным узроўні не запрасілі. Спадар Падлужны кажа, што ў гэтым не было неабходнасьці, бо іхныя прапановы ўлічаныя рабочаю групаю навукоўцаў, якую ён ачольвае. На пытаньне, наколькі поўна ўлічаныя прапановы папярэдніх камісіяў, спадар Падлужны адказаў:
(Падлужны: ) “Ну, яны так улічаныя, калі яны падыходзяць і не разбураюць правапіс, тады яны ўлічаныя, а калі не, дык не…”
Праект зьменаў правілаў беларускае артаграфіі й пунктуацыі камісія Падлужнага накіравала ў Міністэрствы адукацыі і інфармацыі. Адтуль прапановы мовазнаўцаў з заўвагамі чыноўнікаў будуць накіраваныя на зацьверджаньне ва ўрад.
Паралельна ў Інстытуце мовазнаўства ідзе падрыхтоўка новага выданьня слоўніка беларускае мовы, у які ўносяцца прапанаваныя зьмены.